— Дзень добры, шаноўная панна Яніна! Дзякую за запрашэнне ў тваю дзівосную краіну. Мне тут цікава і ўсё падабаецца.
— Прыемна чуць такія словы. Гэта словы не ганарліўца, з якога прэ пыха і ўпэўненасць, а разважлівага чалавека. Я радая, што ты з гонарам прайшоў усе выпрабаванні, якія выпалі на тваю долю. Таму ты і атрымаў пропуск у Галоўную Хату. Цяпер ты можаш карыстацца ўсім тым багаццем, што там ёсць. І заставацца зможаш столькі, колькі захочаш. Праз тры дні ты ў любы час можаш вярнуцца ў свой Камень. Цяпер для цябе не існуе ніякіх перашкод.
— Дзякую. Я не буду спяшацца дадому.
— У цябе, я ведаю, процьма пытанняў. Але пакуль што толькі адно ты можаш высветліць у мяне.
— Што азначае — Галоўная Хата?
— Ты знаходзішся ва ўнікальным Сховішчы Сусветных Скарбаў. У Хаце сабраны культурныя каштоўнасці з усяго свету. Кожная чалавечая душа зарэгістравана, і пра яе можна даведацца са Святой Кнігі. Ты можаш прачытаць любую кнігу на любой мове свету. Для гэтага дастаткова яе ўзяць у рукі. Тут кнігі ўсіх стагоддзяў, усіх краін і народаў. Выдадзеныя і нават не выдадзеныя, якія будуць некалі чытаць — праз пяць, сто і тысячу гадоў...
— Дзі... Зразумеў. Дзякую! Хачу азнаёміцца з гэтым багаццем.
— Калі спатрэблюся, можаш мяне заўсёды знайсці — націсні толькі кропачку зялёнага колеру. А цяпер — да сустрэчы! Поспехаў табе! Па ўсіх тэхнічных пытаннях звяртайся да гіда — ён ад цябе злева. З кампутарамі ты меў справу, так што ўсё ў тваіх руках...
Да Тоніка прыйшло сапраўднае супакаенне. Прайшлі ўзрушанасць і здзіўленне, якім ён заўсёды не даваў вырвацца на волю, знікла душэўная дрыготка і недаўменне, ён стаў самім сабой.
Ён усміхнуўся. Рашыў проста пасядзець у мяккім крэсле, прыйсці да канчатковай раўнавагі. Сеў, расслабіўся, раскінуў ушыркі рукі. Прымружыў вочы. Ні пра што не думаў.
Паплыў па цячэнні бяздумнасці, бязважкасці і абыякавасці — збіраўся з сіламі...
Пра сябе адзначыў, што ў сваім жыцці ён яшчэ раз перамог самога сябе. Цярпеннем перамог. І падняўся яшчэ на адну прыступку. Да чаго? Сам не здагадваўся. Да самаўдасканальвання? А якога? І што гэта такое — удасканальванне?
Прывядзенне ў належны стан сваёй душы? Ці прафесіі? Ці пражыцця ў суладдзі з Богам, з яго запаветамі?..
Мільёны пытанняў — і ніводнага адказу.
Біблія... Першая Біблія ў свеце і — «Біблія» Францішка Скарыны. Ці ёсць яны ў сховішчы?
Націснуў на кнопку «Задавайце пытанне». Успыхнуў вялікі экран — мо метраў трыццаць вышыні.
— Ці можна паглядзець арыгінал першай у свеце Бібліі?
На табло загарэўся адказ: «1-1-1-1-1».
— Не разумею, што азначаюць лічбы.
Срэбрам засвяціліся словы: «Гэтыя рукапісы знаходзяцца за дзвярыма № 1, у першым радзе, на першай паліцы, у першым адсеку, па ліку — першая...»
Клімовіч кіўнуў галавой.
Ён выдыхнуў з сябе паветра, настроіўся на хвалю творчага спасціжэння. Адчуў знаёмы сверб душы — «Не дазваляй ніколі душы ленавацца», крутануў галавой, як бык, што выходзіў на карыду, падняўся з крэсла і пайшоў да дзвярэй — першыя ад уваходных. Не памыліўся — на дзвярах таблічка высвечвала нумар, смела адчыніў іх.
Калі ж зайшоў, з'явілася адчуванне, што ў памяшканні ён не першы раз, што яму тут усё знаёмае і вядомае...
Парог пераступіў смела і ўпэўнена.
У твар ударыла свежая прахалода, патыхала здаровым і жывым пахам. Не цвіллю і сырасцю, як у стандартных савецкіх жабрацкіх бібліятэках і музеях, а водарам, без пылоты і смецця... Хто ж тут прыбіраў, хто мыў і чысціў, сартаваў, ставіў на паліцы кнігі і класіфікаваў, падбіраў і заносіў у картатэку?..
Клімовіч не задаваў нікому пытанняў, ён проста дзівіўся гіганцкай рабоце, хаця не сустрэў ніводнага тут чалавека, жывой істоты, нават робата.
Без цяжкасцей ён адшукаў першы рад, першую паліцу і першы адсек. Біблія стаяла першай. З хваляваннем узяў у рукі Кнігу Кніг. Адчуў яднанне з Богам. Да яго лба дакранулася длань Усявышняга Творцы...
Клімовіч ведаў, што Кніга Бога знаходзіцца ў Ерусаліме. Але ж яна была і тут. Якая з іх — арыгінал? Ці то Боскі цуд — адна і тая ж кніга магла знаходзіцца ў двух месцах? Пэўна ж, так...
«І прасвятлее розум у таго, хто імкнецца да Святла. І памутнее ён у таго, хто лянуецца і не звяртаецца да мяне, не звярае сваё жыццё з маім. Я раздзяліў жыццё душы на Пекла і Рай. Ніколі не знойдзеце раю ў пекле, але хто шукае прывідны рай на зямлі, знойдзе сабе пекла, бо толькі сатана можа паддурыць народы, аплесці іх розум чорнай павучынай, прымусіць адмовіцца ад Запаветаў...»
Читать дальше