— Я ўжо казала, цётачка... Нашто нам паўтараць казку пра белага бычка?..
Яна засмяялася ціха, нутраным смехам, уткнулася галавою ў грудзі Кацярыны, праз хвіліну парывіста абхапіла за шыю і прагна раз, другі пацалавала.
Кацярына лагодна, з дакорам прамовіла:
— Ах ты, рагатуха, непаслухмяная!..
— Калі прыдуць нашы, прыязджайце да мяне. Добра, цётачка? — голас Клавы задрыжаў ад хвалявання. — Я і не ведаю, як аддзячыць за вашу ласку. Можа, каб не вы, дык я і цяпер ляжала б на полі...
— Няма за што дзякаваць, — Кацярына дадала тонам перасцярогі: — Глядзі ты, зноў не пападзіся да іх!..
— Цяпер не пападуся! Цяпер я — стрэлены верабей!..
Яна пайшла ў цемру. Кацярына, не варушачыся, пазірала ўслед дзяўчыне. Там, куды ішла яна, святлела палоска, і Клавіна постаць — галава і плечы — доўга акрэслівалася на ёй, паступова змяншаючыся. Кацярына пазірала туды, і на сэрцы яе было сумна і трывожна.
«Толькі б усё добра абышлося!..»
3...
Клава дабралася да Мінска толькі перад досвіткам.
Горад гарэў. Дзяўчыне было вельмі горка і сумна, калі яна глядзела на гэтыя пажары, што лютавалі ў розных мясцінах Мінска. Асабліва жахлівыя пажары былі каля Акадэміі навук,— там палала адразу некалькі вялікіх будынкаў. Агромністае барвовае полымя трапятала і каля Дома Урада. Што гэта, якія-небудзь будынкі на Савецкай? Не, то ж гарыць універсітэцкі гарадок!
«Што яны робяць з Мінскам, нелюдзі!» — у нямым гневе сціскала Клава кулакі.
Па Чэрвеньскім тракце ў бок касцёла цягнулася, фыркаючы, некалькі грузавікоў, якія ішлі з патушанымі фарамі. «Уцякаюць, гады!» — падумала Клава і пашкадавала, што нельга іх затрымаць.
Клава, яшчэ лежачы ў Кацярынінай каморцы, калі яна многа думала пра зварот у Мінск, парашыла, што пойдзе не дамоў, дзе цяпер, мусіць, нікога няма, а да цёткі Залескай. Валіна маці здавалася Клаве вельмі надзейным чалавекам. Клава выбрала Залескую яшчэ і таму, што ў Залескай можна было хутчэй, як у каго іншага, даведацца, дзе цяпер маці і Сяргей.
Яна пералезла праз плот і, нарэшце, апынулася на тым двары, да якога прабіралася. Вось яны, знаёмыя кусты вяргінь, на якія Клава часта любіла пазіраць з акна,— як, здаецца, нядаўна яна была тут, а колькі перажыта за гэты час! Аж не верыцца. Праўда ж, ці не сон усё тое?
Прытуліўшыся зморана да плота, аддыхваючыся, яна дзіўна, бесклапотна засмяялася. Як жа добра, што яна ўсё-ткі вярнулася, нягледзячы ні на што, прышла!
Клава, азірнуўшыся навокал, асцярожна наблізілася да акна і стала ўзірацца праз цёмную шыбу ў сярэдзіну. Ці ёсць хто там? У цемры, што поўніла пакой, нічога нельга было разабраць.
Яна пачала лёгка стукаць у шкло, як стукала раней, калі часам заходзіла сюды ноччу, але ніхто не адгукаўся. Неспадзявана яна пачула ззаду ціхі, падкрадлівы шорах і насцярожана азірнулася.
— Хто гэта? — пазнала Клава голас Валінай маці.
— Я, Клава...
— Клава?.. Якая... Клава?
— Ну вось жа, дзіўная! Пытаецеся, якая Клава. Нібы забыліся... Гэта я, цётачка!..
Залеская вышла з-за кустоў смародзіны і, не пытаючыся больш нічога і нічога не гаворачы, пацягнула Клаву за руку. Клава пайшла следам за ёю. Яны прабраліся паўз гарбузнік, і, калі Залеская спынілася, Клава апусцілася ў разору. Яна так знясілела, так аслабела за дарогу, што ў яе проста самі сабой падгіналіся ногі...
— Мы цяпер сюды, у вішаннік перабраліся. Мы тут удваіх, з Наталляй,— ты яе не ведаеш. Небяспечна ў хаце — яшчэ падпаляць гітлераўцы... ці гранату шыбнуць... Божа мой! — пасля хвіліны маўчання сказала збянтэжана Залеская,— Клаўка, дык гэта ты?
Яна памацала Клавіны плечы, як бы не давала веры голасу.
— Тут жа аб'явілі, што расстралялі цябе. Значыцца, няпраўда.
— Праўда, цётачка,— спахмурнела Клава,— Расстралялі.
— Як жа праўда?.. Ты цішэй гавары...
Клава неахвотна і вельмі скупа расказала, як яе расстрэльвалі, як яна выратавалася і як яе выхадзіла невядомая жанчына.
— Клаўка!— жахнулася Залеская.— Дык чаго ж ты вярнулася? Ты ж магла наткнуцца на якую засаду, цябе маглі схапіць!
— А як жа мне было сядзець недзе, калі тут такое робіцца? Нашы так спяшаюцца, а мне што ж сядзець? А можа, тут чакае мяне справа? Я так хапалася, цётка, каб хутчэй вярнуцца. А што могуць мяне арыштаваць,— як жа мяне арыштуюць?.. Я ж расстраляная.
— Ты смяешся... Як ты можаш жартаваць?
Клава нічога ёй на гэта не адказала, а, раптам сціснуўшы руку Залескай у сваёй, трывожна і нецярпліва прашаптала:
— А што з маёй маці, цётачка?
Читать дальше