Пры гэтым, хочучы паказаць, як гэта адбываецца, ён націснуў палкай на канец дошкі, і тая віхнулася ўніз, адкрываючы чорную пропасць скрытага пад ёю калодзезя. Праваднік патрымаў гэты рухомы мост, а мне загадаў выцягнуць засунутую за жалезныя скобкі, з боку мураванай студні, дошку, паклаўшы якую на мост, мы перайшлі на другі бок яго і схавалі дошку ізноў, з другой стараны.
Прайшоўшы некалькі крокаў, мы знайшлі ў сцяне нізкія чорныя дзверцы, за якімі была рухомая сценка, адсунуўшы каторую, увайшлі ў даволі абшырны пакой, з мураванымі лавамі каля сцен і высокім падмуркам пасярэдзіне, на каторым стаяла старасвецкая труна, знаная яшчэ данядаўна месцамі ў Беларусі пад назовам «корста». Гэта — тоўстая калода з высечаным усярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой жа калоды. У асабліва важных здарэннях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і «берасцілі», г.зн. густа спаясывалі доўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажам, а наверх шчытна акручвалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак прыгатаваны корст мог соткі гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцвежы. Гэткія корсты бачыў я раней, калі адной вясны Дзвіна падмыла старое магілішча, і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а сяляне вылаўлівалі, каб нанова закапаць у зямлю.
— Гэта корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэтыя ходы, — сказаў мне праваднік. — Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрымання слова пацалуеш у чало гэтыя шацоўныя астанкі.
Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую свячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчэў і дыміў, але памалу ўгарэўся, і я пабачыў на труне зробленую ў акружнасці надпісь глаголіцкімі літарамі. Надпісь гаварыла: «Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці моцай слоў тайных на пільнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова».
Мы адкрылі корст, і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў злататканую павалоку. Ляжаў ён, крыху на правы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на пазлацістым паясе; левая нага крыху паднята ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснуўшы старац з шэра-папялістым абліччам.
Падземны чалавек сказаў мне стануць у нагах, а сам стануў каля галавы на ступеньках падмурка. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя свечкі, і мне здалося, нябожчык змігнуў вачыма.
Сярод неапісанай цішы прагучэлі ўрачыстыя словы формулы прысягі, якую чытаў мне праваднік з узятага з-пад галавы нябожчыка звітку пергаміну.
Словы былі так урачысты, закляцці такія страшныя, акружэнне так незвычайнае і нечаканае, што мне закружылася галава. Мой праваднік таксама стаўся бледны і ўвесь дрыжэў. Раптам ён, як быццам аступіўшыся, зваліўся ўніз, адначасна падсвечнік з грукатам рынуў на памост, гасячы свячу. Запанавала непраглядная цемень і ціш. Я пачаў клікаць яго. Глухое маўчанне ды нягулкае рэха былі адзінай адповеддзю на мой кліч.
Свігавіцай праз мысль прабеглі страшныя абразы з легенд і сапраўдных здарэнняў, а такжа той факт, што пры мне няма серчыкаў. Я чуў, што ў гэтай нямой цішы і чорнай, да болю ў мазгах, цемні, пад уражаннем свежага страсення нерваў знаходжуся на самым рубе да ўтраты прытомнасці. У мазгах інстынктыўна і распачліва пачала біцца адна-адзіная думка: трэба быць спакойным, трэба быць спакойным! Я чуў, разумеў, што цяпер адзіны ратунак у захаванні спакою. І, як лунатык, з працягнутымі наперад рукамі, пайшоў у старану, шукаючы бачаных мной пад сценамі мураваных лавак.
Я сеў на лаўку і пачаў глыбока ўдыхаць паветра. У вушах званіла цішыня, пры якой чыканне гадзінніка ў кішэні чулася, як рытмічны ход паравой машыны, ды глухое тутненне крыві ў шыі і вісках. Як доўга я сядзеў — змеркаваць нельга, магла гэта быць адна мінута, як і цэлая вечнасць.
Урэшце надумаў пайсці шукаць майго правадніка і пры ім серчыкаў і ліхтарні. З гэтай мэтай я ссунуўся з лавы і папоўз на руках і каленях к сярэдзіне. Хутка нашчупаў падмуроўку, на якой я нядаўна стаяў, і папоўз кругом яе, бо не мог змеркаваць, з якой стараны знаходжуся. За другім паваротам рука натрапіла на нешта мокрае і клейкае. Я падумаў, што гэта кроў, што недзе тут блізка ляжыць мой праваднік, і асцярожна выцягнуў руку наперад, якая наткнулася спярша на масіўны металічны падсвечнік, а пасля на людское цела. Я падаўся яшчэ бліжэй, шукаючы рукі. Пульс не біўся, галава яго была мокрая і сцюдзёная. У бакавой кішэні курткі яго я нашчупаў серчыкі і з радасцю хапіўся паліць іх, але рукі мае былі мокрыя і дрыжэлі, серчыкі ламаліся або толькі давалі іскры. Перапсаваўшы штук з дзесяць, я спахапіўся, што іх у скрынцы не шмат, і сілай волі стаў паўстрымліваць сябе, каб не псаваць болей дарэмна. Высілак над самім сабой даў найлепшыя вынікі, з увагай выняты серчык і пацерты аб скрыначку загарэўся, асвятляючы страшэнны абраз: перада мной ляжаў наўзнач мой праваднік з разбітай і акрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зіяла страшэнная крывавая рана. Сернік дагарэў і згас. Цяпер я толькі заўважыў, што, акром сернікаў, у мяне больш няма нічога. Куды паставіў праваднік ліхтарню, якую згасіў пасля таго, як запаліў свечку, я не заўважыў. Сернікаў было ўсяго толькі некалькі ў скрыначцы, і я пастанавіў ужыткаваць іх з мудрай асцярожнасцю. А дзеля гэтага ізноў папоўз па памосце. Па доўгіх шуканнях была знойдзена і запалена ліхтарня. Пры святле ліхтарні я сцвердзіў сумны факт смерці майго правадніка. Ён такі сапраўды аступіўся, зыходзячы, і, падаючы, ударыўся віском аб востры выступ падстаўкі ліхтарні, якую цягаром свайго цела абярнуў.
Читать дальше