На скверыку — помнік вызваліцелям, вялікi i стандартны абеліск. На дошцы прозвішчы салдат i афіцэраў, якіх ваенны лёс зрабіў героямі ў гэтых мясцінах. Наводшыбе, у зялёным, зацішным куточку сквера — магіла з чорнай пірамідкай. Надпіс: «Андрэю ад А. Кудрынскага». У каго ні пытаўся, хто яны, гэтыя людзі, адказ адзін: «Не ведаю. Кажуць, што нейкі палкоўнік...» Сумна.
Пахнуць па-хатняму грады, сакочуць конікі, стаіць вялікі жнівеньскі месяц, яшчэ не яркі, бо ранні вечар. Бабуля, калі я пацікавіўся, што за кветкі ў яе гародчыку:
— Не ведаю, ірву, палю, сынок, а яны ўсё растуць. А гэта мак.
I дала мне чырвоную кветку з белаю аблямоўкай на кожным пялёстку.
У чайной літоўскае піва i смачная каўбаса, і нудны, ветлівы сусед,. няголены здаравіла, які паволі, шчодра расказвае, як у маленстве маці апаіла яго макам, i вось ён цяпер не можа працаваць на адным месцы больш за тыдзень...
Ноччу сядзеў на ганку гасцініцы, слухаў i думаў, што да ўсёй гэтай ідыліі — з прыродным росквітам i маладымi песнямі ды смехам — не хапае сардэчнай, ціхай гітары. I чаму яна «выйшла з моды»?..
Па дарозе на Браслаў — куток свянцянскай Літвы, З кабіны грузавіка, праз нізкія вербы, відаць прымятае дажджамi жыта, бярозавыя, неакораныя жэрдачкі агароджы, жураўлі без вёдзер, мнагавата абдрыпаных хат. А то — ліпы, белыя вокны, за хатамі будынкі ў шнур, з шырознымі, ледзь не да самай зямлі, стрэхамі. Назвы населеных пунктаў: Калянкішкі, Гадуцішкі, Каляндрышкі, а паміж імі раптам — прастадушна нашы, беларускія Пузыры.
У кузаве ў нас чарапіца. Дзве пярэднія машыны, з такім жа грузам, адарваліся далёка наперад. Негаваркі, дабрадушны шафёр даволі часта спыняўся, каб падняць на дарозе згубленую тымі чарапічыну. Цярпліва і спакойна. Гаспадар!..
Браслаў, калі пад'язджаеш з захаду, адкрываецца вельмі маляўніча. Над возерам сосны, дахі, замкавая тара, каля яе касцёл, царква. Гарадок чысты, з прахалоднай, утульнай гасцініцай, з аброслай плюшчам i мальвамі чайной, з трыма азёрамі, якія ўсе відаць навокал гарадка з высокай замкавай гары.
Над замчышчам, над касцёлам i царквой узвышаецца помнік «добраму доктару». Пры панах гэты доктар, ужо тым часам амаль легендарны, бясплатна, як кажуць, лячыў беднату, пабудаваў за свой кошт бальніцу, а мог таксама, лайдак, даць дзядзьку некалькі злотых, каб з'ехаць верхам на ім з гары... Помнік пастаўлены па яго запавету, з громаадводам, з горбай жалеза пад зямлёй, якое, калі ўдарыць гром, толькі «ляскоча над горадам...»
У рэдакцыі хлопцы далі пачытаць «Гісторыю Браслаўскага павета», аўтар якое i выдавец, польскі настаўнік, энтузіяст-краязнаўца, засакрэціўся ініцыяламі О. Н. Кніга даволі тоўстая, a фактаў яркіх ня шмат. Усё прыблізна такое: У Biдзах калісьці паны бралі з яўрэяў, апроч іншага падатку, яшчэ і па два кілаграмы перцу i «вельмі пацяшаліся з гэтага тавару і яго пастаўшчыкоў». У тых жа Відзах гасцяваў калісьці, у свайго дзядзькі, Адам Міцкевіч, студэнт. Мясцовыя «маскалі», барадатыя стараверы, што аж сюды паўцякалі ад царска-царкоўнага прыгнёту, у 1863 годзе вельмі старанна дапамагалі цару распраўляцца з паўстанцамі... А вось яшчэ адна даволі пацешная дробязь. У браслаўскага калгасніка Сцяпана Рыжага, які — пра што я перад гэтым прачытаў у paйгазеце — атрымаў днямі званне «лепшага пастуха» раёна, калісьці, ажно ў шаснаццатым стагоддзі, быў продак — браслаўскі войт Грэгар Рыжы...
На лузе над возерам садзіцца паштовы самалёт. Увечары стукае недзе маторка. Потым — ноч. Месячная дарожка, на якую так добра глядзець з гары, пад ціхую гутарку з добрымі хлопцамі.
І нечым не нашым, а старасвецкім, цвілым патыхае ад слоў, што адзін мясцовы дзеяч, калі ў лазні не хапіла дроў, загадаў спусціць на вуліцы дзве ліпы... У тую кнігу яго — да войта Рыжага, калі той настаўнік-аўтар узяў бы!..
На выпускных экзаменах у вясковай дзесяцігодцы.
Дзяўчынка слаўна адказвае пра сусветнае значэнне Горкага, пра вобраз Пячорына, пра «Падарожжа» Радзішчава... Стомлены, хвараблівы выгляд, у цяжкіх ботах, цяжка ўздыхае, прыглушвае кашаль. Вялікія цёмныя вочы. Прыгожая. І ўсё збіваецца з рускай на родную мову: «імкненне», «творчасць», «далонь»...
Дзе ты была у вайну, толькі чатыры маі таму назад,— у беднай, цудам не спаленай хаце ці ў партызанскай зямлянцы?..
Няхай жа ўсё будзе добра!.. Пасля ўсяго, што было.
Хлопец. Бывалыя салдацкія чаравікі, старанна наваксаваныя, лінялая гімнасцёрка i нехлямяжы, больш на куртку падобны, пінжак. Усё, здаецца, бацькава ці старэйшага брата. Хвалюецца, крэсліць наском чаравіка па падлозе.
Читать дальше