Тады ж, у 1940 годзе, на Астравеччыне былі арганізаваны першыя калгасы — у Варнянах, Гервятах… Батракі з панскіх маёнткаў збераглі жывёлу, збрую, плугі, а потым перадалі ключы ў рукі прадстаўнікоў Савецкай улады. У Гервятах так зрабіў Гурскі. Потым старшынёй калгаса стаў там былы батрак Краўчун. Ужо ў першы год «батрацкія» калгасы моцна сталі на ногі. У Гервятах на працадзень выдавалі па восем кілаграмаў збожжа, дваццаць бульбы, шэсць фуражу. Усе калгаснікі ліквідавалі, як тады казалі, бескароўе, перасяліліся з баракаў у нармальныя дамы. Калгасам вельмі дапамагала МТС, дырэктарам якой быў, памятаецца, Мікалаеў. Мела яна нешта каля пятнаццаці трактароў. Іх першае з’яўленне ўсюды ператваралася ў свята. У Гервятах за трактарам ішла ледзь не ўся вёска.
Адначасова вяліся культурныя пераўтварэнні. Адчыніліся школы. У Гервятах, памятаецца, сямігодка дзейнічала ў былым палацы пані Дамейкавай, і хадзіла туды з чатырыста дзяцей. Цяжка было з настаўнікамі, яшчэ цяжэй з медыкамі. На ўвесь раён мы засталі толькі аднаго фельчара. Але кадры паступова прыбывалі з усходняй Беларусі.
Калі мы перанеслі цэнтр у Астравец? Хоць Варняны знаходзіліся амаль пасярэдзіне раёна, але мы разглядалі іх як часовую сядзібу. Астравец быў намнога бліжэй да чыгункі. Таму мы пачалі там будаўніцтва. З былых панскіх маёнткаў перавезлі зрубы для раённых устаноў. З іх стварылася цэлая новая вуліца, якую назвалі Савецкай. Дзесьці ў жніўні 1940 года канчаткова пераехалі ў Астравец. З дапамогай мінскіх шэфаў дасталі электрадынамку. Невялікую, усяго на пяцьдзесят кілават. Але хапала, каб хоць на пару гадзін даць святло для ўстаноў, упершыню ў гісторыі Астраўца запаліць лямпачкі на вуліцах. Пачалося будаўніцтва новага цаглянага клуба. У старым упершыню ў Астраўцы сталі дэманстравацца кінафільмы. Адным словам, глухая калісьці вёска ажыла.
Пасля той гутаркі я сказаў на развітанне Рыгору Рыгоравічу, што яго, першага, даваеннага сакратара, па Астравеччыне помняць і цяпер. Адзін гервяцкі калгаснік казаў мне калісьці: «За дваццаць год панскай улады стараста гміны ў мяне не быў ні разу, хаця гміна стаяла побач з маёй хатай. А гэты, прыязджаючы здалёку, з Варнян і Астраўца, пабываў тройчы. Зойдзе, зразумела так раскажа, што чуваць на свеце, ажно хочацца жыць».
…А «Чайка» тым часам мінула Маладзечна, Залессе, дзе Агінскі калісьці стварыў свой журботны паланез «Развітанне з радзімай». Мінула Смаргонь, што ўвайшла ў гісторыю хваляваннямі 1905 года, а яшчэ — абаранкамі і «мядзведжай акадэміяй». Краем прыхапіла хвалістую Ашмяшчыну. І імпэтна ўварвалася на Астравеччыну. Раз’езд Скярсціны. Слабодка, адна з трох Слабодак раёна. Тут у 1710 годзе мазырскі падстараста Казімір Беліковіч заснаваў касцёл і кляштар кармялітаў, спаленыя потым сялянамі. Пранюны… Стоп, памяць! На Пранюнах варта крыху спыніцца. Хаця б таму, што яны ўвайшлі ў літаратуру.
У польскага пісьменніка Ігнація Ходзькі, які жыў не так далёка адсюль, у фальварку Дзевятня пад Свірам, ёсць раман «Пустэльнік у Пранюнах», заснаваны на рэальных фактах і дакументах. Калісьці, гаворыцца ў рамане, у Пранюнах, пры Чорным тракце, што, мінаючы Ашмяны, ішоў з Мінска на Вільню, стаяла драўляная капліца, а пры ёй па чарзе жылі тры пустэльнікі. Пакрыўджаныя феадальным грамадствам, яны шукалі забыцця ў вясковай цішы, сярод старых кніг.
Зычны голас правадніцы перанёс мяне з мінулага ў сучаснасць. «Худохай! Худохай!» — абвяшчала яна з яўна эстонскім акцэнтам. І праўда, за акном праплыла старая вежа з чырвонай цэглы — раней нават будзённыя вадакачкі будавалі ў стылі рамантычных замкаў. За ёю паказаліся пакоўныя склады райспажыўсаюза, пагрузачна-разгрузачныя платформы. З аднаго вагона выгружалі трактары, другога — угнаенні ў поліэтыленавых мяшэчках (а раней жа выкідвалі лапатамі — ажно белы пыл пакрываў усе навакольныя дрэвы). З доўгай платформы рабочыя скочвалі бярвенні. Ого, гэта нешта новае. Раён, у якім сорак два працэнты плошчаў занята лясамі, увозіць драўніну! Міжвольна ўспомніўся допіс са станцыі Гудагай, надрукаваны ў 1923 годзе ў польскім часопісе «Земя ойчыста». Нехта В. Скіндэр скардзіўся: «Цяжкія мы цяпер перажываем часы, эканамічнае жыццё проста невыноснае. Цяжка дастаць сельскагаспадарчыя прылады. Але не ўсім цяжка. Каля нас ёсць такія, хто можа жыць добра і нават вельмі добра, але яны жывуць за кошт цэлага краю, усяго народа. Напрыклад, пан Дамейка мае больш дзесяці тысяч гектараў лесу, прадае яго на вываз. На станцыі Гудагай, пры чыгунцы, навалена да некалькі дзесяткаў тысяч сажняў белай і маладой яліны, якую штодзённа вывозяць — цэлымі цягнікамі — дзесьці за граніцу. Наш народ уздыхае і чакае лепшых часоў». У Гудагаі тады, зразумела, вагоны толькі пагружаліся. Бо што было выгружаць? Запалкі, якія потым шчапаліся папалам, а то і на чатыры часткі, завозілі ў крамы балаголы на фурманках. Нават у першыя пасляваенныя гады Астравеччына больш вывозіла, чым завозіла, асабліва лесу.
Читать дальше