Назаўтра Дзядзюлю стала лепш. А яшчэ цераз дзень ён ужо зусім бадзёра глядзеў са сваёй пасцелі на акно. Неба было зноў яснае, заходзіла сонца, і ў яго праменнях стаялі дрэвы за акном. Насупроць аконнай шыбы, на тонкай галінцы вісела яшчэ некалькі апошніх лісткоў. Дзядзюля глядзеў на іх, але не заўважаў іх. Як цвік з-пад малатка, яго мазгі прабівала думка, што на яго накладзена пячаць ганьбы: у цяжкую для яго хвіліну Волька прыйшла ратаваць яго. Нягледзячы на ўсе яго заявы, яна стала доктарам. Так, як ніколі, яна цяпер сталая, разумная, упэўненая ў сабе.
- Чартоўка паршывая! - замармытаў Дзядзюля. - Доктар называецца. Паставіла банькі, напісала рэцэпт і ўсё. Ні разу не прыйшла паглядзець, толькі два разы нейкую бабу прысылала запытацца, як мне. Толькі назва, што дактары, а сваіх абавязкаў не разумеюць. А можа не хочуць разумець!
У той жа самы вечар, падцягнуўшы да падушкі табурэт з лямпаю, Сафрон Дзядзюля пісаў карандашом на лісце паперы, вырваным з вучнёўскага сшытка. «Заява... Гэтая гора-ўрач дэталёва нават не азнаёмілася з хваробай. Ёй, безумоўна, трэба было дастаткова ўвайсці ў лячэнне, а яна абмежавалася толькі тым, што паставіла банькі і напісала рэцэпт. І ні разу не зайшла праверыць змагаючагася з захворваннем арганізма... І яшчэ трэба дадаць, што гэтая асоба рэлігійная, што не можа быць у адпаведнасці са званнем савецкага ўрача, як то: гэтая асоба, нягледзячы, што ў свой час выключалася з рабфака як дачка кулака і спекулянта цялятамі, павінна была ізулеч для сябе ўрокі, якіх не ізулекла, паколькі гаварыла чалавеку, у якога спынілася, што ёй прыемна было пабываць на могільніку каля трухлявай царкоўнай сцяны. Гэта яна матывавала тым, што на яе ўсплывалі ўспаміны маленства, калі яна каля гэтай сцяны гуляла ў малыя гады з дзецьмі. Але тут падаплёка ўпаўне ачавідна...»
Дзядзюля раптам задумаўся: куды ж паслаць гэтую заяву? Невядома, адкуль яна сюды прыехала?
Зусім паправіўшыся, Дзядзюля ішоў на працу. Зазірнуўшы на могільнік, ён убачыў дзве акуратна абкладзеныя дзярном магілы Вольчыных бацькоў. Магілы былі абгароджаны новымі балясамі. «Недзе ж такі дастала цвікоў», - падумаў Дзядзюля. Удзень зайшоў у кааперацыю былы сусед Вольчыных бацькоў.
- Паехала? - запытаў Дзядзюля.
- Паехала, - адказаў чалавек. - Але ненадоўга. Ёй тут вельмі спадабалася, а ў раёне якраз не хапае аднаго доктара. Казала, што будзе прасіць, каб яе сюды назначылі.
«Вось цяпер і вядома, куды пасылаць заяву, - падумаў Дзядзюля. - Раённым органам».
У тыя самыя дні Волька пісала сваёй сяброўцы:
«...Тысячы момантаў з майго маленства паўсталі перада мной як жывыя. Я пазнавала дрэвы, каменні, узгоркі... Я прывяла да парадку магілы бацькоў і доўга хадзіла па родных дарогах. Тут усё так блізка і знаёма майму сэрцу. Я шаную тое, што было ў маёй душы з маленства і люблю сучаснае. Тут мне будзе весела і радасна працаваць. Сярод тых людзей, якіх я ведала заўсёды, і тым цікавей мне цяпер бачыць іх у сапраўдным чалавечым жыцці...
Не абышлося і без непрыемных успамінаў. Я дазналася, праз каго я тады гэтулькі перацярпела знявагі і крыўды. Але гэты прыкры эпізод увесь у мінулым: не перашкодзіў жа ён мне скончыць інстытут. Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агідна дакранацца да яго рукамі. Я хацела толькі аднаго: каб ён хутчэй паправіўся і каб больш не лячыць мне яго. Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукі і думала: зусім можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам. Нашто? Так сабе, з ласкі на пацеху... Адным словам - чорт з ім...
Пасля сапраўднага асенняга дажджу зноў стаіць яснае надвор'е і яшчэ цвітуць познія кветкі...»
1938
Яны ішлі ляснымі сцежкамі і глухімі закуткамі. Ішлі з дзецьмі. Меншых неслі на руках. Яны былі маўклівыя. У гэтай маўклівасці было адзінае для ўсіх іх пачуццё - вялікае і наймацнейшае за ўсё, што асталося цяпер у іх жыцці. Гэта была нянавісць, і ёй не было ні канца, ні меры.
Найбольш гэта былі жанчыны. Былі маладыя, былі і сярэдніх год, былі і старыя, але ішла сярод іх адна «жанчына» са «сваімі дзецьмі», у якой адной з'ядналася ўсё, што было напісана на многіх тварах, што жыло ў многіх душах. Гэтай «жанчыне» было год дванаццаць, і вяла яна з сабой двое дзяцей. Большаму хлопчыку было год сем, меншай дзяўчынцы - год пяць. Гэтую дзяўчынку яна нават разоў са два спрабавала падносіць на руках. Было гэта паблізу і раўналежна дарозе з Менска на Маскву.
Бадай-што кожны з гэтых людзей перажываў сваю асабістую крывавую драму. Адзін не ведаў, дзе ў страшную хвіліну дзеліся бацькі, другі не ведаў, дзе дзеліся дзеці. Дзеці, якія ішлі адны, не ведалі, дзе дзелася маці. Але ўсе ішлі на ўсход, ад ворага. І ўсё асабістае злілося ў кожнага ў адно з усімі.
Читать дальше