Канчаўся лог. Уперадзе блізка быў лес — здалёку былі відаць чырвоныя, што ад агню, сосны.
Далёка, у канцы логу, з правага боку, была рака; там густа расла лаза — усё роўна як зграблі ў вал сухое сена і яно ляжала цяпер ворахам. Над ракой нахіліліся старыя вольхі; з-за іх вытыркаліся востранькія елкі; відаць быў і белы дробны бярэзнік — за ракой. Там было балота.
Пасушэла; дыхнула аднекуль з зямлі духам, што з хаты; запахла сырым пяском, усё роўна як з ям ля вёскі.
Захацелася есці — бліноў з бульбы, якія маці пякла кожную раніцу, устаўшы такой парой.
Павузела дарога, пачаўся малады, густы сасновы лес. Ён, мусіць, ішоў гарой аж за Пунішча, адступаючы ад яго, як баючыся; пасля паварочваў пад Дальву і цямнеў здалёку, чорны, што ноч. Там пачынаўся Палік. З Дальвы да Паліка далёка... З Дальвы туды рэдка хадзілі.
Ля самай дарогі рос верас, высокі, стары і руды; чапляўся дудкамі за атосы — яны аж звінелі.
У каляінах быў пясок, сухі, жоўты і глыбокі; у яго хаваліся колы, і конь ішоў навыцяжку. Ехалі памалу.
На самай гары, справа, дзе недалёка ўнізе была рака, рос невысокі сасняк; над ім паказалася сонца і пачало калоцца ў вочы. З неба з'ехалі хмары: днём зноў стане пячы сонца, як учора.
Мужчыны пазлазілі з вазоў і ішлі ля Боганчыкавых калёс. Пярэдні ішоў Махорка. З мяхоў злез і Янук, узяўся за ляжэйку і трымаў у руцэ лейцы. Ззаду зноў не было чуваць Насты — асталася.
З-пад калёс падымаўся пыл, мяккі, як з-пад падсітка, і лез у горла. Было чуваць, як ціха кашляе Панок: заціскаў, мусіць, рот.
Збоку за ракой недзе далёка загудзела, цяжка, з натугай, усё роўна як пад гару ішлі леспрамгасаўскія машыны з гружонымі прычэпамі.
Алёша пачуў, як яго кінула ў стужу. Стукалі зубы, і траслося ўсярэдзіне. Так у яго траслося ўсярэдзіне, калі зганялі ўчора ўсіх да Махоркі на вуліцу.
Наперадзе ля Боганчыкавых калёс ішлі мужчыны, ціха, як баючыся. Панок усё азіраўся назад.
Пасля Алёшу здалося, што ён убачыў уперадзе над соснікам пыл, белы і рэдкі, як згледзець вокам.
Ён хацеў быў саскочыць з мяхоў і падбегчы сказаць мужчынам. Але пылу над соснікам больш не было, і Алёша падумаў, што яму здалося.
Сонца біла ў вочы, і ад яго было ўсё жоўтае: і мяхі на калёсах, і пясок у каня пад нагамі, і мох на зямлі ў сосніку... Недзе над самай галавой застукаў дзяцел — мусіць, у гнілую сухастоіну — моцна, што страляў усё роўна. Над дарогай запырхалі сініцы.
Пасля зноў за соснікам загудзелі машыны. Алёша згледзеў, як сталі былі мужчыны, гаварылі, мусіць, тады зноў пайшлі кучкай — хутчэй, як спяшаліся куды.
Спускаліся з гары: конь пайшоў смялей, зусім не напінаючыся.
Зноў уперадзе над соснікам закурэўся белы пыл, ішоў з зямлі, што дым. Недзе там забразгала, што клямка дома ў сенцах знадворку, калі хто чужы ішоў у хату...
Сціх над галавой дзяцел — зляцеў.
— Мужчыны!.. Немцы!.. — закрычала раптам Наста на ўвесь голас, дзярката і сіпла, як на марозе. Яна была цяпер з возам ззаду на самай гары...
Алёшу здалося, што закрычала маці.
Ён саскочыў з мяхоў на дарогу ў пясок.
Алёша згледзеў спачатку кароценькі аўтамат, які быў настаўлены якраз яму ў грудзі, блізка, рукой можна дастаць. Чорная фарба на аўтамаце — кінулася ў вочы — была вышаравана, і блішчала белае жалеза, якраз там, дзе яго ашчарэпіла вялікая, чырвоная, з тоўстымі пальцамі рука. Пасля аўтамат павярнуўся рулькай убок і ткнуў яму, Алёшу, пад паху ў скабы...
Алёша толькі цяпер убачыў немца. Немец быў высокі, увесь у сівым сукне, што пацук. І на галаве ў яго ляжала шырокая, расцягнутая сівая пілотка з сукна, ссунутая нізка, на самы лоб.
— Вэр, вэр!.. — пачуў Алёша, як крыкнуў на яго немец, і згледзеў, што той стаіць з разяўленым ротам і ківае галавой — паказвае ісці ўперад. Зноў яго таўханулі пад паху, моцна, як усё роўна хацелі прасадзіць. Калі Алёша павярнуўся, убачыў, як павярнуліся збоку бліскучыя боты і асталіся ззаду.
Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзін ля аднаго, падняўшы ўгару рукі, і глядзяць назад, на падводы. З аднаго і з другога боку ля іх блізка стаялі немцы з аўтаматамі ў руках: па двое. Алёша падумаў, што і яго гоняць да мужчын, не загадалі толькі падняць рукі.
Ён хацеў азірнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: «Вэр! Вэр!» — і Алёша ўбачыў толькі яго бліскучыя боты.
Пасля Алёша згледзеў, як да доўгіх Панковых развод падскочылі два немцы, тоўстыя, у пілотках, і пачалі торкаць аўтаматамі ў мяхі. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталі мацаць мяхі рукамі, кожны мех, і паказваць нешта адзін аднаму пальцамі.
Читать дальше