«Вось як, на задняй перадачы наступаем!» — мільганула ў галаве камбата крыўднае.
Ён адчуў, што рота ў гэтую хвіліну страціла ўпэўненасць, усумнілася ў поспеху...
Што ж гэта? Яны адыходзяць?! Нельга адыходзіць. І таптацца нельга! Трэба напорней прабівацца наперад, зараз жа наперад! Яшчэ хвіліна, і страцім зручны момант. Не трэба марудзіць!.. Дзе камандзір роты?
Камбат паспрабаваў выклікаць яго.
— «Шторм»! «Шторм»! «Шторм»!
Камандзір роты не адгукнуўся. Што з ім? Машыну спалілі ці забіты?
Камбат убачыў, што два — тры варожыя артылерысты, якія хвіліну назад кінулі былі гармату, цяпер пачалі нясмела вяртацца. Яны, відаць, заўважылі замяшанне ў танкістаў. Адзін з немцаў, гэта, мусіць, камандзір гарматы, размахваючы рукамі, штосьці крычыць, загадвае ім...
Калі яшчэ крыху прамарудзіць, яны апамятаюцца...
Камбат цяпер помніў і адчуваў толькі адно — нельга марудзіць! Ад гэтай думкі, якая захапіла яго, сцішыўся раптам боль у руцэ, забылася асцярожлівасць, што стрымлівае чалавека ў небяспецы.
— Я «Навальніца», я «Навальніца»! Хто там топчацца на месцы?! — амаль гнеўна крыкнуў капітан да ўсёй роты.— Наперад, наперад!
Ён даў Быстрову знак зарадзіць гармату, а тады, прыпаўшы да гумавага наканечніка прыцэла, здаровай рукой павярнуў вежу. Хутка прыцэліўся і стрэліў па гармаце. І тады ж адкрыў агонь з кулямёта. Першы ж снарад трапіў у шчыт гарматкі — недарма Аляксей быў некалі добрым вежавым стралком! Абслуга гарматкі збянтэжана прыпала да зямлі... Адзін адразу ўскочыў, — кінуўся прэч...
— Рабі, як я!— скамандаваў капітан усім экіпажам.
Пераключыўшы рацыю на ўнутраную сувязь, ён загадаў Сонцаву весці машыну на гармату.
«Трыццацьчацвёрка» ірванула так, што камбата кінула назад. Сонцаў па голасу Аляксея адчуў, што цяпер, як жыццё, дарагі кожны міг...
Капітан, сашчапіўшы зубы, адольваючы страшны боль і слабасць, стаў зноў разварочваць вежу, нацэльваючыся на другую гармату.
Машына ляцела праз ямы, падмінала кусты, і яе вельмі кідала з боку на бок. Прыцэліцца пры гэтым было немагчыма: у прыцэле паяўлялася то зямля, то неба, — капітан, злавіўшы больш зручны міг, націснуў на педаль спускавога механізма.
Бухнуў стрэл...
Аляксей цяпер нічога не адчуваў, акрамя жадання дасягнуць, дапасці да гарматы. На гэтай гармаце сканцэнтравалася ўся яго воля.
У нейкі міг камбат убачыў, што гармата разварочваецца... Каля яе завіхаліся постаці... Няўжо яна паспее стрэліць? Няўжо апярэдзіць яго?
Час пачаў вымервацца долямі секунды. Але гэтыя долі секунды здаваліся доўгімі, — усе падзеі адбываліся з вялікай, віхурнай хуткасцю і імклівасцю. Секунды рашалі зыход бою, лёс жыцця.
Уся воля Аляксея была да канца напружана. Самая маленькая маруда ці разгубленасць была для яго цяпер — што смерць...
Апярэдзіць гітлераўцаў, разбіць, сцерці! Інакш — смерць.
Ён колькі сілы націснуў правай нагой другі педаль — усё, што было ў дыску кулямёта, выпусціў на гарматку...
І вось гармата проста перад танкам... Яна знікла недзе ўнізе, яе Аляксею больш не відаць...
Сонцаў яшчэ ўбачыў, як ад яе кінулася апошняя постаць гітлераўца. Позна!..
У наступны міг камбат адчуў рывок. Танк падскочыў, як раз'ятраны звер, і асеў. Капітан ледзь утрымаўся на сядзенні, раненая рука аб нешта моцна ўдарылася.
Ён паглядзеў у перыскоп. Перад вачыма ішлі кругам кусты, сцяна блізкага сасняку, якая была ўжо не ўперадзе, а збоку. Сонцаў разварочваў машыну.
Салдаты ў зеленаватых мундзірах — і без мундзіраў — у паніцы ўцякалі. Следам за імі на акопы, да гармат урываліся, равучы, танкі. Яны дабівалі тых, хто спрабаваў яшчэ супраціўляцца, секлі з кулямётаў...
Аляксей загадаў Сонцаву весці танк далей, за пазіцыі, — трэба не даць уцячы гітлераўцам.
Яны прыпыніліся каля сасонніку, — цяпер пакуль, здаецца, усё. Парадак.
Сэрца Аляксея білася часта і ўзрушана. Ён не мог хутка астыць ад нядаўняга запалу. Так, гарачая выпала хвіліна і грозная. Тут, калі небяспека адышла, яго неспадзеўкі кранула запозненая трывога за сваё жыццё.
— Вы ж ранены, таварыш камбат! — заўважыў упершыню пануры Быстроў, які толькі што схіляўся над зараджаючым. — Дайце перавяжу!
— Што з ім?— Аляксей кіўнуў на зараджаючага. Той быў непрытомны.
Выціраючы спатнелы замурзаны твар, камбат зноў паклікаў па рацыі Аліева:
— «Шторм»! «Шторм»!
Аліеў адгукнуўся.
— Што было з табой? Спалілі машыну? Ты цяпер у іншай?.. Вядзі роту. Не адставай, — гані на дарогу. Ясна?
Читать дальше