* * *
Святло ідзе заўсёды зверху. А вось праз хмары раптам выглянула сонца, і святло заззяла знізу, адбіўшыся ад зямлі, засланай першым снегам.
Усмешка нечаканасці.
* * *
На паўднёвым схіле гары за нашай вёскай былі калісьці ляскі, якія потым чамусьці высеклі, і паміж шэрых, высмажаных маразамі, слатою і сонцам пянькоў буяла трава з духмянасцю кветак і звонам пчол, чмялёў і рознай заедзі ды машкары.
З тых дзён мне з асаблівай выразнасцю помняцца маленькія блакітныя матылі, якіх мы лавілі сачкамі. Для школьнай калекцыі. А яшчэ больш — для радасці. Як аказалася — на ўсё жыццё.
* * *
Любуюся раллёй.
Люблю яе, асабліва як свежая. Ці веснавая, ці вераснёвая, як цяпер, калі мы бачым яе праз вокны аўтобуса.
Калі ж яна ў адным месцы — старанна, хораша заараная — лагодна спадала ў міжлессі з узгорка ў даліну — захацелася нават пагладзіць яе.
I падумаў адразу, што гэта добра было б зрабіць мазолістай рукой.
1971-1975
* * *
Вялікі пісьменнік пакінуў нам радасць сужыцця ca светам яго твораў.
Колькі ж ад гэтай радасці, ад гэтай несмяротнасці прыйшлося на долю яго самога, пакуль ён сам адчуваў, што жыве?
* * *
Складаю зборнік апавяданняў Міколы Лупсякова, выбіраю ў яго спадчыне найлепшае, вось ужо некалькі дзён думаю пра кароткае ўступнае слова.
Рабіць штосьці добрае таму, хто ўжо ніколі табе не падзякуе,— гэта i сумна i радасна неяк па-асабліваму.
* * *
Праз цяжкасці жыцця з Талстым можна ісці, будучы i моцным i, часамі, слабым. Ёсць да каго прыхінуцца.
З Дастаеўскім можна ісці праз трагедыі — будучы толькі моцным.
* * *
Пасля спектакля паводле «Раскіданага гнязда» позна ноччу перачытваў гэтую драму.
Думалася пра Купалу, што пачынаў вясковым самавукам,— як ён пакутліва шукаў i знаходзіў сваё сапраўднае ў гушчы жыцця, у складанасці свайго часу...
Няма такога ў нашым літаратуразнаўстве — жывы Купала ў яго станаўленні, іменна ў яго часе i асяроддзі, а не Купала... ледзь не з маленства класік, які нават ужо i свайго «Мужыка» піша адразу ў званні акадэміка. Меншае ці большае, свядомае ці несвядомае накладванне чацвярга i пятніцы на сераду i аўторак, няўменне аддзяліць Купалу сённяшняга ад таго Купалы, які дзень за днём, год за годам, праз рэвалюцыю, рэакцыю, сусветную вайну, зноў рэвалюцыю, праз радасці i нягоды небывалага станаўлення, зноў праз сусветную вайну вяршыў свой непаўторны подзвіг.
У гэтым няўменні, нежаданні, баязлівасці — слабасць нашага літаратуразнаўства, прычына таго ганебнага факта, што ў нас дагэтуль няма яшчэ кнігі пра Купалу, вартай выдання ў серыі «Жизнь замечательных людей»...
Такую кнігу марыў i збіраўся напісаць паэт Таўлай. A яго ўжо няма тым часам дваццаць шэсць гадоў...
* * *
Чароўная музыка слова.
Колькі разоў на Поўдні, чуючы ў больш ці менш жывым тлумачэнні экскурсаводак звычайнае, батанічнае: «ліванскі кедр» — успамінаеш біблейскае. Такое недасяжна паэтычнае, хвалюючае ў дні вясковай хлапечай самотнасці: «Кедры ліванскія...»
* * *
Старая здзіўляецца:
— Што ты мне ў руку цалуеш, як пані якой?
А ён, тым часам ужо таксама немалады, ваенны сябар яе сына, што загінуў:
— Даўно, цётка, не бачыліся.
Так проста растлумачваюцца глыбокія пачуцці.
* * *
Пачаў падпісваць адрас у Казахстан i спыніўся — зноў успомніў спякотнае Сямірэчча, наш светлы, людны аўтобус i «Горныя вяршыні» — Гётэ, Лермантава, Абая.
He паўтару не толькі трэціх, Абаевых, слоў, але i музыкі яго — таксама. Аднак адчуваю яе, бачу вясёлага юнака, казахскага паэта, які, з мікрафонам у руцэ, стоячы плячыма да шафёра, спявае, i мужны голас яго, душа яго песні так добра спалучаецца з усім, што навокал, за вокнамі. I высмажаны сонцам стэп, i горныя вяршыні, што так па-новаму пераклікаюцца з тымі, якія натхнялі немца i рускага...
* * *
Пачуў, помніцца, у Балгарыі:
«Дома ён — значны пісьменнік». У сваёй краіне, у сваёй рэспубліцы, калі гаварыць пра нас, савецкіх. I гэта — вельмі нямала, калі паважаць свой народ.
* * *
«Вострасюжэтныя рэчы не варта апрацоўваць у дэталях: спяшаючыся за інтрыгай, чытач на хаду, а то i на бягу — не заўважае гэтага».
Падумаў так, чытаючы модны раман. Чужымі думкамі падумаў.
А потым успомніў, як я чытаў упершыню «Ідыёта»,— у паасобных месцах проста закрываючы далонню ніз старонкі, каб не спяшацца, не бегчы паверсе.
Займальнасць — хто ж яе будзе аспрэчваць?
Аднак,— i галоўнае ў гэтым,— «Ідыёта» мне ўжо тым часам хочацца перачытаць. I буду яго перачытваць, як перачытваў многае, не толькі ў Дастаеўскага. Гэтае шчасце прадчуваецца далёка наперад, i з такім прадчуваннем сапраўдныя кнігі згадваюцца з асаблівай павагай i цеплынёй.
Читать дальше