Бедная княгіня… Мусіць, у яе сапраўды быў раман з мясцовым «нядобранадзейным» доктарам. Уяўленне паслужліва намалявала сцэну таемнага спаткання пад старым дубам, няўдалае выкраданне нявесты, дуэльныя пісталеты ды іншае сентыментальна-рамантычнае шалупінне. Тут жа па асацыяцыі я ўспомніла карціну, якую бачыла ў цудкоўскім музеі, «Шлюб пад прымусам». Цікава, магчыма, гэтая карціна мела рэальны прататып?
Пра ўсё гэта я думала ўвечары на мансардзе драўлянага дома, які належаў новаму дырэктару Наўеўскай школы Анатолю Андрэевічу. Менавіта тут мяне пасяліла начальства. Вядома, «умовы» знаходзіліся на двары, унізе шумна гулялі дырэктаравы дзеткі, ва унісон гулі тэлевізар і радыё… А гаспадыня з чыста беларускай гасціннасцю кожныя пятнаццаць хвілін «забягалася», каб удакладніць, ці не трэба мне чаго, ці буду я есці яешню са шкваркамі, ці лепш дастаць для мяне з каморы алею. За бяскрыўднымі гаспадарчымі пытаннямі праглядалася цалкам зразумелае жаданне бліжэйшага знаёмства. Але гэта ўсё-ткі быў асобны пакойчык, з акна якога бачыўся сярод заснежанага поля далёкі будынак былой школы. Я задуменна глядзела на цьмяны агеньчык у акне першага паверха, дзе, відаць, атабарыўся ваўкаваты Вінцук, і спрабавала ўявіць рэаліі местачковага жыцця стогадовай даўніны. Вось да ганка з калонамі пад'язджае экіпаж, падбягаюць слугі, з экіпажа грацыёзна выходзіць захутаная ў футра жанчына…
Тут мае мары перарваліся, таму што да панскага дома сапраўды пад'язджаў экіпаж, праўда, сучасны. Святло фараў выхапіла з цемры ўхутаныя ў прывідную шэрань постаці дрэў — ганаровую варту зачараванага замка… Хто і навошта ў такі час прыехаў у музей? Відаць, меў рацыю Альберт, калі казаў: — «Парасцягваюць…» Мільганула разумная думка: «Ну якая мая справа…»
…І я хуценька збегла ўніз. Не ведаю, якімі эпітэтамі ў думках узнагароджваў мяне гаспадар, дабрадушны аматар рыбалкі і Чэхава, але ўсё-ткі апрануўся і пайшоў са мною да былой школы.
Каля княскай рэзідэнцыі пабліскваў лакіраванымі бакамі шыкоўны джып. Мне падалося, што ў машыне сядзіць нехта ў серабрыстым футры. Праз адчыненыя дзверы школы чуліся галасы, дакладней, адзін злосны голас, і грукат. Я кінулася туды. Мой гаспадар сунуўся за мною, хоць я амаль фізічна адчувала ягоную неахвоту лезці не ў сваю справу. Сярод вестыбюля ўзвышаўся знаёмы бамбіза са світы шэравокай «прынцэсы». Ён, відаць, «крута» размаўляў з вартаўніком па тым жа пытанні, што і днём, таму што Вінцук, у раздзёртай на плячы сіняй кашулі, спрабаваў узняцца з падлогі, дзе, пэўна ж, апынуўся не па ўласным жаданні.
Пры нашым з'яўленні бамбіза неахвотна выціснуў усмешку:
— Трэба ж, зноў сустрэліся… А мы сюды па сумачку Веры Сцяпанаўны заехалі. Шукалі вось… Ну, добра, я пайшоў. Да сустрэчы, барадаты…
Мы не спрабавалі яго затрымаць. Аўтамабіль ад'ехаў. Дырэктар вылаяў гарадскіх бандзюг і пачаў нудна выгаворваць Вінцуку наконт дысцыпліны, відаць, спаганяючы злосць, што меў на мяне. Вінцук, не слухаючы начальніка, прамовіў мне абыякавае «дзякуй»і зноў зацяўся, як камень.
— Можа, у міліцыю паведаміць? Ці медыцынская дапамога вам патрэбна?
Вартаўнік моўчкі пахітаў галавой, а Андрэевіч ад маіх слоў усхваляваўся. Навошта шум падымаць? Вартаўнік сам вінаваты: пусціў чужых на аб'ект аховы.
Ну, не трэба дык не трэба… Сёння яны сюды наўрад ці вернуцца. Даме, напэўна, час ванну прымаць. Я не сумнявалася, што ў машыне сядзела «прынцэса».
Адыходзячы, я азірнулася на дом, які ў цемры набываў страчаную веліч. Скрозь дошкі, якія шчыльна закрывалі вокны другога паверха, у адным месцы прабіваўся праменьчык святла. Дзіўна… Можа, падалося? Не, свеціцца, праўда, толькі калі глядзець пад пэўным вуглом.
Дырэктару пра сваё адкрыццё я нічога не сказала. Па дарозе дахаты гаспадар, узрадаваны, што інцыдэнт вырашыўся, распавёў мне пра свайго папярэдніка на гэтай пасадзе. Цудко меў славу дзівака, хаця яго ў акрузе паважалі. Ён з няўрымснай энергіяй збіраў у свой музей старыя збаны і посцілкі, сямейныя архівы і рэшткі архіваў мясцовых устаноў. Калі руйнавалі царкву і касцёл з будынкам семінарыі, выцягнуў адтуль усё, што мог, дакладней, што там засталося. Драўляная скульптура, якую я бачыла, валялася ў сутарэннях касцёла, які з трыццаць дзевятага года і да свайго зруйнавання выкарыстоўваўся як склад. Андрэевіч быў яшчэ маленькім хлопчыкам, але памятаў, як бурылі касцёл, як Цудко ўгаварыў трактарыста і той перацягнуў адтуль да школы некалькі мармуровых скульптур і з дзесятак магільных пліт. З усяго захаваўся ў музеі толькі бачаны мной анёл ды тры надмагільныя пліты князёў Палецкіх. Астатнія, казалі, забрала раённае начальства. Я ведала, што гэта значыць — айчынныя нуварышы купляюць старыя каменныя надмагіллі, знішчаюць надпісы і выкарыстоўваюць для ўшанавання памяці памерлых сваякоў. Добры мармур набыць цяжка. А тут яшчэ і з гатовымі малюначкамі трапляецца. Вартаўнік з'явіўся ў школе два гады таму, Цудко ўладкаваў яго перад самай сваёй пенсіяй. Адкуль той Вінцук узяўся — ніхто не ведае; Цудко сказаў, што гэта ягоны далёкі сваяк. Па Наўі адразу пайшлі чуткі, што сваяк выйшаў з псіхіятрычнай бальніцы. Дый гэта ад пачатку было відаць, што чалавек «з прыветам», — з выгляду, як бадзяга, да сялянскай працы не змусіш, толькі дровы сячэ ды ўлетку траву пакосіць вакол школы. Ні з кім не гаворыць, ніхто да яго не прыязджае. Трэба будзе пераводзіць музей у новую школу, але там усё не змесціцца. Давядзецца аддаць большую частку экспанатаў у раённы музей. Рэчы ёсць прыгожыя, шафка, напрыклад, і вазы. Але без іх спакайней. А тады што з вартаўніком рабіць? І выгнаць шкада — прападзе чалавек, забамжуе.
Читать дальше