Нядаўна, вяртаючыся з працы, я раптам заўважыў за некалькі крокаў ад сябе, ля кантэйнера са смеццем нейкі дзіўны вэрхал сярод чарады галубоў. Але вось галубы порстка ўзляцелі, і ля скрыні застаўся вялікі руды кот з бездапаможным птушыным целам у зубах. Зладзеявата пазіраючы на нечаканую перашкоду ў асобе не на жарт раззлаванага мяне, ён з яшчэ большаю жарсцю ўпіўся зубамі ў цела ахвяры, стрымгалоў памчаўся за рог дома. Я кінуўся следам, і, дзіва, кот, не даўшы розуму, што рабіць са здабычай, бо яму наперарэз акурат кінулася з нядвухсэнсоўным намерам адабраць голуба плойма іншых катоў, выпусціў яе з пашчы. А бедны палоннік, што неяк надта ж хутка апрытомнеў, успырхнуў у паветра, паляцеў сабе далей ад небяспечнага месца.
Не ведаю, наколькі любоў да птушак характарызуе ступень нашай чалавечнасці, але што птушак любяць многія – факт. Ды нават калі гэткі факт і мала выяўляе душэўную сутнасць той ці іншай асобы – усё адно ён усцешвае.
«Ну, сказаў жа я вам: няма сёння семак у мяне, няма!» – з роспаччу ў голасе – ці то ад таго, што насамрэч іх, тых семак, няма, ці то ад таго, што немагчыма пераканаць у гэтым сваіх нямых пярэстых, шызых ды белых суразмоўцаў – даводзіў нецвярозы дзядзька, сталы наведнік кропкі прыёму шклотары з добраму дзясятку галубоў, што, звыклыя, відаць, да пачастунку, так і ляпіліся да ягоных брудных рук, садзіліся на плечы, лапочучы крыллем у чаканні семак, адно ў вочы не зазіралі. Ужо і чалавечага, здаецца, у чалавеку – кот наплакаў, а вось жа...
Можа, таму, што птушкі – усё ж болей нябесныя, чым зямныя, істоты, нас яны гэтак прывабліваюць? Ці не таму кожнае іх з’яўленне побач з намі гэтак надоўга застаецца ў нашай абцяжаранай штодзённымі турботамі памяці, што кожнага разу падсвядома чакаем ад іх, маючы за прыклад галубоў Марыі, нейкай добрай весткі?
Памятаю буслоў у калысцы сваёй, Міжрэччы. Таго небараку, што выходжвалі ўсёю вясковаю грамадой пасля таго, як выкуліўся падчас буры з гнязда ды і застаўся пры людзях да восені, пакуль не нахапіліся прымаразкі. І таго, што так і не здолеў наладзіць новае сужэнства пасля гібелі сяброўкі і з дакладнасцю гадзінніка штогод адбіваў на пачатку вясны ў асірацелым, змізарнелым гняздзе сумныя памінальныя акорды.
Ці гэтага вось, што трапіўся на вочы на старадрэвіне ў глухім закутку воддаль ад чалавечага жытла. Ён – на дрэве пасярод кустоўя, паблізу, на слупе лініі электраперадач — тры галавы па-над гняздом — дзеткі, значыць. Голас падаў, мяне ўбачыўшы, і як не было тых галоваў, так спрытна зніклі з поля зроку, рупным бацькам ці то маткаю пра прысутнасць чужога папярэджаныя.
А яшчэ дзіва – калі птушка раптам неўспадзеў у жытло ўляціць. І без розніцы, будзе то прынаджаны цяплом зляцелы ў прочкі суседскі ара, ці затлумленая пагоняю за жамярынай ластаўка, ці заваблены няведама чым малады верабей. Прачнешся ўранні ад незразумелага гуку, хіснешся спрасоння на балкон, а там яна, дурніца, трапечацца, б’ецца аб шкло, волю нанова здабыць імкнучыся. Возьмеш у жменю ды і выпусціш у звыклую стыхію неба да радасці дзіцяці ў вакне дома насупраць. І так неўспадзеў, так выразна адчуеш у тую хвіліну, які вялікі Божы свет, і якія мы у ім усе, што людзі, што іншыя істоты, – малыя.
* * *
Бывае, пасля доўгага перыяду творчай зануранасці ў людзі выйдзеш і не ведаеш, як сябе паводзіць. Язык – абледзянелым глыжом у роце, сківіцы — як спалярушаныя, хоць абцугамі іх раздымай. Мітусня наўкола, беганіна, а табе не тое што акунуцца ў іх, а нават уцяміць, што тут да чаго, – рэч непасільная. Адвык за час самотніцтва ад да сябе падобных! На апісанне падобнага натыкнуўся ў расповедзе пра племя тарахумара, што ў мексіканскай пустэльні Сьера-Мадрэ-дэ-Ч’япас жыве. Людзі туляцца там у пячорах на такой адлегласці адзін ад аднаго, што тыднямі, месяцамі нікога не бачаць. А спаткаўшыся неўспадзеў з каторым з суседзяў, гэтак бянтэжацца, што не ведаюць, як распачаць размову. Здараецца, што, не даўшы рады адэкватна сябе паводзіць падчас сустрэчы, пачынаюць гаману, павярнуўшыся адзін да аднаго спінамі. Прывыкаюць такім чынам спакваля да прысутнасці побач з сабою другога чалавека, міміку-жэстыкуляцыю даводзяць да ладу. Збольшага прывыкшы, паварочваюцца ўрэшце тварамі і пачынаюць нястрымна – выдаткі нервовага напружання — рагатаць. Комплекс самоты.
У дзяцінстве і юнацтве цяжка зразумець прычыну тых ці іншых паводзінаў дарослага чалавека. Сварыцца – значыць злы, скупы на слова – значыць маўчун, ваўкаваты і г.д. Даўмецца ж, што дарослы можа пакутаваць тымі ж хваробамі характару, што і дзіця, — завялікі цяжар. К., настаўніца, выдатнейшы знаўца прадмета, за каго ні была толькі ў сваіх вучняў, якія толькі заганаў яны ёй ні прыпісвалі. А яна ўсяго толькі і мела адну – крыўдлівасць. Тую, што з адзіноты зазвычай вырастае і ёю ж, адзінотаю, ды яшчэ няпэўнасцю, ці патрэбны ты хоць каму на свеце, сілкуецца праз усё жыццё.
Читать дальше