– Возьмеш. Сам дзьмуць будзеш на вятрак, сам!
– Вятрак – птушка вольная. Яму не загадаеш. Ведае ён, атрымліваецца, каму трэба малоць, а каму – не. Разбіраецца, выходзіць. Мудры вятрак у мяне. Мудры. І сам раней не ведаў, што ён такі.
Паліцай Вітух раптам сарваў з пляча карабін і стрэліў угару.
– Другая куля – твая, Нупрэй!
Дзед Нупрэй ірвануў сарочку на грудзях, падставіў тулава бліжэй да Вітуха:
– На-а, маць тваю! Хоць буду ведаць, за што! На-а!
Вітух апусціў карабін і пайшоў з вятрака на ганак, сеў на прыступках, дастаў з кішэні бутэльку з самагонам і забулькаў у горла, бы ў нейкую прорву. А потым ён, калі асалавеў, садраў з галавы пілотку, чмякнуў ёю вобзем, ажно закурэў пыл, і пачыкільгаў, куды глядзяць вочы.
– Памарыную, памарыную я паліцая з хлебам, – дзед Нупрэй паклаў руку на плячо Юраську, прытуліў яго да сябе. – Адзін дзень ён прывязе на вятрак хлеб, а калі забярэ – гэта не ўгадаеш... на другі наўрад... і тое не ўвесь. Адно, што магу абяцаць. Табе, сабе, Лявону Кончыку, Аляксею Касцючэнку. У яго ў атрадзе сын нарадзіўся. Бачыш, як бывае? Вайна вайной, а дзеці нараджаюцца. Лёшкам хлопчыка назвалі. Кім вырасце той малы Лёшка Касцючэнка? Гэта ўжо ты даведаешся, Юрка. Ну, дык што рабіць будзем? Пойдзеш за бярозкай ці пачнем зерне малоць?
– Пайду!
– Ідзі, правільна зробіш. Не адступайся. Дамагайся свайго.
– А потым прыбягу на вятрак, дапамагу.
– Прыходзь. Ад паліцая усё роўна не адвяжашся. Як не круці-вярці. Але абдурыць яго зможам. Ды і не трэба забывацца, што пад маркай іхняга хлеба нам трэба пачынаць патрохі і для партызан малоць. Мяшок, напрыклад, Вітуху, тры – сабе. Ну, як разлік?
– На пяць! – усміхнуўся Юраська і паказаў вялікі палец.
– А вядро ўсё ж вярні мне,– папрасіў дзед Нупрэй. – Вярні. Калі зноў пачне ў мяне на ветраку паліцай Кот хуліганіць, то я вядро тое яму на галаву ўстыркну – як на кол. Каб ведаў!..
Сказаў стары не тое каб сур’ёзна, але і не жартам.
12. ХАЛОДНЫ ВЕРАСЕНЬ
... Ночы пахаладалі. Верасень, а зябка, так і здаецца, што вось-вось возьмуцца першыя замаразкі. Асабліва адчувалі холад хлапчукі, пакуль ехалі на калёсах. Дрогка і холадна. Апрануліся ж, бы ўлетку. Хапіла розуму ў адных кашулях выпраўляцца ў лес. Лявон Кончык – хітры, надзеў ватнік і куфайку. Цёпла яму. Сядзіць сябе, звесіўшы нагу з драбіны, і ў вус не дзьме, толькі раз-пораз войкае і папракае хлапчукоў:
– Адыму лейцы! Як вы едзеце? Не ганіце так, шалудзіўцы, каня!
Аднак гняды конь з белымі падпалінамі Авадзень стараецца, быцца ўсё роўна ведае, што поле трэба праскочыць чым хутчэй, а там, у лесе, можна асабліва і не спяшацца.
Лявон Кончык бачыць, як Юраська ляскае зубамі, знімае з сябе куфайку і сілком накідвае таму на спіну:
– І не ўпарціцца! Ша мне!..
А Сяргейку з Паўлікам параіў прабегчыся – каб сагрэцца. Тыя паслухаліся, і цяпер двое едуць, двое бягуць. Калі не лічыць паслухмянага каня Авадня.
Лес сустрэў іх насцярожана, насуплена, а потым усё ж крыху палагаднеў і цягнуў насустрач людзям свае рукі-галіны: рады бачыць вас, сябры! Дрыготка віселі ў небе зоркі, мігцелі, і таксама быццам каціліся над галовамі хлапчукоў і Лявона Кончыка на нябачных адсюль колах.
Спярша ў лесе было цёмна, але неўзабаве быццам пасвятлела – прывыклі вочы да змроку: нават можна было разгледзець, дзе стаіць каля дарогі бярозка, дзе яліна, сасна. А калі прыслухацца, то чуваць, як шэпчацца дрэвы. Аб чым? Пра што? Падслухаць бы. Гэта, пэўна ж, было б цікава.
Лявон Кончык моўчкі забраў у Паўліка лейцы, нэкнуў на каня, які ступаў сабе і ступаў, роўна пасопваючы. Так кіраваў ён нядоўга. Не спыняючы каня, саскочыў на зямлю, узяў Авадня за вуздэчка і павёў з вузкай лясной дарогі ўглыб лесу.
– Вочы глядзіце, – папярэдзіў хлапчукоў.
Ад дарогі не так далёка да ляснога склада, дзе схавана збожжа. Пра гэтую схованку хлапчукі ведалі. Хто ж, як не яны, і вазілі сюды мяхі! Паўлік нават два рэйсы зрабіў, пашэнціла яму, а Юраська з Сяргейкам – па аднаму. І тое добра. Не дрыхлі ў тую цёмную лётнюю ноч, а стараліся, як і дарослыя.
– Ціха дабраліся? – пачуўся з цемры глухаваты голас дзеда Платона.
– Усё добра, – адказаў Лявон Кончык.
– Га, і мальцы тут?
– І мальцы. Яны свайго шанцу не ўпусцяць. Ну, што ў вас?
– Наша фурманка гатова. Зараз вас загрузім – і ў дарогу.
Хлапчукі падышлі бліжэй да дарослых і неўзабаве ўбачылі, як з гушчару прадраўся на палянку стараста Ігнат. Аднак яго з’яўленне тут ніколькі не здзівіла хлапчукоў. Юраська толькі ўсміхнуся і падумаў: «А дзед Нупрэй, бач ты, хітрун яшчэ той: я да яго ключыкі падбяру... Навошта падбіраць, калі ён свой? Канспіратар!»
Читать дальше