Любая ж эстэтычная ідэя імкнецца да той ступені мастацкай завершанасці, калі ўспамінаюцца словы Імануіла Канта: «...рабі толькі адпаведна той максіме, кіруючыся якой ты адначасова можаш пажадаць, каб яна стала ўсеагульным законам».
«НАБРАЦЬ ДЛЯ ПЕСНІ ВЫШЫНЮ...»
Сталасць... Маладосць... Пара вынікі падводзіць і пара пачынаць... Ёсць агульнапрынятыя нормы, засведчаныя аўтарытэтам вопыту і аўтарытэтам філасофскіх сістэм. А жыццё заўсёды нешта дадае да гэтых норм, уносіць карэктывы. І не ў адну пару прыходзіць да людзей сталасць. І ў кожнага свая пара пачынаць. Бывае, што не вагаючыся, яшчэ ў юнацтве, выйдзе чалавек да людзей са сваім словам, а нехта цяжка і доўга ўзважвае, ці мае ён права пісаць. А яшчэ ў каго думкі і адчуванні не адразу набываюць рэальныя слоўныя абрысы. А калі набываюць, з'яўляецца зборнік пад грыфам «Першая кніга паэта».
Што — калі кінуць позірк па два гады. Звычайныя. На пэўнай адлегласці часу. 1976-ты і 1984-ты. Не спрабуючы рабіць паралелі: яны будуць досыць штучныя. Але маючы на ўвазе тое, што эстэтычнае ўзрушэнне мае ці відавочна будзе мець працяг у далейшай творчасці тых, пра каго тут ідзе размова. Адзін артыкул быў напісаны ўвосень 1976 года. Другі — летам 1984-га. Не будзем рабіць папраўкі, якія зрабіў час. Глянем — нейкае зерне не выпадкова заўважанага, здаецца, ёсць.
І
Тыя, што выдалі свае зборнікі пад грыфам «Першая кніга паэта» ў 1975-1976 гады ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», амаль усе, акрамя хіба Паўла Марціновіча (яму было 22 гады), молі магчымасць выверыць часам права па друкаванае слова. І Уладзімір Някляеў, і Алесь Камароўскі, і Віктар Ярац досыць ужо вымералі свой жыццёвы шлях, а Уладзімір Градоўкін — нават удзельнік Айчыннай вайны.
Адчуваецца ў паэтаў акрэсленасць намеру. Намеру, які не ва ўсіх мае па ўвазе пачатак. У Градоўкіна, ва ўсякім выпадку. У зборніку «Праз гады» («Сквозь годы», кніга на рускай мове) вершы не менш як за трыццаць год. Вельмі шкада, між іншым, што гады напісання ў зборніку не пазначаны.
«Паэзія — душы маёй анкета»,— даводзіць у сваёй першай кніжцы «Адкрыццё» Уладзімір Някляеў. Даводзіць як быццам дзелавіта — анкета. Але і з мерай адухоўленасці — анкета душы. І ў гэтым спалучэнні дзелавітасці і высокіх памкненняў — усведамленне канкрэтнага. Менавіта так. Анкета душы. Не кардыяграма, не асцылограф. Толькі самае галоўнае, адметнае. Тое, што «каардынаты быцця» мецяць назоўным склонам, «склонам прагі існавання» («Назоўны склон»). Паэт углядваецца ў свет, з якім у складаных і шматслойных адносінах яго творчае «я», што кладзе адметны адбітак на ўсё, напісанае паэтам.
Някляеў востра адчувае мастакоўскую традыцыю быць «чувствилищем» краіны — і хоча абавязкова дачытацца да яе.
Дай, маё сэрца, боль чужы
Уведаць так, як боль уласны,
Каб радасці, якімі жыў,
Навек не гаслі.
Дай быць вышэйшым ад «ідэй»
Прарокаў цьмяных і шумлівых,
Каб углядацца у людзей
Навек цнатліва.
«Дай, маё сэрца, боль чужы...»
Паэт імкнецца асэнсаваць свет, спазнаць не толькі дзейнасць фактаў, але і свядомасць свайго часу, абавязкова ўявіць сабе і ўвасобіць у творчасці спазнаны свет. Гэта думка настойліва непакоіць паэта:
Жыццё сваё лічы не на гады —
На зробленае
Гэтымі гадамі.
«Бязлітасна зязюля кукавала...»
І ўжо зусім жорстка, нават з кпінам, Уладзімір Някляеў дадае:
Бо можа стацца,
Небасхілу ля,
Дзе на дыбы
ўстаюць зямныя коні,
Ты будзеш верашчаць,
Як немаўля,
Хоць і дапнеш
Да сівізны на скронях.
Павел Марціновіч таксама адкасваецца ад раўнадушнага лянівага сузірання жыцця, ад духоўнай глухаты і нематы:
Але не дай цягнуцца, лёсе,
Вось так, за хуткаплынным днём,
Глядзець на свет з-за пыльных шыбаў...
А гэтаксама не дазволь
І пераскокваць, як па дыбах,
Праз вечны чалавечы боль.
«Калеку йсці хутчэй не ўпросіш...»
А ва Уладзіміра Някляева ёсць яшчэ такі верш — «Вадэвіль у двух актах». Верш амаль сюжэтны.
Пачатак у ім не ўзрушвае навізной:
Заходзь у мой дом, чалавек!
Знаёмы ці проста прахожы.
Не бойся мяне патрывожыць.
Але паэт прапануе працяг. І вось тут якраз вельмі важны сюжэтны паварот. Добра напісаў паэт: «Не бойся мяне патрывожыць». А што, калі ўзяць ды і патурбаваць яго на самай справе — праверыць на трываласць яго слова, апрабаваць дзеяннем?
Читать дальше