Чаму ж яно жыве ў нас — жаданне пагаварыць з тымі, каго ўжо няма і не будзе, расказаць ім, як мы любілі іх, як гаварылі пра іх пасля з роднымі і сябрамі, як нас усіх яшчэ больш зблізіла гэтая страта?..
Сваёй чаргою і мы ўжо, услед за старэйшымі, набліжаемся да рубяжа. Успамінаю пахаванне брата, найбліжэйшага мне з чатырох, зноў бачу тое прадвясенняе золкае разводдзе, калі адзін наш сябар, самотны ў машыне, за рулём, дабіраўся праз ноч і ранне сваіх чатырохсот кіламетраў, калі другі ўсе клопаты ўзяў на сябе, каб быць у горы зусім побач, калі трэці не змог ад плачу гаварыць над труной... Восем гадоў прайшло, ужо і ў памяці сёе-тое блытаецца, скажам, рэальнасць і паслядоўнасць фактаў, а пачуцці — застаюцца такімі ж...
Вось мне якраз і расказаць бы пра гэта самому брату, а яго — няма. І гаварыць з ім можна цяпер, калі не пад чаркай ды не верачы, як наш старэнькі дзядзька, у «той свет», толькі з думкай пра несмяротнасць нашых блізкіх у нас саміх, у нашых думках, у нашай памяці.
А гаварыць з імі парой так хочацца! Бо іх ужо так шмат на тым баку.
* * *
Такая простая алгебра:
Сябры нашых сяброў — нашы сябры. А ворагі нашых сяброў? У кожным выпадку — не сябры. І так балюча бывае, калі сябры пра гэта не памятаюць.
* * *
Сястры ці брату не скажаш, што каб ведаў, дык узяў бы лепшую ці лепшага. А жонцы ці мужу можна такое сказаць.
І тады вось якраз і дыхне халоднай чужасцю, стане цёмна, балюча... Ды так балюча, як бывае мужу ці жонцы, хоць ёсць і тое, што павінна было б назаўсёды радніць — іхнія дзеці.
* * *
Час бяжыць, бяжыць, а потым я спынюся, а ён пабяжыць далей...
А я ўсё збіраюся азірнуцца, каб убачыць, нарэшце, найлепш, што я павінен зрабіць, каб належна наладзіць тое, што я павінен пакінуць, аддаць, адыходзячы.
* * *
«Колькі таго жыцця!..»
Часовасць гэтую разумеюць па-свойму і мудрасць і дурнота. Адна стараецца насыціць яе, часовасць, мудрым зместам, а другая — схапіць хоць што.
* * *
«Так вось мы і марнуем самі сябе», — сказаў ён. Але з усмешкай. Відаць, не вельмі ўсведамляючы тое, што ён і сапраўды марнуецца, растрачваецца на пустое. Жыццё яшчэ ўсё не бачыцца яму дадзеным адзін толькі раз. Жыве — як на вакзале: «Абы той час прайшоў хутчэй». А да якога ж цягніка?..
* * *
Падумаў: «А ўсё-такі старэю...» І пастарэў яшчэ на некалькі хвілін.
Ну, дык ці варта ж думаць пра гэта?
* * *
Каб толькі жыць як найдаўжэй, дык гэта вельмі цікава было б: як яно ўсё праходзіла — так многа і так доўга!..
Часта яна ў мяне паўтараецца, гэтая думка. Нават не думка, а вясёлае здзіўленне.
1971-1975
Спачатку грэбля ў балоцістым лесе. Зусім нечаканы i пералётны сонечны дождж. Потым лясное возера.
Спыняемся i выходзім з "газіка".
З нізкай хмарай вялікая роўнядзь вады цёпла павязана леным, рэдкім церушэннем. Сітнёг. Лазняк. Шчэбет птушак i зумканне камароў.
Гром пракаціўся па небе. Як заўсёды, з нейкім трывожным, палахліва-радасным абяцаннем чагосьці лепшага. Знаёмая, з маленства любімая музыка.
Няўжо тут было таксама i тады, у дні вялікай фашысцкай блакады?
Такая краса — i забойства дзяцей?..
* * *
Старая студня з выпетраным жураўлём. Адна на зялёным прасторы. Не менш сіратлівая груша. Сівы палын на котлішчах.
І яшчэ адзін помнік: Дзвесце семдзесят чалавек. У студзені сорак трэцяга года.
Бярозавы хмызняк на месцы хаты, у якой палілі вёску.
Цяпер тут калгасны выпас, цялятнік з двума грамаадводамі i хатка.
Дзеда-вартаўніка, былога партызана, у якога тут забілі жонку i двое дзяцей, засталі мы на выпражаным возе. Спаў на сонцы, а каля кола стаяла пустая бутэлька з імпартнай этыкеткай. Зайшлі з ім у хату, паставілі на стале магнітафон. Але сабака, які дагэтуль брахаў на нас з-пад падрубы, цяпер уядаўся пад звонкай падлогай... Прыйшлося пайсці ў машыну, нават ад'ехацца далей ад брэху.
Дзед у той дзень прыбег з лесу пасля. Работа была "чыстая": усе пабіты, усе пагарэлі.
А навокал пажарышча ляжалі акрываўленыя вілы. Адзінаццаць штук. Віламі трупы, а каго i жывога яшчэ, падкідалі ў агонь...
Едзем.
Дзе было поле — цяпер вялізная паляна цімафееўкі. Жывому трэба жыць. І клопат адчуваецца: парнасць, зноў будзе непатрэбны дождж.
Вялікія лужыны на сонечнай дарозе. Адна за адной. І вясёлая плісачка. Садзіцца каля вады, зноў уцякае ад машыны, зноў садзіцца... Як дзіцячая гульня.
* * *
Зялёны востраў у няспелым жытнім моры. Бярозы.
З дарогі туды, у жыце, дарожка. Густая, нетаптаная трава. Абапал дэкаратыўныя кусты. То васілёк, то маладзенькі колас у траве.
Читать дальше