Не адразу агледзеліся людзі, што на наваселлі няма Кастуся з Раісай.
– Ёй піць нельга,– таямніча, загадкава сказала Варка і зрабіла такі твар, што не кожны і прачытае на ім тое, што яна хацела сказаць. Старэйшыя, праўда, здагадаліся, а мы дык і не думалі асабліва здагадвацца, вельмі нам карціць! Ну, няма і няма. Трэба ён тут, той Кастусь! Ух! Так і ўцёрся ў нашу Гуту, ахмурыў Раюху, а мяне з Петрыкам дык і зусім за людзей не лічыць: то за нос ухопіць, то за вуха шкуматне... Можна падумаць, што сам такі ўжо герой. Метр шэсцьдзесят з кепкай. Калі кепку падкінеш угору. Форсу больш, чым трэба. Задавака.
– Быць не можа, каб танкіст не прыбег,– сказаў дзед Грышка. –Тады ў лесе нешта загіне. Ён жа, анціхрыст, усюды паспявае. Быць не можа!...
Мікіта яго паправіў:
– Усюды, гэта факт, не сакрэт. Але – не за стол. Заўваж, Грышка: не за стол.
– Тут ты праўду гамоніш, – пагадзіўся стары. – Ісцінную. Не налягае на градус. Пашанцавала дзеўцы.
Бачце вы яго, дзеда! «Пашанцавала». А раней што спяваў, салавей ты наш? Быў жа на нашым баку, за Хвядоса і Сцяпана ў грудзі ляпаў, а цяпер што – перабег на бок танкіста? Так, атрымліваецца? Лёгка, аднак. Гоп – і там! Вось з такімі і задумай зрабіць што-небудзь сур’ёзнае. Тут жа здрадзяць. І вокам ні міргнуць.
– Хай Раюху каравуліць, – дзед Грышка паскроб пальцам за вухам. – Дзела такое, не кожны дзень бывае. Х-хе! Яно каравуль не каравуль, але і прашляпіць можна. Як я. Прашляпіў, калі Пецька мой паявіўся. Адвярнуўся кудысь, падыходжу да хаты, а ён, гарлапан, і крычыць ужо на ўсю аселіцу. Гарластым і вырас. Ды ты, Мікіта ж, памяркуй: на фронце бабу сабе знайшоў, ну, ці не ў мяне! Лагойка, адным словам.
А калі ўсе напеліся і наскакаліся, а потым зноў селі на стол, то раптам людзі зашапталіся, пачалі перадаваць навіну па ланцужку, адзін аднаму, і калі дайшла яна да дзеда Грышкі, тут ланцужок той не проста абарваўся, а трэснуў з вялікім грукатам. Стары ўстаў, махнуў рукой і строга сказаў:
– Цыц мухам - камарам! Ціха! Ядры вашу!.. У такі дзень хлапец у танкіста з Раісай нарадзіўся, калі наваселле. Цікава-інцярэсна, га? Супадзенне якое, землякі. Наваселле і народзіны. Значыць, шчаслівы будзе хлапец. Вось за гэта і я вып ‘ю да канца. І не толькі занюхаю. Ну, з Богам, за мальца, за новага жыхара нашай вёскі. – І ён кульнуў пітво ў свой бяззубы рот, аддыхаўся і сказаў: -- А я і ведаў, што танкіст нашкодзіць у нас. І тое добра! Карысная шкода!
Калі разыходзілія людзі з наваселля, то паабяцалі трохі пазней схадзіць да Раісы ў адведкі, глянуць, на каго падобны хлапец. Хоць дзед Грышка на ўсе сто перакананы, што на танкіста, на каго ж яшчэ – той нідзе свайго шанцу не ўпусціць. У любога на хаду падэшвы адарве. А Мікіта ўзяў старога за локаць, паказаў на падкову, што вісела над парогам, і гарэзліва ўсміхаючыся, паківаў на яго пальцам:
– Больш без дазволу не бяры, Грышка. Уцяміў? Усе падковы расцягнеш з маёй кузні, не будзе чым узімку і коней каваць. Ногі паламаюць.
– Яшчэ зробіш,– адмахнуўся дзед Грышка. – Былі б навеселлі. Былі б мы. А жалеззя знойдзем. Вунь яго, у полі, колькі!..
І Мікіта не знайшоў, што адказаць старому.
2. І ЗНОЎ НА ПЕЧЫ
Цяпер над печчу была столь. Не параўнаць. Хоць снег, хоць дождж – нічога не страшна. А толькі ляжы ды слухай, як кроплі сякуць па саломе і зрэдку, калі касы дождж, па акну. Дык гэта ўжо можна слухаць, нават прыемна. А калі слухаеш, то марыцца хораша – зусім, як у кніжцы. Хутчэй падрасці б. Ды ў школу ФЗН падацца, дзе, кажуць, не толькі форму даюць, але і кормяць. На токара ці слесара. Хоць не, лепш усё ж на трактарыста. Едзеш на трактары, як дзядзька Сёмка, а дзеці бягуць услед і гагочуць, нібы гусі: га-га-га-а! Канешне, просяцца, каб падвёз. Але ж куды я вас, малеча, пасаджу, калі ў кабіне месца толькі для мяне аднаго. Як адмерана. Нават Петрык, паглядзіце, не можа ўціснуцца. Так-сяк уладкаваўся. У цеснаце не ў крыўдзе. А як жа мне яго, дружбака, не ўзяць? Ну, гэта ўжо даруйце! А дзед Грышка змахне з галавы тады сваю аблезлую шапку, махне рукой і скажа ўслед:
– Забыліся, хто мне ласкуты падаваў, калі я кажухі шыў? Цікава-інцярэсна. То-та ж! Ці не я казаў, што з яго чалавек вырасце! Га? А вы не верылі, блазнюкі! Наце вам! Неслухі, адным словам!
А то ўявіцца раптам, як адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўляецца мой тата, глядзіць на мяне, усміхаецца: вось і я, Колька! Толькі таты няма і няма. А нехта распусціў чутку па вёсцы, быццам мая мама атрымала пахавальную, а мне не прызналася – пашкадавала. Так і забрала тую тайну з сабой. А я цяпер вось і не ведаю, чакаць тату ці не. Хоць што тут не ведаць – чакаць, абавязкова, каго ж яшчэ, калі не яго! І Сцяпана чакаць. І Пятра Лагойку, сына дзеда Грышкі. Усіх.
Читать дальше