— А што сталася з тым паліцаем?
— Розум страціў. Хадзіў потым па вёсцы, шукаў сваю ўнучку. Прасіў людзей, каб памаглі з балота выцягнуць машыну, — абяцаў разлічыцца латарэйкамі...
— Во як яно здараецца ў жыцці.
— Ніводная фантазія такога не намалюе.
— Чалавечы мозг не здольны прыдумаць такія сітуацыі, якія падсоўвае нам само жыццё.
А я міжволі назіраў за Джо, які стаяў да мяне спінай.
Куфель піва, што я паставіў каля яго, стаяў некрануты. Хлопец стаяў нерухома, абапершыся локцямі аб брыжык століка. На ім адзенне вісела як на калку, — звісала, ні за што не трымалася...
Мы дапілі сваё піва. Я ўспомніў, што мне неабходна было наведаць гандлёвы аддзел аблвыканкома — забраць паперы пра наяўнасць магазінаў, у якіх была наладжана механічная праца. Атрымлівалася смешна і недарэчна. Камсамольскія арганізацыі кінулі лозунг «І за таго хлопца». Дзяўчына, нацягаўшыся за дзень скрынак, кошыкаў грузу — не адну тону, аж жылле парвала, павінна яшчэ адцягаць «і за таго хлопца», які не вярнуўся з вайны. Да абсурду даходзілі цэкоўцы, выдумляючы чарговую ініцыятыву...
— Ну што — пагналі нашы гарадскіх? — гляджу я ў светлыя вочы Адама, намякаючы, што наш час наталення душы і страўніка скончыўся, што нам пара разыходзіцца.
— Праз тыдзень зноў убачымся?
— Сляпы сказаў: «Пабачым...»
Перад тым як пакінуць піўное поле, азірнуўся: Джо стаяў нерухома і ў той жа паставе. Як акамянеў. У мяне было жаданне падысці да яго, нешта сказаць. Але ўнутранае пачуццё падказвала, што яму ў гэтыя хвіліны ніхто не патрэбен — ні вораг, ні сябар, тым больш той, хто будзе яму спачуваць.
І тым мацней ува мне нараджалася ўсё большае і нецярплівае імкненне даведацца пра яго лёс. Нешта прыцягвала да яго, нехта падштурхоўваў, як некалі тая ж маленькая птушачка амялушка.
Супакойвала хіба думка — я знайду яго тут абавязкова, калі прыспее час пагаварыць. З цягам часу я навучыўся не падганяць падзеі, не прыспешваць іх, тое, што трэба, само паспее і зваліцца ў рукі... А не зваліцца, дык што ж, так таму і быць.
Адам аднёс бакалы да бочкі, падзякаваў жанчыне.
Праз хвіліну, паціснуўшы адзін аднаму рукі, мы разышліся — кожны пакіраваў сваёй дарогай...
4...
Я дапісваў чарговы допіс пра той жа гандаль.
«Адлюблю і... за таго хлопца». Так назваў. Злосна напісаў, не быў упэўнены, што і надрукуюць. Я да таго часу перабраўся ўжо ў рэспубліканскую маладзёжную газету, але быў «на кусце» — уласным карэспандэнтам па вобласці. Не быў упэўнены, што рэдактар надрукуе напісанае — падрываю ж цэкоўскую ініцыятыву, абвяргаю яе. На кошык, вядома, працаваць не хацелася, але дзед Рыгор рабіў сваю справу...
Заклеіў канверт, падпісаў адрас.
На маім стале забулькатаў тэлефон. Па працягласці званка — міжгорад. Разважаў — падымаць слухаўку ці не? Мо зноў якое звыштэрміновае заданне, а я ўжо выклаўся, сілы аддаў на бегатню, а потым на пісаніну.
— Тута я, — прывычна адказваю на любы званок — дабіваліся мяне знаёмыя ці незнаёмыя людзі.
— Маё шанаванне, Антон, — чую ў слухаўцы знаёмы голас загадчыцы аддзела камсамольскага жыцця Наташы Палынскай. — Як ты там? Напісаў?
— Заклеіў канверт. Але табе можа не спадабацца.
— Чаму?
— Я не падтрымаў той заклік. Абвергнуў яго...
— Нешта новенькае, — Наташа хмыкнула на другім канцы дроту, засмяялася. — А што? Дасылай. Шэф сёння-заўтра ў Маскву збіраецца, паспрабую нешта зрабіць.
— Не пабаішся? Ты ж яшчэ не чытала.
— Не пабаюся. Калі ты смелы, то я тым больш...
Бацька Наташы працаваў у ЦК партыі, і гэта давала мне нейкае спадзяванне.
— Дзякую за падтрымку.
— Дзякую за радкі... Слухай, Антоне, ведаю, што насядаю. Але ж паслуга за паслугу. Невялічкая просьба. Схадзі ў любую школу на камсамольскі сход. Ад сілы тры староначкі. Паласу рыхтую, і геаграфія трэба. Паслязаўтра раніцай перадасі па тэлефоне? Зможаш?
Яшчэ б! Згодзен за такую падтрымку.
— Удакладненне — дадатны ці адмоўны?
— На твой погляд. Хоць разбівай ушчэнт...
— Выдатна! Тады чакай званка.
Наташа кладзе слухаўку, а я яшчэ слухаю кароткія пазыўныя: «так, так, так, так...» На гадзінніку тры гадзіны дня. Зразумела, што сёння позна ўжо дамаўляцца. Калі здолею, то толькі на заўтра. А вечарам і напішу, раніцай падпраўлю — і можна дыктаваць.
У даведніку выбіраю наўздагад любую, але далей ад цэнтра, школу. Набіраю нумар. Акурат на дырэктрысу нарваўся. Ветліва назваўся, гавару, што ў гарана параілі менавіта пад'ехаць да іх у школу.
Читать дальше