— А што далі? — спытаўся я.
— «За адвагу».
Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:
— Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне — толькі шыняле ўгару ляцяць!..
У гэтай сціплай і няпоўнай галерэі маіх вясёлых літаратурных продкаў па мужчынскай лініі асобнае месца займае кравец Рафалак.
Дваюрадны брат майго бацькі, ён быў яшчэ татаў і мамін кум, а мой хросны. З мяне хапіла б і гэтага, другога сваяцтва, тым больш што хросная мая засталася ў Адэсе, дзе я нарадзіўся, дзе тады быў у бежанстве і хросны. А бабкі-павітухі я наогул не меў, бо мяне не бабіла, а прымала, як гаварыла маці, дзяжурная акушэрка.
Бабкі, хросныя, кумы — гэта ў той час было сваяцтвам, няхай не кроўным, а ўсё ж блізкім. Сем'і такія не толькі клікаліся (на вяселлі, радзіны, хаўтуры), але і дружылі, што асабліва падабалася малым.
У Андрэя быў поўны камплект: бабка, хросны і хросная. Бабку Ганулю, Грамуздову маці, празывалі Ліскай, хоць і была яна зусім не хітрая, а толькі ўвішная, весела-гаваркая і добрая. Калі мы вярнуліся з горада, мне было пяць, Андрэю — дзесяць, ужо не малы, аднак Ліска то жменьку сушаных груш прынясе, то трохі гарбузянят, то жывое яблыка зімою, то велікоднае яйка. Андрэю перападала і ад хроснай, але куды радзей, бо яна была ўжо замужам у Хлюпічах. Праўда, і тая Андрэева хросная, і асабліва Ліска, даючы што-небудзь яму, не забываліся і пра малога, пра мяне, ды гэта было зусім не тое, бо я ж тут ішоў на дадатак. І я зайздросціў брату ўдвая, за бабу і за хросную. А ўжо мой хросны, Рафалак, быў куды лепшы, чым Андрэеў — маўклівы і скупаваты дзядзька Яўхім Заяц.
Зрэшты, хросныя бацькі з хрэснікамі не вельмі ўжо так і няньчыліся. Гэта мой замяняў мне і бабку, і хросную. Ён і наогул быў другам нашай сям'і. У бацькі нашага не было ні братоў, ні сясцёр, а хросны рос пры сваім старэйшым браце, чалавеку благім, і таму наш тата і Рафалак з маленства дружылі. Любіла майго хроснага і наша мама, і ўсе мы, сёстры і браты, бо ён быў не толькі сваяк, але ж, — а можа, і перад усім, — харошы чалавек. Да слёз чуллівы, да слёз вясёлы і добры. З нашай сям'ёй ён і пасля татавай заўчаснай смерці дружыў, вядома ж, таксама дапамагаючы ўдаве з сіротамі («Катрынко, сястрыцо мая»), чым толькі мог.
Хросны быў вельмі нярослы і нібы гарбаты, і называлі яго не Рафаіл, а толькі Рафалак, нібы кавалак сапраўднага Рафаіла. Імя ў нашай мясцовасці, можна сказаць, унікальнае, дадзенае папом па святцах, і таму яно гучала хутчэй як мянушка. Ды ён не крыўдзіўся, бо і прывык да гэтага змалку, і сам любіў пасмяяцца, заўважыўшы што-небудзь смешнае ў іншых.
Трэба сказаць таксама, што як там мы ўсе ні любілі ды ні шанавалі яго, ні ад бацькі, ні ад маці, калі яна засталася з намі адна, не было нам ніколі ўшчування за тое, што мы сяды-тады смяяліся з чаго-небудзь пацешнага, якое адбылося з маім хросным.
Да споведзі і прычасця школьнікаў напрадвесні, у вялікі пост, вадзілі з Ніжніх Байдуноў у мястэчка арганізавана. А я, першакласнік, якраз на тым тыдні хварэў. Потым, калі паправіўся, маці не было як павесці мяне ў царкву самой, і яна даручыла гэта хроснаму, які і сам ішоў туды ж, па той жа справе.
І мне запомніўся той першы выхад у вялікі свет.
Як у краўца, у хроснага было ў наваколлі многа знаёмых, у тым ліку і з людзьмі, як ён казаў, духоўнага звання. Хросны і сам пасмейваўся з гэтага, параўноўваючы свае высокія знаёмасці з тым, што казала старая Гіта, хвалячыся сваім Хаімам, краўцом: «Уй, мы старому бацюшку шылі пітрахіль!..» Епітрахіляў бацюшкам ён не шыў, ні старому, ні новаму, тагачаснаму, але ж і дзяк Харкевіч, і царкоўны стараста дзед Бойка, хоць і ў мястэчку былі краўцы, шылі ў хроснага, чым ён не мог, як майстар, не ганарыцца.
Чорны і сухашчавы вусач Харкевіч, суровы з выгляду і громападобны сваім, злёгку хрыпатым, басам, запісваў нас да споведзі па знаёмству, без чаргі, тым больш што хросны выйшаў з чародкі жадаючых трохі наперад і дзяк спачатку кіўнуў яму, а потым і сказаў: «Прошу вас, Рафаил Степанович!» Мяне ён бачыў у хроснага, можа, не раз і не два, але цяпер спытаўся прозвішча, імя, імя па бацьку, а тады, на нейкі доўгі момант, зверху ўпёршыся ў малога злоснымі вачыма, грымнуў:
— Холост?
І ад пытання, і ад голасу я задрыжаў, нібыта злоўлены ў чужым садзе. Ды хросны мой, які таксама ж быў у горадзе, засмяяўся ў адказ дзяку не менш культурна:
— Ах, Радзівон Парфіравіч, да ведзь жа младзенец, яшчэ і сіротка.
Читать дальше