Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.
— Монька Грыгоры Іванавіч... Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, — скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох... Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле — па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ — на, свішчы! Пан навучыцель! — Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: — Нервенны чалавек.
Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.
Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.
— З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, — смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.
— Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, — спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. — Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.
Калі б той зэдлік можна было, як у цырульні, падкруціць угару, Цімоху было б значна зручней, бо так ён стаіць над хросным крукам.
У хаце яшчэ толькі цётка Агата і я. Цётка недамагае штосьці і таму ляжыць на печы, а я сяджу на лаве, гляджу і слухаю.
Гнучыся над хросным, Цімох то засяроджана наводзіць «польку», то штосьці сам сабе ўсміхаецца. Магчыма, што і ўспамінае...
Не, гэта сам я ўспомніў тую «радаслоўную», якую ён, Цімох, нядаўна прыдумаў. Пачуўшы ад свае Волечкі ці, можа, нарэшце, і прачытаўшы ў самым пачатку «Евангелля», як гэта «Авраам родил Исаака; Исаак родил Иакова; Иаков родил Иуду и братьев его», ён перанёс тое ў Ніжнія Байдуны, пачаўшы з хроснага:
— Рафалак радзіў Ляпножку; Ляпножка радзіў Пучка; Пучок радзіў Мітрошку, а ўжо Мітрошка — Вінцучка.
Ляпножка — гэта той маленькі і адзінокі ўдавец, у сцюдзёнай хатцы якога мы танцавалі сваё «кукурыку»; мянушка пайшла ад таго, што ён, ідучы, смешна згінаў у калене правую нагу і ляпаў лапцем зверху, нібы знарок. Пучок — наш каваль і найлепшы нырэц. Мітрошка — Важнае ліцо. А Вінцучок — той самы, што ў Арэсевай хаце перавярнуў на печы «сані». Усе яны нярослыя, а Рафалак найменшы, — таму з яго і пачынаецца.
Мне за хроснага не крыўдна, а таксама смешна. Смяяцца за вочы бывае і не брыдка, хоць і не хочацца, каб ён пра гэта ведаў. Як тады ў нас з Качкавым Валодзем было, калі мы ўкралі ў хроснага галубку і хіхікалі, прабіраючыся агародамі дахаты, што вечна злосная цётка Агата возьме яго ў дзяругу за плечы і кінецца нас даганяць. Смех, можа, і дурны, але — што ж ты зробіш? — вясёлы.
Нават і цяпер, калі мне ўжо не дзевяць, а шаснаццаць.
Хросны і сам не крыўдзіцца на Цімоха, не думае выгаворваць яму. І, відаць, не таму толькі, што і сам любіць смешнае, але і ў нейкай сувязі з жаданнем лічыцца сапраўдным, паўнацэнным мужчынам. Ён быў не толькі смяшлівы, але і слязлівы, мог заплакаць ад песні, ад чужое крыўды, а пра такія натуры ў вёсцы гавораць: «як баба». Мала што ты калека, дык яшчэ і «баба»... Радзіў? А што ж, калі не «Ісаака ды Іакава», дык Мікалая, Сяргея і Жэніка. Старэйшыя недзе ў школе, Мікалай у мястэчка ўжо ходзіць, Сяргей у сваю, а Жэнік пабег на вуліцу. Хлопцы яшчэ малыя, таму што хросны ажаніўся позна, а потым дзеці паміралі адно за адным, таксама трое, пакуль не нарадзіўся Мікалай.
Сцвярджаючы сваю мужчынскасць, хросны любіць пагаварыць з Цімохам і пра тое, пра што ўжо ён цяпер гаворыць пры мне не вельмі асцерагаючыся.
Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны:
— Як я быў, Цімоша, малады... Ды каб жа людскае што, а то ж калека няшчасны, а вып'еш тыя разы з хлоцамі, дык не толькі, здаецца, што, а сцяну цалаваў бы!..
— А чаго ж, — гудзе Цімох, даволі спрытна і нягучна ляскаючы нажніцамі. — Вось і нацалаваў. Хлопцы здаровыя, як бурвэлкі, як самому сабе робленыя. Вам бы яшчэ...
Читать дальше