То была, канечне ж, яна, Віка.
— Я хачу ўбачыцца з табою, Антон.
— І я хачу пабачыцца. Прыходзь у парк.
— А як ты пазнаеш мяне?
— А ты будзь каля фантана. Трымай у руцэ газету.
— Тады — да сустрэчы!
— Да сустрэчы!
Яшчэ здалёк я ўбачыў, як дзяўчынка, седзячы ў інваліднай калясцы, махала мне скручанай газетай.
Я памахаў у адказ і ўсё бліжэй і бліжэй рухаўся да яе. І першым жаданнем было абняць, пацалаваць яе, сказаць радасна:
— Вось я і прыйшоў, Віка!
Нас сабралі на вялікую нараду журналістаў у Доме друку. Нешта нуднае чытаў дакладчык, і яго ніхто не слухаў, кожны займаўся сваім — чыталі газеты, часопісы.
У суседа па крэсле я ўбачыў «Звязду», убачыў чарговы выпуск розыгрышу — афіцыйную табліцу. Папрасіў на хвілінку.
Дастаў з кішэні ўсе дваццаць тры латарэйныя білеты і пачаў звярацца з лічбамі. Першы — пуста, другі — пуста... Пятнаццаты, дваццаць другі...
Ад нечаканасці я падняўся, тупа глядзеў на білет, праказаў сам сабе ўголас:
— «Жыгулі»...
Дакладчык спыніў свой маналог, спытаў у мяне:
— Вы нешта хацелі сказаць, малады чалавек?
— «Жыгулі»...
— Пры чым тут «Жыгулі»? У нас гаворка ідзе пра эканамічны крызіс...
— Ён «Жыгулі» выйграў, — падказаў, стаўшы побач са мною, сусед, — толькі што. У маёй газеце — магарыч з цябе, Антон!
— Кіньце жартаваць! — наліўся чырванню дакладчык, пэўна, не любіў, калі няўважліва слухалі яго разумныя думкі і аргументы.
— Сябры, трэба павіншаваць нашага калегу з білетам удачы, — павярнуўся да ўсіх сусед і першы ўдарыў у далоні.
А я доўга стаяў ачмурэлы і не ведаў, што рабіць з білетам...
За апошні час адбыліся вялікія змены.
На нашую газету, калі прыйшла камуністычная дэмакратыя ў рэспубліцы, падпісалася ўсяго сем тысяч маладых людзей. Рэдактар паклікаў да сябе і сказаў, каб шукаў сабе работу. Я, здаецца, абрадаваўся такім пераменам.
Праз тыдзень я трымаў кірунак да Барсучынага котлішча.
З маіх плячэй зваліўся вялікі груз, і вольным чалавекам адчуў я сябе. І шчаслівым як ніколі. Мне выпаў шчаслівы білет.
А дадому я рашыў не вяртацца. Думаю, што і жонка асабліва перажываць з-за гэтага не будзе.
Ноччу Петрусю сказаў:
— А што, калі з намі і яшчэ адна паселіцца дзіцячая душа? Як у казцы — церам-церамок, хто ў церамку жыве? І яе, Віку, ахрысціў Чарнобыль... Як глядзіш на тое?
Пятрусь-Джо памаўчаў, а потым прамовіў:
— Месца ўсім хопіць. Толькі як яна, малая, з намі будзе?
Я яшчэ не ведаў, што яму адказаць, але яскрава бачыў, як жыве сярод нас Віка, расказвае нам цікавыя гісторыі, а мы смяёмся, адчуваючы, як у нашай леснічоўцы пасялілася радасць. І шчасце. І ўсё мы раздзелім пароўну.
Бадай упершыню я адчуў, як і пра што трэба пісаць.
І ведаю, што адказаць цяпер дзеду Рыгору...
А што, калі і сапраўды да нас падсяліць Віку?!
За сцяной леснічоўкі спакойна і мройна гаманіў пракаветны лес. Высозныя патрыярхі-дубы дзяліліся з намі сваёй адвечнай тайнай...
Мы разумелі іх мову.
Яны непакоіліся і клапаціліся пра нас...
Мы перажывалі сваё новае, і невядома, ці апошняе, перараджэнне...
Кактэбель, жнівень 1992
Кніга другая —
прытча аб мроях
1...
...каханая, як цяжка без цябе.
Без погляду твайго, твайго кахання...
Згараю ў полымі гарачага дыхання.
Ці ажыву я зноўку у святой мальбе?!
Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў.
Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Пісаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто?
Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адкрыць шуфлядку. Раніцай, калі адкрыў яе, убачыў зверху жоўты аркушык паперы. Чатыры радкі былі напісаны невядомым мне чарнілам.
Непакоіла хіба адна думка — хто вадзіў маёй рукою? Ці не ты, Ойча? Усёмагутны і Ўсёмогучы Божа! Калі ж я пачаў першыя радкі, памажы дапісаць астатнія. Толькі на Цябе мая надзея...
...каханая, як цяжка без цябе...
З маіх душэўных нетрыскаў не выходзіў нясцерпны боль.
Мне не было вядома, калі ён нарадзіўся.
Мройна памятаўся нядаўні сон. Каляровы сон. Ён прыходзіў да мяне не раз і раней. Бачыўся адзін і той жа малюнак: зялёна-ружовы, у кветках, луг; крумканне жаб і гудзенне пчол; малочная квецень вішанніку... Адмысловыя пялёсткавыя карункі на маіх вачах пачыналі ажываць, надзімацца, і тады яны адрываліся ад галін і імкнулі ў блакіт неба, каб стаць аблокамі і далучыцца да іншых...
Читать дальше