Ён быў незадаволены, і ад'ютант добра ведаў чаму: прыходзіцца стаяць на месцы.
А тут якраз пазваніў камандуючы арміяй, просячы паведаміць, як справы ў дывізіі. Шчарбацюк далажыў, што пачаў бой за горад, але пакуль дзейнічае на подступах да станцыі, дзе гітлераўцы трымаюцца асабліва моцна. Камандуючы не сказаў ні слова незадавальнення за тое, што дывізія затрымліваецца,— нават пахваліў, што хутка пераправіліся і падышлі да горада. Гэтая пахвала падзейнічала на генерала, як папрок.
Шчарбацюк папрасіў выклікаць да тэлефона Сібірака.
— Ну што ў цябе? Усё па-ранейшаму?
Камандзір палка адказаў, што гітлераўцы не адыходзяць.
— І што ты думаеш, сэрца маё, рабіць? Страляць датуль, пакуль адступяць?
Ласкавасць зараз у яго была такая, што ўсе, хто ведаў натуру генерала, адчувалі, што вось-вось можа зноў пачацца выбух гневу.
— Хачу паспрабаваць абыйсці іх злева...— адказаў падпалкоўнік.
— Ты ўсё спрабуеш?
— Там у мяне ўжо дзейнічае штурмавая група.
— Падварушы. Ды хутчэй. Не марудзь!
Задачу гэту камандзір палка даў штурмавой групе Праворнага,
Малодшы лейтэнант з чатырнаццаццю байцамі, сярод якіх быў і сержант Туравец, зайшоўшы на левы фланг палка, паўзком прабіраўся цераз насып, цераз рэйкі. Не вельмі далёка палаў пажар, але святло яго закрывала нейкая разбураная сцяна, ад якой на насыпе ляжаў шырокі цень.
Праворны сказаў, каб усе трымаліся ў ценю.
Перапаўзалі па адным. Тыя, што сядзелі перад насыпам, стаіўшы дыханне, сачылі за таварышамі, якія перапаўзалі па насыпе.
Усё-ткі ў гэтым ценю змрок быў рэдкі.
Над насыпам раптам прайшлася чарга з кулямёта. Усе насцеражыліся: няўжо іх заўважылі? Праворны пачакаў крыху і загадаў паўзці наступнаму. Гітлераўцы не стралялі,— значыць, яны не заўважылі.
Падабраўшыся да сцяны, Праворны ўзняўся на коленцы і ўважліва аглядзеўся, выбіраючы шлях. Тут камандзір пачуў, як непадалёк зноў коратка ўдарыў кулямёт. Ён быў у руінах. Малодшы лейтэнант загадаў Тураўцу і Шарыфутдзінаву прабрацца туды і «зрабіць цішыню».
Шарыфутдзінаў поўз наперадзе. Ён амаль зліваўся з зямлёй, так-што нават зблізку яго цяжка было адрозніць ад камення і травы. Кулямёт цяпер страляў часта, і месца яго было добра прыкметна.
— Чакай...
Ефрэйтар папоўз паўз каменні; Юрый сачыў за ім, гатовы ў кожную хвіліну дапамагчы, падтрымаць. Але падтрымка яго не спатрэбілася. Шарыфутдзінаў, улучыўшы зручны момант,— калі кулямёт застракатаў,— націснуў спускавы кручок аўтамата.
Ён вярнуўся назад, трымаючы ў руках нямецкі кулямёт.
Адсюль штурмавая група прабралася да будынка, які затрымліваў батальён. Ірвануўшы дзверы, Юрый проста перад сабой убачыў спіну гітлераўца. Не ўправіўся той азірнуцца, як сержант ударыў яго аўтаматам па галаве. Гітлеравец асунуўся на зямлю.
Праворны, абагнаўшы Юрыя, штурхнуў другія дзверы і кінуў наперад гранату. Калі ён убег, у пакоі слаўся дым, у якім валяліся двое забітых.
За чвэрць гадзіны дом быў ачышчай.
— Ну, можна даць зялёную ракету!
Расшпіліўшы запацелую гімнасцёрку, Праворны нервова выхапіў з кішэні ракетніцу, уклаў у яе патрон.
Хутка тут быў ужо амаль увесь батальён.
Хвілін праз дваццаць генерал-маёру далажылі, што батальён, ударыўшы з левага фланга, уварваўся на станцыю і што там ідуць рукапашныя бойкі.
Генерал-маёр, ціха мармычучы неадступную песню пра канагона, прыслухоўваўся да страляніны, якая даходзіла адтуль, углядваўся ў проймы між будынкаў. Ён убачыў у тым баку ў святле пажару некалькі постацей, што прабеглі і схаваліся за домам...
З палка, што наступаў правей Сібірака, прывялі дзесяткі два палонных. Шчарбацюк загадаў іх дапытаць.
— Адкуль іх перакінулі сюды, даведайцеся,— сказаў ён капітану-перакладчыку.
Аказалася, яны з эсэсаўскага батальёна, пераведзенага два дні назад з Гродна. Яны паведамілі, што ў Барысаве б'юцца рэшткі танкавай дывізіі і эсэсаўскія ахоўныя часткі, спешна перакінутыя з розных месц.
Неўзабаве генерал-маёр, сваёй звычайнай цяжкаватай і павольнай хадой, ішоў ужо цераз пуці, якія цьмяна паблісквалі. Каля спаленага будынка ляжала і сядзела некалькі параненых байцоў, аднаго з якіх перавязвала поўная, здаровая санітарка.
— Ну, што, тварцы гісторыі, арэшак моцны дастаўся?
— Нічога, мы прывыклыя...— адказаў той, якога перавязвалі.— Не такія трушчылі...
— Шкада з паўдарогі саступаць, — адгукнуўся другі.
— Чаму з паўдарогі?
— Ды далей бы ісці... Эх!
— А вы не гаруйце, другі мае, да часу. Дарога няблізкая... Яшчэ, можа, і дагоніце...
Читать дальше