* * *
«Лепта ўдавіцы».
Успомніў яе, гледзячы па тэлевізары вечар Гамзатава. Увесь збор ад вечара — у «фонд міру». І тут жа старшыня гэтага фонду, шахматыст Карпаў, выдае яму за гэта ўзнагароду...
Так было і ў нас, з дваіма ахвярадаўцамі.
Калі ў наш лагер ваеннапалонных прыгналі першых югаславян, загналі іх у загарадку для «штрафкампані», мы, лагерныя ветэраны, стаім каля тых дратоў, перагаворваемся з новымі, а хто дык і крошку хлеба ім падасць. Вельмі мала, бо не было яго і самому сабе.
І тут праз наш натоўп пачаў праціскацца француз, адзін з тых «арыстакратаў», што трымаліся на багатых пасылках з дому. Пагарда і нецярплівасць — такое было ў яго словах, позірках, жэстах: мы перашкаджалі яму як найхутчэй зрабіць высакародную справу. Ён нёс у кацялку гарачы напітак, не што-небудзь, а шакалад! Ён урачыста, высакамерна падаў свой кацялок цераз дрот і штосьці — па тону можна было меркаваць — адпаведнае моманту прамовіў. Не памятаю якой-небудзь звышасаблівай радасці таго шэрага, змардаванага югаслава, у чые першыя рукі трапіў той кацялок,— больш помніцца французава важнасць...
* * *
У вясковай школе, у сталовай пасля выступлення.
А мне мама, а мне мама
целоваться не велит...
Крышку захмялеўшы, яна, пажылая настаўніца, пачала застольны спеў з гэтай, дваццацігадовай даўнасці, студэнцкай песні. І на сустрэчы, калі яна сядзела ў першым радзе, і калі фатаграфаваліся, галава яе прыкметна траслася і вочы чырвона слязіліся. Цяпер шырокі рот раскрываўся сутаргава і, дурань сказаў бы, смешна.
Потым малады дырэктар школы расказаў, што жывецца гэтай жанчыне пры п'яніцы-мужу, фельчару, вельмі нялёгка. І цяпер ужо гэты спеў яе мне чуецца, а сама яна бачыцца — праз той дырэктараў расказ.
* * *
Увечары ўчора ўспомніў рэдагаванне ў «Советском писателе» маёй кнігі «Мир далекий и близкий». Прадстаўнік галоўнай рэдакцыі, ціхі яўрэйскі паэт Б.:
— Эту мысль мы с вами давайте повернем так... (З жаданнем дапамагчы, відаць, шчырым, бо потым кнігу сваю прыслаў.)
— Ну, мысли вы будете поворачивать свои,— адказаў я яму,— или идет, как есть, или снимайте...
* * *
Зноў «истасканный, истерический хлюпик...» [ 54 54 Ленін пра Талстога.
]. Як гэта несправядліва пра таго, хто столькі і так працаваў, і разумова, і фізічна, жыў здаровым вясковым, сямейным жыццём! Трэба сказаць, сцвердзіць сваё — кажы, сцвярджай, але навошта ж бэштаць другога?.. А нас гэта, сказанае «в пылу полемики», абавязвае амаль па-рэлігійнаму, з той розніцай, што паспрабуй аспрэчыць — і кара падзе адразу ж, тут жа, не чакаючы страшнага суда і пекла.
* * *
За нашу мову не пралівалася кроў — ні свая, ні чужая, аднак яна жыве. Што гэта значыць?..
Падумалася так, калі ў Яна Адамскага чытаў пра вайну палякаў з туркамі, рускімі, немцамі... Падумаў пра тых жа рускіх, што мову сваю таксама і абаранялі, а ў свабодзе, у панаванні і трымалі цаною вялікай крыві, сваёй і чужой.
* * *
Вісарыён Гарбук скардзіцца ў пісьме: «Чым больш думаю, тым менш пішу». Блізка гэта і мне.
* * *
Учора, зусім пад вечар,— нашэсце «начальства», мясцовага і сталічнага, з жонкамі, са старшынямі суседніх калгасаў, «Адпачывалі» недзе пад Нёманам, згадалі і заехалі. Імправізаванае застолле пад дождж за акном. Мясцовая... хацеў сказаць: моладзь, ды ўспомніў, што ім ужо тым часам добра за сорак. Яны ўжо вывучалі мяне ў школе, пра што гаварыла ладная, вясёлая зямлячка. Трохі ў іх «упоения властью», што, як шыла з мяшка, вытыркае з іншага «упоения», аднак і добрае ёсць.
Чатыры шафёры сядзелі тым часам у машынах пад ліпамі. Гэтыя хлопцы таксама з новага пакалення заходнікаў і многа бачаць з народнага нізу.
Адзін з гасцей пачаў лірычнае: «Гадоў праз дзесяць ніхто і не ўспомніць пра яе...» І схамянуўся, сціх. І думай, ці ён гэта ўхваляе, ці шкадуе, што яе, нашай мовы, ужо не будзе?..
Ішоў я нядаўна ў вёску па малако і, успамінаючы гэта, думаў, што я так нічога іншага і не прыдумаю для сябе, як жыць з чыстым сумленнем сына свайго народа, як старацца добра пісаць на роднай мове [ 55 55 Запісана на дачы, у Карэліцкім раёне.
].
* * *
У перакладах Астроўскага — з апавядання ў апавяданне — уся мая лаянка перакладаецца адным «будь она (он, оно, они) неладна!..» Цяпер, калі ўсё сабрана ў адно, прыкра бачыцца, а правіць у карэктуры двухтомніка не даюць. Заэнтээраць таварышы літаратуру!..
* * *
У аўтобусе п'янаваты равеснік расказвае, як іхні старшыня калгаса — малады (у параўнанні з намі), перадавы і растаўсцелы — ударыў нядаўна калгасніка.
Читать дальше