– А яго няма. Я сам знайду, што з’есці.
– І адразу прыходзь. На заўтра не будзем адкладваць тое, што можна зрабіць сёння.
Я пабег да сябе, а дзед застаўся сядзець на зэдліку. Калі я вярнуўся назад, ён спаў у хаце на ложку і ўсміхаўся ў сне. І я не стаў яго будзіць. А раптам ён бачыць зноў той белы пясок ці яшчэ што-небудзь такое, што яму прыемна бачыць? Кош я і сам магу дарабіць. Што там засталося. Дробязі. А калі амаль што кош быў гатовы, я залез у яго і таксама заснуў. Мяне разбудзіў дождж – ён так секануў, знянацку і спорна, што я падскочыў, бы апараны. А дзед Грышка глядзеў на мяне з клеці і смяяўся:
– Паспаць мы з табой, брат, майстры. Што стары, што малы – адна парода. Але ж кош агоралі, хоць і з прыгодамі, забрыкай яго каза!..
Пра кош я не адразу ўспомніў – доўга лыпаў вачамі і шукаў вянок, які прысніўся. Вянка не было. І Надзейкі таксама. Пасярод двара стаяў адзін толькі кош. А калі я ўсё зразумеў, таксама засмяяўся.
Было чыста, лёгка і свежа на зямлі.
Як заўсёды пасля дажджу.
4. «БАГУН, БАГУН, МЫ Ў БАЛОТА...»
І неўзабаве людзі пацягнуліся ў бок балота. Яно пачынаецца не адразу за вёскай, а трэба патэпаць – і па бальшаку, і па куп’істым Чопкім лажку, а тады ўжо, калі за маленькім мастком, які і зрабілі летась , каб цераз канаву можна было вазіць торф, пакажацца маленькае пасяленне – вёска не вёска, хутар не хутар -- з нейкай не дужа зразумелай назвай Негліва, то па левую руку, як ісці, і будзе балота. Насустрач выбягуць кусты вербалозу , тонкія і крывыя бярозкі, побач з якімі, бывае, пракідваюцца і грыбы. Абабкі. Яны не такія, як у звычайнам лесе – брылькі больш светлыя, а ножкі доўгія , тонкія і часцей за ўсё крывыя. Нібы дражняцца з бярозак. А далей пачынаецца сапраўднае балота. У старых кар’ерах цвіце рудая вада, а галінкі з ягадамі-дурніцамі звісаюць прама над вадой, і не заўсёды іх дастанеш: небяспечна, можна абрынуцца ў ваду, а там плавае неба – уга, якая глыбіня. Не, лепш не лезці. Ягад хапае і на іншых кустах. Толькі ж іх усёроўна многа не з’ясі. Гэта каб хто зрываў табе, а самому збіраць надакучвае. Ну іх, тыя дурніцы. Не тое, што грыбы. Дзяўчынкі, дык тыя любяць. І атрымліваецца ў іх добра, спрытна: хап-хап-хап! Але што ягады? Ёсць на балоце адзін вораг, якога ўсе баяцца – як агню. Нават дарослыя і такі смяльчак, як дзед Грышка. Стары і навучыў мяне, як змагацца з тым супастатам. Гэта багун, расліна такая. Яна кусціцца, дзе толькі можа. І быццам наўмысна, калі з’яўляецца побач з багуном чалавек, ён пачынае так пахнуць, што ачмурэць можна. Галава робіцца, што чыгун. Не свая. Ты ёй загадваеш, галаве, ягады збіраць, а яна хоча паляжаць. Або пасядзець. Ці што-небудзь іншае, а багун – не, будзеш рабіць тое, што я загадаю: спярша ачмурэць павінен, а тады я павяду цябе, куды пажадаю. Адзін раз і мяне ён падлавіў, багун той. Ледзь выйшаў з балота, і тое не помню – як. Так што з ім жартачкі кепскія. Калі мы з дзядзькам Хвядосам і Петрыкам толькі запрыкмецілі першыя кусты багуну, я загадаў :
– Багун, багун, мы ў балота, а ты – з балота!
Петрык таксама прашаптаў гэтыя словы, і нават тупнуў нагой:
– Вон! Ну, каму сказана!
Дзядзька Хвядос усміхнуўся:
– Усё, цяпер можна заходзіць смела: галава не разбаліцца.
Канешне, не. І дурню зразумела. А каб не сказалі і мы тыя словы, каб не прагналі яго, дурмана, то хапіла б. Можа, і торфу таго накапалі б кату пад хвост, зусім мала, а так можна будзе працаваць, пакуль сілы хопіць. А сілы павінна хапіць. Паснедалі мы добра, яшчэ і цётка Матруна напакавала торбачку, так што будзе , калі вымерхаемся, што ўкусіць. Падсілкуемся – і зноў наперад. Расседжвацца няма калі. Бо на балоце людзей, што мурашак, і ўсе адны перад адным таўкуцца, хочуць паказаць сябе. Не там, дык тут. Ясная справа. А мы што, павінны выглядаць слабакамі? У мяне мускулы, калі руку рычажком зрабіць, як бугарок. Петрык толькі насупіцца і адвернецца: канешне, а чым яму пахваліцца? Рука роўная, што брусок. Як не рабі яе, а таго бугарка, які ў мяне, і блізка няма. Слабак. А яшчэ і крыўдзіцца, не любіць, калі яму праўду гавораць.
Дзядзька Хвядос учора прыходзіў на балота, аблюбаваў месца, і вось цяпер ён вядзе нас да яго. А я ўспомніў дзеда Грышку, і мне зрабілася шкада старога, бо ён – толькі б пабачылі! -- такімі сумнымі вачыма праводзіў нас, што не пазайдросціш. А мне, калі забіраў кош, прызнаўся:
– Зноў без мяне на балота... І навошта жыць? Э-ха-ха-а!..
А потым , нібы ачомаўшыся, прымаў бадзёры выгляд – успамінаў пра сына, якога чакаў, і больш не скардзіўся на жыццё.
Читать дальше