Гогабярыдзе паглядзеў на свае акуратныя, ладна прыгнаныя, але нячышчаныя боты, аблепленыя закарэлай граззю, і сказаў без усмешкі, што выпацкаў уночы, калі выцягваў з рэчкі танк. Хоць Аляксей жартаваў, ведаючы празмерную прыхільнасць лейтэнанта да акуратнасці і чыстаты, Гогабярыдзе прыняў яго словы ўсур'ёз.
Ён забраўся ў машыну і, вылезшы адтуль са шчоткай ды нейкім чорным мяшэчкам, стаў люта аддзіраць гразь ад ботаў. Сандро ўсюды вазіў шчотку, гуталін і нават шматок аксамітнай тканіны, якім наводзіў на хром люстраны бляск.
Пачысціўшыся і ўважліва агледзеўшы сябе, Гогабярыдзе заспяшаўся да бліжэйшай групкі. Ён любіў паслухаць другіх, а яшчэ больш, каб яго слухалі. Неўзабаве ён, горача размахваючы рукамі, гаварыў:
— Колышаў сягоння, будзьце пэўны, — папрацаваў. Раскажы, Толя, як ты фрыца даставаў з-пад «усюдыхода»,— і, ведаючы, што сціплы Колышаў не стане гаварыць пра гэта, пачаў з захапленнем расказваць сам. Сандро перадаў гэтае здарэнне так, быццам быў пры гэтым, і нават дадаў тое-сёе для «эфекту».
Колышаў хацеў быў паправіць Сандро, але той не даў яму сказаць і слова.
— Што і казаць: пехацінец добры, — адгукнуўся Быстроў. — Невядома толькі, чаму таварыш лейтэнант парыцца ў гэтым танкісцкім камбінезоне...
Ён заўважыў, што між сосен набліжаецца «газік».
— Зампаліт прыехаў! — пазнаў Касцючэнка.
Сонцаў прамовіў:
— Навіны, мусіць, прывёз...
Падпалкоўнік Семіжон, лёгка ступаючы, накіраваўся да танкістаў. Ідучы, ён амаль не размахваў рукамі, быццам знарок трымаў іх «па швах». Да таго, як ён прывітаўся з танкістамі, усе, хто сядзеў, паўсхопліваліся. На прывітанне адказалі весела: начальнік палітаддзела быў жаданым госцем.
Але тут з-за дрэваў, глушачы рэвам, страляючы, вырваліся нямецкія штурмавікі. Амаль адразу блізка, звонка затупалі выбухі. Недзе побач моцна затутукаў запознены зенітны кулямёт. Стала неспакойна.
— Якія навіны прывезлі, таварыш падпалкоўнік? — запытаўся Гогабярыдзе.
Семіжон зняў фуражку, выцер хусцінкай белы лоб і паголеную галаву.
— Ая, прызнацца, чакаў навін ад вас.
— Ну, што ў нас, вы ўжо, мусіць, ведаеце, — адгукнуўся Аляксей Лагуновіч.
— Бачыў, Лагуновіч, сваімі вачыма. Праехаў цяпер там — малайцы, папрацавалі добра. Палкоўнік за гэта падзяку перадае! А што да агульных навін, то іх, таварышы, столькі, што пераказаць усё цяжка...
Асабліва ўзрадаваліся ўсе, пачуўшы, што пяхота і танкі, якія ўсю ноч вялі баі ў Оршы, выбілі немцаў з апошніх кварталаў. Орша вызвалена. Гэта толькі што перадаў камбрыгу камандзір корпуса. У той час, як іншыя, перабіваючы адзін аднаго, абмяркоўвалі пачутыя навіны, Быстроў запытаўся насцярожана:
— А як там, таварыш гвардыі падпалкоўнік, амерыканцы, на гэтым другім фронце?
— У камюніке саюзнікаў гаворыцца, што яны, нарэшце, надзейна аселі на прадмосным умацаванні, якое займае паўвостраў Катантэн... Вечарам перадавалі, што перасеклі адну чыгунку, каля горада Муана. Наступленне праходзіла ў цяжкіх умовах, — у вачах падпалкоўніка мільганулі іскаркі, — ішоў вялікі дождж...
— І не зважаючы на дождж, яны наступалі?! — з насмешлівым захапленнем прамовіў Гогабярыдзе.
— Яны зрабілі такую высадку, учапіліся ў зямлю... — адгукнуўся Аляксей. — Гэта табе, брат, не рэчачка. Акіянская пратока!
Гогабярыдзе перабіў яго:
— Каб не мы, то бачыць бы ім толькі гэты бераг з таго боку!..
Быстроў, які звычайна сачыў за іншымі так, нібы старэйшы чалавек, які пабачыў усяго і прывык не здзіўляцца, прамовіў гнеўна:
— Усё-ткі, як яны паступілі, гэтыя паны. Калі мы біліся пад Сталінградам і Курскам, — усё абяцалі нам, адседжваліся!
З замежных навін, якія перадаў Семіжон у гэтую раніцу, найбольш усхвалявала паведамленне швейцарскай газеты «Газет дэ Лазан» аб тым, што Мусаліні ўцёк у Германію.
— Збег дучэ, ратуючы шкуру... як пацук!..
— А цікава — куды «фюрэр» будзе ўцякаць, калі мы падступім да Берліна? Як ён тады, гадзючына сухарукая, закруціцца?..
Невядома, колькі б гадалі пра гэта, але тут з зарасніку выпаўз танк. Гэта прыехаў лейтэнант Якавенка. Як толькі лейтэнант вылез з машыны і саскочыў на зямлю, да яго падбег Гогабярыдзе.
Гогабярыдзе адразу заўважыў, што Якавенка нечым узрушаны.
— Што такое, дарагі? Што здарылася?!
Лейтэнант стомлена махнуў рукой, зняў шлем і прысеў каля танка. Падышло яшчэ некалькі чалавек.
— Таке було, шчо і казаць нэ хочацца.— Ён наогул не любіў гаварыць пра непрыемныя справы.
— Ну, што ж усё-ткі?
Читать дальше