Нагледзеўшыся на мінакоў, Лявон заплюшчываў вочы і ляцеў да хутаранкі. Цяпер ён бачыў, як яна гуляе зь вялікім сабакам, зарываючыся пальцамі ў густую чорную поўсьць, сьмеючыся і жартоўна валтузячы яе. А сабака скакаў, спрабаваў стаць пярэднімі лапамі на грудзі, гучна і часта дыхаў расчыненай пашчаю, быццам сьмеючыся разам з гаспадыняй. Яна нахіляла галаву да сабакі, і ейныя валасы, ператужаныя паніж шыі ў тоўсты жмут, рассыпаліся па поўсьці. Некаторы час таму Лявон яшчэ вагаўся паміж русым і чорным колерам ейных валасоў, але ў нейкі момант даканцова зразумеў, што яны павінныя быць менавіта чорныя. І што яны адліваюць на сонцы драўняна-карычневым. Ці сінім? Лявон прычыняў вочы.
Паспаўшы паўгадзіны, ён аднаўляў шлях, змачыўшы горла сокам. З добрага настрою і добрага самаадчуваньня знутры ўзрастала энэргія, прымушала паскараць крок і штурхаць нагой каменьчыкі. Бліжэй да канчатку алеі, на правым баку, стаяла незразумелага прызначэньня сіняя скрыня на двайной белай ножцы, укапанай у зямлю. Аднаго разу, пахмурнага дню, калі алея была зусім бязьлюдная, Лявон, паддаўшыся нечаканаму імпэту, дастаў з заплечніка флямастар і напісаў збоку на скрыні: ГЕМАРОЙ. Праз боязь, што буйныя літары атрымаюцца няроўнымі і таму сьмешнымі, напіс выйшаў маладушна маленькім. Азірнуўшыся абапал і адыйшоўшы на колькі крокаў, ён зразумеў, што слова амаль неўзаметку з алеі, і трэба яго перапісаць. Але імпэт ужо выдыхнуўся, і Лявон схаваў флямастар. Цяпер, праходзячы ля скрыні, ён з сумесьсю павагі і незадаволенасьці адзначаў свой напіс. Чаму гемарой? Гэта было першае, што прыйшло яму на розум. Паходзіў жа гемарой, вядома, ад бацькі, які часта гаварыў гэтае слова.
Бацька Лявона зь ягоным малодшым братам жылі ў невялічкім мястэчку ў Гомельскай вобласьці. Лявон ужо даўно там не бываў, але гэта зусім яго не засмучала. Усе ўспаміны пра дом былі афарбаваныя раздражненьнем на бацьку – з прычыны ягонае грубасьці, неахайнасьці ды гультайства. Калі бацьку нешта здавалася складанае ці непрыемнае, дык ён моршчыўся і казаў: «які гемарой», «навошта мне гэты гемар». Адвечнымі гемароямі былі працёклая даха, падгнілы ганак, нахілены плот і чатырнаццацігадовы Мыкола, двоечнік і хуліган з такімі клясычнымі атрыбутамі, як сядзеньне па два гады ў адным клясе, цыгарэты, бойкі, гістэрыкі настаўніцы і адведзіны міліцыянтаў. Але ў цэлым бацька здольваў пасьпяхова ўхіляцца ўсіх гемарояў, і жыцьцё цякло звыкла і прыемна.
Вярнуўшыся з працы, бацька здымаў цёмна-сінія нагавіцы, каб не памяліся, у майткох ішоў на кухню і пачынаў есьці наўпрост з халадзільніка. Суцішыўшы першы голад, ён праходжваўся па хаце, муркаў якую мэлёдыю і пачухваў ногі. Калі Лявон яшчэ вучыўся ў школе, да часу вяртаньня бацькі з працы ён ужо пасьпяваў зрабіць урокі і ляжаў на ложку ў дрымоце. Ён чуў, як бацька набліжаўся да ягонага пакою, і рыхтаваўся да традыцыйных роспытаў, заўсёды аднолькавых. Дзьверы адчыняліся; каля хвіліны нічога не адбывалася. Лявон не глядзеў у той бок, але ведаў, што бацька стаіць, прыхіліўшыся да вушака, паціраючы і пагладжваючы ногі. Нарэшце ён ізноў пачынаў свой напеў і набліжаўся да стала. «Ну што, двоечнік?» Прытым, што двоек у Лявона ніколі не было. Лявон анічога не казаў, толькі паводзіў галавой у знак таго, што чуе. «Давай сюды дзёньнік». Лявон падымаўся, корпаўся ў партфэлі і працягваў дзёньнік. Бацька любіў гартаць яго з самага пачатку і перачытываць заўвагі, якія зрэдку пісалі настаўніцы. «Глядзеў у вакно на ўроку, ха-ха! Што гэта ты там убачыў, га?» Калі сёньня ці заўтра быў урок сьпеваў, дык бацька абавязкова цікавіўся, што праходзілі і што задалі. Яшчэ яму падабалася зазірнуць на апошнюю старонку, дзе былі прастаўленыя адзнакі за чвэрць, прааналізаваць схільнасьці Лявона да навук і намаляваць ягоную будучыню. Лепш за ўсё Лявону давалася матэматыка, да якой бацька ставіўся скептоўна. «Матэматыка добрая ў дадатак да чагосьці. А сама сабою яна нічога ня вартая. Хочаш быць настаўнікам у школцы, ці што?»
Лявон маўчаў, бо ня ведаў, кім ён хоча быць. Яму падабалася шпацырыць лесам, зьбіраць грыбы, сядзець ля вогнішча, купацца. Лесьніком? Чытаць кніжкі таксама падабалася. Бібліятэкарам? Бацька хацеў, каб Лявон пайшоў вучыцца на мэдычны інстытут і зрабіўся лекарам. Лявон жа лекарам рабіцца не хацеў. Аднаго разу ён ляжаў у раённым шпіталі з апэндыцытам, і яму не спадабалася агульна ўсё. Доктар быў злосны, прапахлы табаком, і аднойчы недарэчна аблаяў Лявона за незачыненыя дзьверы ў палату. Кармілі зусім прэснай ежай, а соль у сальніцах агідна зьліплася. Сетка ў ложку нязручна правісала. Суседзі гучна храплі і ўсе былі старэчага веку. Сяданкі ўнітазаў былі ў брулях. Вядома, усё гэта мела толькі ўскоснае дачыненьне да мэдыцыны, але Лявон цьвёрда пастанавіў ня быць лекарам. Тады ён яшчэ не адважваўся пярэчыць бацьку і толькі глядзеў безуважна ўбок. Бацька ані ня крыўдзіўся на гэтае маўчаньне, успрымаючы яго як паслухмянасьць; выходзіў і рушыў далей, да пакою Мыколы. Мыкола звычайна хаваўся ў каго зь сяброў, і бацька, адчуваючы абавязак выкананым, ізноў ішоў на кухню. Там яго чакала гарэлка ў халадзільніку і радыёпрымач на падваконьніку. Ён закусваў яблыкам першыя пяцьдзясят і браўся за радыёпадарожжы.
Читать дальше