Як гэта нізка, i як для кагосьці звычайна — якою звычайнасцю!.. I як балюча будзе для родных тых людзей, хто загіне іменна ў гэтыя дні — дні неймавернай подласці!..
1973
Шахцёрскі дом адпачынку, дзе мы сёння начавалі, стаіць на ўзбоччы зялёнай гары.
Доўгачаканы дождж пакрапіў, відаць, толькі на досвітку. Бледнае сонца — за павалокай, бо ад дажджу, што не праліўся як след, неба зацягнута светла-журботнай воблачнасцю.
Птушкі гоманам робяць вясну.
Новая зеляніна дрэў, у якіх бярозку бачу — як родную на чужыне.
Слухаючы вясну, якое ў нас, у Мінску, пазаўчора яшчэ не было, гледзячы на яе, дыхаючы ёю, успамінаю тых сяброў, што калісьці прынеслі сюды вызваленне, тут закончылі цяжкі, крывавы паход. А пра таго з маладзейшых, што часта бывае тут i нямала зрабіў для дружбы нашых літаратур, згадваю з намерам — дома спытацца, як ён пачаў любіць Балгарыю. Нават запісваю гэта наіўнае «спытацца ў Ніла».
Унізе, пад нашай гарою, на вялікай паляне, ад мяне завешанай сеткаю лістоты, чуваць — спяваюць дзеці. Пад акардыён.
Незнаёмы балгарскі калега, з якім мы прывіталіся на сцежцы, сказаў, што там рэпетыцыя «фальклорнага свята», якое хутка пачнецца.
* * *
Зноў, па-ўчарашняму, сонечны дзень. I свята, якім i я любуюся ў натоўпе гледачоў, што прыязна далі нам месца на першых лаўках. Нам — гэта групе балгарскіх i савецкіх пісьменнікаў, што прыехалі сюды з Сафіі на адкрыццё тыдня дзіцячай літаратуры, які пачаўся ўчора ў прамысловым горадзе з гастранамічнай назвай Пернік.
Мы — на вялізнай паляне, навокал якое зялёныя горы, на ўзбоччах якіх пладовыя дрэвы ў белым цвеце i чырвоныя дахі пасёлка Рударцы.
Дзіцячыя песні i танцы.
Колеры шопскай [ 1 1 Шопы — этнаграфічная група балгараў, якая жыве ў заход¬няй частцы БНР.
] нацыянальнай вопраткі. «Сіняе i зялёнае — мртвае i сцюдзёнае»,— так лічыць народ, i таму ён дадаў сюды белага, чорнага, чырвонага i залатога».
Гэта тлумачыць мне сусед злева, стары літаратар, былы мясцовы шахцёр.
Тое, што жывіць нацыю. Песня — малітва пра дождж. Другая песня, трэцяя... Танцы. Энергія трапятання. Здаецца, трошкі загорача, зааднастайна. «Зямля, трымайся, шоп цябе топча!..» Сусед мой смяецца i расказвае, як у Лондане здзіўляліся, калі там выступаў балгарскі ансамбль: адкуль столькі страсці? I англічанам адказалі, што ад перцу.
Пайшлі «кукеры» — старадаўнія, яшчэ паганскія маскі, пацешна спачвараныя галовы звяроў i птушак, мноства шэра-калматых аўчын i раскошнага пер'я. Гром бляшаных, глухіх званкоў i званоў, якімі горда абвешаны хлапчукі. «Захавалася гэта толькі тут, у Пернішскай акрузе»,— таксама з гордасцю паведамляе мне сусед.
Ідуць «магарэта», шэрыя, мілыя вослікі. Яшчэ на ранішняй праходцы бачыў я, як ix прывезлі ў вялізным крытым грузавіку, як яны з асцярожнасцю i адчуваннем уласнай годнасці спускаліся, дробненька тупацелі па шырокіх дошках на траву. Потым доўга, цярпліва чакалі свае чаргі, a цяпер абыякава, а то i ўпарта цягнуць казачна размаляваныя вазы. «Так i вяселле вясковае едзе»,— смяецца сусед. А цяпер на вазах поўна стомленай, радаснай малечы.
Пасля спаборніцтва розных сёлаў, розных школ пачынаецца ўсеагульны заключны танец. Калі яны, малыя i большыя дзеці, наблізіліся ў танцы да нашых лавак, як з тэлеэкрана выйшлі на жывую зеляніну травы, да самай вяроўкі, нацягнутай перад натоўпам гледачоў, на самыя нашы вочы — стала зусім ужо добра відно, якія яны вясёлыя, прыгожыя, нястомныя і, так i хочацца сказаць, якія самі свае ў сваёй народнай радасці.
Найменшыя хлопчыкі i дзяўчаткі скачуць так дробненька, так быстранька, як ягняты ды казляняты, якіх яны дома пасуць.
Добра так — ведаць, што гэта блізкае, прыязнае i адначасна незнаёмае, што адкрываецца ў такім жывым, шматфарбным ды шматгалосым святкаванні.
Пасля, калі ўжо свята разышлося ды раз'ехалася па ўсіх дарогах i сцежках, у нас была там трапеза на траве: авечае кіслае малако ў гаршчочках, густое i халоднае, i слаёны пірог, баніца.
Зрэшты, свята не поўнасцю разышлося. Вытаптаўшы нізкую паляну мяккімі хадакамі, дзеці як быццам знарок пакінулі невялічкую групу сваіх прадстаўнікоў, якія вунь яшчэ ўсё карагодзяць. Старэйшыя дзеці ў нацыянальных уборах i маладзічкі ці дзяўчаты, ix піянерскія кіраўніцы, апранутыя па моднай сучаснасці. «Хоро», карагод,— ужо не па святочнаму плану, а для ўласнага задавальнення. Пад народную музыку, нескладаны, нібы аднастайны рытм якое пойдзе за мною надоўга.
Читать дальше