То раптам бачыла сябе на альхоўскай вуліцы ў той дзень, як раскулачвалі Хазяінавых і Дабрахотаў. Хазяінавых у Альхоўцы не любілі і тады, у той дзень, не шкадавалі. Яны і праўда былі кулакі — і стары Кузьма Хазяінаў, і яго два сыны. Злыя, жорсткія былі людзі. Казалі, што яшчэ за царом Кузьма купіў сабе гэтае прозвішча — Хазяінаў, як выбіраўся з сяла на хутар. Казалі таксама, што не ўсё чыста і з грашыма, за якія ён купіў зямлю і лес, каб будавацца на тым хутары, быццам ён зарэзаў і абрабаваў яўрэя-карчмара недзе за Віллёй. Жылі Хазяінавы на хутары ваўкалакамі, адасоблена ад усіх, зацята працавалі самі і гэтак жа зацята прымушалі працаваць тых, каго наймалі ўлетку, у касьбу і жніво. І, аказалася, не хлусілі людзі, калі казалі, што Хазяінавы, як барсукі, усё ў сваю нару цягнуць-валакуць. Дабра ў іх і праўда было шмат: і з адзення, і ботаў многа пар, і кажухоў новых, неадзяваных, і скруткаў палатна — саматканага і крамнага, і хамутоў, вупражы рознай, калёс, саней, панарадаў, і грошай многа. Яна, Стэпачка, сама на тым хутары не была, але бачыла, як Хазяінавых везлі праз Альхоўку ў раён. Ехалі яны на некалькіх падводах, моўчкі, злосна зіркаючы на людзей. Гануля, Кузьмова старая, падала была голас — залямантавала, але Кузьма так гыркнуў на яе, што ёй умэнт зарвала.
Дабрагостаў яга шкадавалі. Шкадавала і яна, Стэпачка, хоць Раманок і папракаў яе за гэта. Калі Хазяінаў, казаў, кулак, дык Дабрагост — падкулачнік, адно семя, і трэба іх пад корань, каб не заміналі астатнім. А яна не пагаджалася. І тады не пагаджалася, і цяпер не пагаджаецца. Які ж падкулачнік быў Дабрагост? Галота галотай, казалі, быў ён да рэвалюцыі. Рэвалюцыя яго зямлёй надзяліла. І шчодра надзяліла, па едаках, а сямейка ў яго была вялікая — старыя бацька з маткай, ён, Дабрагост, з жонкай і шасцёра дзяцей — чатыры сыны і дзве дачкі. К таму часу, як найшла пагалоска пра калгасы, дзеці ў Дабрагостаў падраслі, тры сыны паспелі пажаніцца і нават абдзеціцца, але бацька ніводнага не аддзяліў, усе жылі ў адной хаце на дзве палавіны — усяго васемнаццаць душ. Яна, Стэпачка, заходзіла да іх у хату і на свае вочы бачыла печ-гамэрню ў сенцах, між дзвюма хатамі, у якой Дабрагосціха з нявесткамі варыла вялізныя, вядзёрныя, чыгуны капусты і бульбы, каб накарміць такую сямейку, бачыла нары-палаці ўздоўж сцен, на якіх упокат спалі малодшыя дабрагосцікі.
Выязджалі Дабрагосты шумна, усе — і старыя, і малыя — плакалі, сядаючы ў калёсы, слёзна развітваліся з людзьмі, просячы ўсіх не хаваць на іх крыўды, прашчаліся з вёскай — з вуліцай, з дрэвамі, з платамі, ажно не вытрываў упаўнаважаны з раёна, махнуў рукой: давай, канчай, паганяй, развялі тут анцімонію!.. Дальбог жа, памятае Стэпачка, альхоўцы спачувалі Дабрагостам, хоць, як паслухаць, кулакі яны, выходзіла: і коней у іх — дзве паркі і жарабя з кабылаю, і кароў многа, у дадатак яшчэ і бык, да якога блізкія і далейшыя суседзі сваіх каровак вадзілі, як патрэба была такая, і авечак больш за тузін, і малатарня свая...
Хазяінавы так і не вярнуліся ў Альхоўку — ні да вайны, ні пасля яе. А Дабрагосты вярнуліся. І вельмі скора — ці не праз месяц. Жанатыя сыны адышлі ад бацькі, паставілі свае хаты, уступілі ў калгас, дочкі павыходзілі замуж. Высяленне іхняе забылася, ніхто і не напамінаў, калі толькі — дык жартам. Аднак жа род іх, хоць і не малы, звёўся ў Альхоўцы. Старыя — дзед з бабай — памерлі яшчэ да вайны, а сам Дабрагост з жонкай на вайне ўжо, неўзабаве, а сыны, усе чацвёра, злажылі галовы ў вайну: трое на фронце, а чацвёрты, самы меншы, Алег,— у партызанах, а дзеці іхнія, як амаль усе дзеці, падаліся пасля вайны ў гарады, параскідаліся па свеце.
А то прыбегла ў галаву Стэпачцы, як ратавала яна ў бальніцы дзеўчынёху адну, маладзенькую зусім, школьніцу, лічы. Даўмелася ж, дурніца: пакрэмзала сабе рукі лёзкам, якім мужчыны голяцца. Гэта ж адчула, што дзіцятка будзе, а хлопец, дай веры, адчураўся: я нічога не знаю, мая хата з краю, ці мала з кім ты магла, а мне, дурню, у хамут лезь... Нарабіла дзеўка бяды, а пасля і сама спалохалася — жыць захацелася, ну, а бацькі баіцца, бо гразіўся з дому выперці, і дзеўчынёха не спіць, плача ў падушку і плача. А калючая — не падступіцца, слова не скажы ёй. І мо таму, што яна, Стэпачка,— не, не Стэпачка, а цётка Стэфа,— не доктар і нават не сястра, а ўсяго толькі санітарка, дзеўчынёха тая з адной ёю мякчэйшая была — хоць на слова абзавецца. От яна, цётка Стэфа, і ўзялася за яе. Не шкадавала, не сюсюкалася з ёю. Супраць поўсці гладзіла. Хто табе, казала, даў права на чужое жыццё замахвацца? На якое чужое? А на тое, што ў табе завязалася! Ніхто такога права не даваў! І хто табе ў вушы ўбалабоніў, што дзяўчыне радзіць сорамна? Не радзіць — от сорам! А баба на тое і баба, каб радніць. А хлопца свайго ты нашто асарамаціла? Ён жа мо проста спалохаўся — таксама ж малады яшчэ і дурны, а ты — адразу за лёзка. Што ён пасля гэтага пра цябе падумае? А на бацьку свайго ты чаго крыўдуеш? Няма на свеце таго бацькі, каб дзіцяці свайму не дараваў. Ну, пазлуе спачатку, пабурчыць, не без таго, але ж пасля і пашкадуе. А табе хай усё гэта навукай будзе. І будучую сваю дачку навучы, што ўсё сваю пару павінна мець. Без пары і яблык, кажуць, зрываць няможна, а то ж... Трэба было памятаць пра гэта, дзеўка... Ну, дзеўка дзеўкай, а цётка Стэфа яшчэ і матку яе пераняла, з ёй пагаварыла, і бацьку — ён з маткай у бальніцу прыходзіў, але ў палату не падымаўся, унізе чакаў жонку — прысароміла: дачка глупства зрабіла, коніка выкінула, дык чаго ж ты, чалавеча, свайго коніка не зацугляеш? Нашто ж думаць, што яна горшая за ўсіх? Ці ж з ёй першай бяда такая? Моршчыўся ён, адварочваўся, маўчаў, але наступны раз не застаўся ўнізе, разам з жонкай падняўся паверх, зайшоў да дачкі...
Читать дальше