Ашрыта раз-пораз выходзіць у калідор, то нервова сунецца з мабільнікам у далоні з аднаго кута ў другі, то прыхінецца плячыма да сцяны, то застыне слупам ля шафы з вопраткай. А то возьмецца набіраць па мабільніку нумар, і тады бачна, як дрыжаць яе знябожаныя невядомасцю рукі. Званкі, аднак, не дасягаюць мэты, і на цёмным, з колцамі густой чарнявінкі абапал вачэй і рота твары дзяўчыны – спрэс расчараванне. Расчараванне, але – не адчай, хутчэй насамрэч, як сказала Альдзя, — радасць. Радасць уперамешку са смуткам. Дзіўнаваты сплаў пачуццяў, ніводнаму з якіх, як ні намагайся, ні аддаць першынства, ні знайсці больш-менш прыстойнага тлумачэння рады не дасі.
— А маму мы галібджамам на адыход і не адарылі, забыліся,– кажа, выходзячы з пакоя, Надзя і цягне сяброўку ў кухню. – То мусім цяпер самі даядаць. Тата, ты будзеш?
Альдзін расповед пра абкладзеных дровамі нябожчыкаў на плытах згадваецца мне, і я, хоць нішто пра іх у той апетытнай, залітай нектарападобнаю слодыччу страве і блізка не нагадвае, адмаўляюся ад пачастунку.
— Ну, як сабе хочаш, — кажа Надзя.
— Як хочаце, — падтаквае дачцэ Ашрыта і шырока, ажно агаляецца добрая палова яе прадаўгаватых цукрова-белых зубоў, усміхаецца, адстаўляе на край стала адну з піял. – То няхай тады гэта будзе для Савельевіча.
Яна шнарыць вачыма па двары з намерам угледзець ВАВа, каб паклікаць яго на пачастунак, але дарэмна: суседа нідзе няма. Сабакі таксама не бачна, толькі з-за рога дома, ад загароджанай прэнтамі пляцоўкі для выбівання дываноў даносіцца бязладны брэх.
— Дарэмна ты адмовіўся паесці, тата. – Надзя выцягвае лыжкаю са слодычы круглую, велічынёй з грэцкі арэх, клёцку, са смакам глытае. — Вельмі файны гэты галібджам… Дарэчы, ты не будзеш супраць, калі мы з нашага хатняга патэлефануем у аэрапорт, замовім Ашрыце квіток?
— Я сплачу званок, — кажа Ашрыта і слізгае паглядам па сцяне, на якой вісіць малюнак з выяваю каровы з вянком на рогах – яе ж падарунак Надзі з нагоды нейкага нацыянальнага індыйскага свята. – Усё адно колькі набяжыць, не мае значэння…
Бацька Ашрыты, неслабы, відаць, бізнесовец, штосьці там мудруе ў сябе на радзіме з валютай, і, падобна, фінансавых цяжкасцей для дзяўчыны насамрэч не існуе.
— Перастань, Ашрытка, — адмахваецца Надзя і набірае нумар. – Квіток да Дэлі праз Маскву, калі ласка, на бліжэйшы рэйс, — кажа ў слухаўку, трымаючы перад сабою сяброўчын пашпарт. – Ашрыта Сусай Вікторыя. Аш-ры-та... Су-сай... Вік-то-рыя…
У дзеўкі напалову хрысціянскае імя, яна паходзіць з ваколіцаў Веланкані, вядомага на ўвесь Індастан цэнтра каталіцкага жыцця дзесьці паблізу Бенгальскае затокі. Мне карціць спытаць, ці датычыць тамтэйшых насельнікаў тое, што Альдзя распавяла пра індускі пахавальны абрад, але я не паспяваю. Ашрыцін мабільнік дробна трэнькае, і яна з радасным воклічам знікае ў пакоі.
Індуска вяртаецца ў калідор праз колькі хвілін. Усхваляванасць на яе твары ды валіза ў руках ( і як паспела даць рады спакаваць за гэткі кароткі час?) сумненняў не пакідае: бабулі горш.
— Выклічам таксі? – кажа Надзя і зноў садзіцца на тэлефон.
Пакуль дачка замаўляе аўто, Ашрыта дастае з кішэньчыка кофты фотку, падае мне.
— Мая бабуля, — кажа і торкае пальцам у паставу сівавалосай жанчыны ў каляровым сары, што стаіць побач з нейкім маладзёнам на фоне ці то кустоўя, ці то дывана з яго выяваю.
— А гэта хто? – больш з жадання падтрымаць размову, чым з цікаўнасці, пытаюся я. – Мабыць, брат твой?
— Не… Так, адзін чалавек, — адказвае яна і кладзе фотку ў кішэньчык. Яна робіць гэта з такім вясёлым бляскам у паглядзе, што мне робіцца не па сабе.
Дзеўкі вяртаюцца ў пакой, і на колькі часу ў кватэры запаноўвае цішыня. Але неўзабаве двор агалошвае гук клаксана.
Надзя і Ашрыта выходзяць на пляцоўку, і вось ужо абедзве ў двары, ля аўто. Іх развітанне такое доўгае і надрывістае, быццам яны развітваюцца сама меней на дзесяць гадоў.
Аднекуль з-за альтанкі з’яўляецца Савельевіч, падыходзіць да аўто, загаворвае з Ашрытай. Яна штосьці прамаўляе старому ў адказ, затым цалуе Надзю ў шчаку, нырае ў чэрава таксі. Машына вырульвае з двара, знікае за рогам дома.
Савельевіч тузае сабаку за ашыйнік, паказвае мне на мігі, каб выходзіў. Пяць гадзін, звыклы час нашых штодзённых сумесных прагулянак, і я цягнуся ў двор.
— Што ні край, то звычай, — кажа Савельевіч і засяроджана глядзіць у накірунку зніклага з поля зроку аўто.
— У смерці адзін звычай: сканаў – і бывайце, — кажу я не без разліку выклікаць старога – як правіла, ён занадта маўклівы — на больш працяглую размову.
Читать дальше