За касцёлам, на беразе Лошы, аглядаю ўкрыты шатамі дрэў стары абшаляваны дом. Цяпер тут акуратненькая бальніца на пяцьдзесят ложкаў. Радуюць вока стэнды з выказваннямі рускіх і беларускіх класікаў пра здароўе. А раней тут жылі жорсткія паны Дамейкі, супраць якіх бунтаваліся мясцовыя сяляне на чало са сваім завадатарам Валэйкам. У сваю чаргу Дамейкі купілі ў 1801 годзе Гервяты ад рускага пасла ў Стамбуле Шусэл-Жуфрэ. Да гэтага мястэчка належала віленскаму біскупству. Атрымала яно Гервяты ў 1434 годзе, відаць, ад князя Сігізмунда Кейстутавіча і потым увесь час павялічвала маёнтак — у 1474 годзе за трыццаць пяць коп грошы пражскіх біскуп купіў халопа Лелюша з сынамі Янам і Трабусам, што «сядзелі» пад ракой Лоша («Галоша»), а ў 1480–1491 гадах прыдбаў дванаццаць чалавек «гальчунцаў», якія акрамя паншчыны плацілі дваццаць шырокіх пражскіх грошы, пуд і два сіты льну і давалі коней на паслугі. А яшчэ раней Гервяты былі ў руках літоўскага князя Германта і называліся Германтамі. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў 1271 годзе.
Каля касцёла зноў выходжу на колішнюю рыначную плошчу, упрытык абстаўленую старымі драўлянымі дамамі. Пад канец XVІ стагоддзя тут і «на вуліцах» стаяла трыццаць халуп. У 1912 годзе польскі часопіс «Люд» пісаў, што на плошчы выдзяляліся чатыры шынкі, а ў былой карчме гандляваў таварамі Станіслаў Шэміс, брат мясцовага літоўска-польскага паэта Адама Шэміса, які памёр у невядомасці на віленскім бруку ў 1905 годзе. Цяпер на плошчы ўзвышаецца помнік тым, хто загінуў на гервяцкай зямлі або пайшоў з гэтай зямлі дабіваць фашыстаў і не вярнуўся. Сённяшняе інтэрнацыянальнае брацтва акроплена тут крывёй прадстаўнікоў розных народаў: рускіх лейтэнанта Васіля Вяслова і сяржанта Аляксея Ксенафонтава, літоўцаў Леанардаса Даўгуля і Вацловаса Гродэля, беларуса Івана Шаўракі і паляка Станіслава Бараноўскага. На плошчы выраслі новыя будынкі сталовай, магазіна. Воддаль красуецца абноўленая кантора калгаса… Пара зайсці туды і задаць старшыні пытані, што ўзніклі пры гаворцы з дырэктарам школы.
Андрэй Андрэевіч якраз нервова гаварыў па тэлефоне. Мяркуючы па тону — з раённым начальствам:
— Ды зразумейце ж вы! Сёння раніцай ужо быў мароз! Трэба ратаваць кукурузу, а сілы мала. Няма людзей, кажу, няма транспарту. Трэба і лён абмалачваць, і развозіць яго на сцелішчы. Усё ўпіраецца ў транспарт. Тры машыны стаяць без рысор. Не, рысоры ў «Сельгастэхніцы» ёсць, але кажуць, што мы ўжо свой ліміт выбралі. Падкіньце пару машын з аўтабазы… Ах, нават так… Тады буду вымушаны пісаць афіцыйна!
— Паехаў Дзмітрый Канстанцінавіч — і нельга вырашыць нават простае пытанне, — Андрэй Андрэевіч раз-пораз глыбока і цяжка ўздыхае. — Ніхто не хоча браць на сябе адказнасці.
— Што, не хапае рабочай сілы?
— Пазарэз не хватае!
— А пасля дзесятага класа хто-небудзь да вас прыйшоў?
— Не ведаю. Была тут у мяне адна на прымеце, Вольга Гражуль. Правы трактарыста мае, летам памочнікам камбайнера працавала. Абяцаў ёй першы новы трактар.
— Адна — з трыццаці двух сёлетніх выпускнікоў? Сапраўды выходзіць, як у тым вершы Бураўкіна: «Уцякаюць хлопцы ў гарады, ад зямлі бацькоўскай уцякаюць, іх плугі і косы не цікавяць, надакучыў жніўня пыл руды…»
— Прычым тут плугі і косы… У нас усё цяпер механізавана. Збожжа і сеюць, і жнуць машыны, закладваюць сянаж — таксама. Значыць, менш калгаснікаў трэба. Вось толькі ўборка бульбы, лён. Вымушаны школьнікаў браць, студэнтаў запрашаць…
— Але ўсё ж уцякаюць ці не? Можа, плаціце мала? — прыкінуўся я недасведчаным.
— І заработкі ні пры чым. Даярка Гэнуэфа Бублевіч зарабіла ў нас за год дзве тысячы восемсот рублёў, механізатары Іван Стэх і Антон Койра — па тры тысячы шэсцьсот рублёў. А з хаты ж яшчэ нехта ходзіць. На яду гэтыя грошы траціць не трэба, бо і мяса, і малако, і бульба — усё сваё. Хіба што на хлеб і цукар.
— Куды ж ідуць такія грошы?
— Купляюць тэлевізары, халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Пачалі купляць аўтамашыны, але пераважна сваім дзецям — у Вільнюс. І ўсё роўна грошы застаюцца, ляжаць.
— Дзе? У ашчаднай касе?
— Напалавіну. Часта па звычцы дома, у старой панчосе. Потым то згінуць, то згараць, то злодзей украдзе. Вунь у Лаўрыновіча быў пажар, дык тысячы абгарэлі. Чаму не кладуць у касу? Часам па спрадвечнай сялянскай недаверлівасці. Часам не хочуць важданіны. Бо ў пагоні за планам накапленняў работнікі кас любяць чыніць штучныя перашкоды, калі хто захоча ўзяць уклад назад.
Читать дальше