Мы горка памыліліся. Скажу толькі аб дажджы, які паласаваў нас на працягу дванаццаці гадзін, калі мы ехалі назад. Я вёз з сабою рукапіс рамана (хлопцы збіраліся кінуць мяне ў маім Рагачове, вяртаючыся ў Менск), і ўсе дванаццаць гадзін я сядзеў на рукапісе, прыкрываючы яго ўласным целам. Пэўна, я прамок з галавы да ног, бо рукапіс па прыездзе быў трохі падмочаны.
Угледзьцеся ў гэтыя падцёкі, нашчадкі, і памяніце нас добрым словам за нашы пакуты.
Не буду расказваць пра ўсю нашу дарогу. Пастараюся толькі пакаяцца перад загадчыкам фермы, што пад Парычамі. Мы выехалі, па віне студыі, позна, прыехалі туды, на бераг Бярозы, зусім уначы, і (паверце, толькі сілаю жорсткіх абставін!) я вымушаны быў сцягнуць з кастра каля фермы некалькі паленцаў, каб раскласці хоць нейкае цяпельца і, хаця пры ягоным святле, нацягаць пасля лаўжоў і сухастою, каб развесці зыркае вогнішча і сяк-так пераначаваць ля яго.
Але вы яшчэ не ведаеце, якая была наша мэта? Мы ехалі ў Палессе, у глыбіню ягоную, за Мазыр і Лельчыцы, каб «засняць» каля вёскі Данілегі славуты тысячагадовы цар-дуб, або дуб Крывашапкі. У нас былі ўжо шасцісотгадовыя дубы, чатырохсотгадовыя ясені, таполя Напалеона, дубы Міцкевіча, дубы Ягайлы, проста семісотгадовыя дубы. Нам пазарэз патрэбен быў тысячагадовы дуб. Без яго фільм быў бы не фільм.
Ехалі насустрач стагоддзям.
Праскочылі Прыпяць, праскочылі ўтульны ўзгорысты Мазыр. Дзень далёка пераваліў за палову, і я дамогся таго, каб гэтую ноч мы пераначавалі на беразе Прыпяці. Гэтую зямлю нельга глядзець стомленымі вачыма, яна такая адна, і перад ёю, як перад сур'ёзнай кнігай, павінен быць пралог або хаця лірычны ўступ. Лепей за Прыпяць у гэтым сэнсе нічога не прыдумаеш. Мы ад'ехалі далёка ад горада, разбілі палатку і паехалі шукаць рыбакоў «у разважанні, чаго б пад'есці».
Самім лавіць было позна. Прыпяць не любіць тых, што бяруцца за справу на хапка.
Каб мы былі разумнейшыя, мы б ведалі, што ніхто не будзе займацца такой дурасцю, як ловы рыбы, калі за ракою касьба, калі звіняць косы, калі гучна смяюцца каля буданоў бабы, гатуючы вячэру, калі хлопцы, абцершы пукам травы касу, кідаюцца ў раку, каб змыць з сябе дзённы пот, і гучна, цераз мыс, перакідваюцца з дзеўкамі рызыкоўнымі жартамі і ўсім такім іншым, вячэрнім.
Рыбакоў мы сапраўды не знайшлі. Затое знайшлі калег. Яшчэ калі мы ехалі нетрамі, я зразумеў, што дзеля паўнаты шчасця нам не хапае толькі сустрэчы з мядзведзем. Але мядзведзі былі далей (выяўляецца, па шматлікіх расказах, што яны ёсць і тут, а не толькі на Бярозе, мы самі сустракалі людзей, якія зусім нядаўна бачылі іх), за тымі мясцінамі, куды мы ехалі.
І вось мы выехалі на палянку над ракой і ўбачылі там апараты, танваген, людзей і... ніштаватае ўжо медзведзянятка. Нас сустрэлі знаёмыя храпы. Малады аператар расцвіў пралескай і ўсміхнуўся сонцу, беларускім лясам, Прыпяці і мне. І я ўспомніў, як у адной экзатычнай кватэры мы сядзелі і папівалі сухое віно пад крыкі шматлікіх папугаяў і як потым нам, як дарагім гасцям, падарылі каштоўны падарунак: руку эгіпецкай муміі.
Я спаў тую ноч у інтэрнаце і ўсю ноч з прыемнасцю ўспамінаў, што ў мяне пад ложкам, у чамадане, ляжыць рука муміі. Магчыма, эгіпецкай царэўны. Раніцай я зразумеў, што не магу скарыстацца з такога дарагога падарунка, і велікадушна пераўступіў руку муміі майму сябру. Я страшэнна паважаў яго як маладога таленавітага аператара. Я не мог абяздоліць яго, пакінуўшы руку муміі толькі сабе. Раніцай ён сказаў, што занадта малады і не можа адзін карыстацца рукой муміі, што ён нічым не праявіў сябе як малады таленавіты аператар (дагэтуль ён гэтага чамусьці не казаў, а казаў зусім адваротнае), і аддаў руку муміі трэцяму сябру. Увесь час у нашым пакоі нябачна прысутнічала рука муміі. Урэшце мы калектыўна аднеслі руку муміі назад і сказалі, што нашы заслугі перад гэтым домам і ўвогуле нашы добрыя якасці нявартыя такой дарагой узнагароды.
Пасля я купіў новы чамадан, а стары вынес і паставіў на вуліцы. Ад усёй душы спадзяюся, што нехта карыстаецца ім да гэтага часу. Гэта быў харошы, дыхтоўны чамадан. Хай пашле яму Бог доўгае жыццё.
Чаму я ўспомніў аб муміі? А чорт яго ведае... Так.
Медзведзяня знемагала ад спёкі і здаровага маладога апетыту. Дублёр ягоны хроп на ўсе застаўкі і не ведаў, што заўтра менавіта яго чакае тая ж самая цяжкая чаша, а храпці і есці будзе гэты.
Медзведзяняці ў дзень здымак да вечара не давалі досыта пад'есці. Іначай нажарэцца і не захоча працаваць. Зусім як чалавек.
Читать дальше