— Нічога, Наста, не будзе...
Боганчык ужо не чуў, пра што гаварылі: коні пайшлі з гары, логам, і людзі, пераймаючы падводы, чапляліся за ляжэйкі. Было чуваць толькі, як мычэў на возе Янук, паказваючы пугаўём на лес, на Людвінова. Ля яго воза махаў рукамі Махорка: спраўляўся ў Янука, як лучыць за руччом на Кур'янаўскі расцяроб.
Праехаўшы добры кавалак, яны спусціліся да ручча, знайшлі расцяроб і, звярнуўшы на яго, паехалі даўнейшай дарогай, каб не ехаць полем — не быць на відку.
У расцяробе стаяў цень. Пахла балотам сырая ў лагчыне зямля — прэла пад мохам і ягаднікам: яе не даставала сонца. Расцяробам ездзілі толькі летам, калі касілі лог ля ручча, аж пад самым Людвіновам.
Пад калясьмі шасцела старое белае асінавае лісце, ліпла на мокрыя ад зямлі колы. Расцяроб быў шырокі, на парку коней, і Боганчык сядзеў з краю на мяхах, выпрастаўшы ногі: яны балелі і, здавалася, ацяклі. Адлучыўшыся ад усіх, ён зноў глядзеў здалёку, як махае галавой, напінаючыся да самай зямлі, маленькі Махоркаў Сібірак. Здавалася, расцягнецца на дарозе, захрапе, і яго ўжо не падымеш...
«Пільнаваў бы лепш сваю падлу, чымся людзей языком мыць... — падумаў ён пра Махорку. — Узяў бы ды сам на перадавую... Дык не... Без пальцаў... Усе яны такія... Адны бязрукія, другія кашляюць. Ім павестак не прыняслі. Не далі формы, не заперлі ў доты... А то ўжо Боганчык збег, Боганчык уцёк... А ў фінскую хто ў снезе сябе памарозіў?.. Яны, можа? Ім і тады павестачак не прыслалі. Як у бога за пазухай... А якая розніца, ёсць у цябе пальцы ці не? Там у галаву страляюць... Ваюй за ўсякую сволач. Кладзіся пад танкі... А яны табе тады яшчэ жыцця не дадуць. Я з вамі разам не кашляў і пальцы ў малатарню не соваў... Героі... Наракаць толькі».
Пад калёсамі трэскалася сучча; колы мясілі мухаморы, што лезлі з пяску і з травы, белыя, як порхаўкі. І Боганчык падумаў: усё роўна падушаць усіх у вёсцы, як порхавак. Не сёння, то заўтра. Немцы — немцамі... Спасу, мусіць, не будзе. І так — нешта нейкае: не зачапілі адразу, сагнаўшы... Нарыхтоўку ўзялі. Хаця, завязеш, прыедзеш — яны і цябе з усімі да Махоркі ў хату і сярнічку пад страху ў салому... А Наста хоча яшчэ ўсім ратунак знайсці... Добра, што хоць самі вырваліся...
Боганчык чуў, як па нагах, па старых дзіравых ботах, шастае трава: вырасла на самай дарозе ў пояс, выветрала сухатой аж да зямлі і цяпер будзе гарэць, як сярнічка, падаткні толькі агню. Ён падумаў, што ўсё будзе такім летам гарэць, як сярнічка: трава, лес, салома на стрэхах... Салома сухая, сушэй за траву на дарозе.
Уехалі ў Людвіноўскі лес — пайшлі адны старыя елкі: гэта перад самай вёскай.
Боганчык падумаў, што ў Людвінове можна пераседзець усё на свеце. Каму яно трэба... Хутары на пасецы сярод лесу, хат дванаццаць, ці што — ён не помніць. Будаваліся людзі тут нядаўна, перад самай вайной. Людвінова далёка ад вёсак і ад шашы.
У лесе цень засцілаў дарогу. Пасвяжэла за плячыма, стаў часта храпці конь, хацеў піць: чуў, што вільготна пад нагамі.
У Людвінове можна будзе адсапнуцца, напаіць каня, бо такой гарачынёй збяёдаеш жывёлу...
Расцяроб пайшоў прамы, як пад шнур, і ўсе падводы былі відаць на дарозе. Ззаду паганялі, каб не адстаць ад яго, Боганчыка. Праз расцяроб ужо свіцілася поле; Людвінова было блізка.
Боганчык саскочыў з воза, каб ля лесу звярнуць жарабка адразу на загуменне — да студні, што ў канцы вёскі: не ехаць жа ім полем праз усе хутары... Закруціліся былі за канец дугі ля гужа лейцы, і ён, ідучы збоку ў каня, адкручваў іх аднымі канцамі пальцаў — не даставаў цераз аглабню. Пачуўшы свабоду, жарабок замахаў галавой, гонячы з грудзей сляпнёў, зафорскаў і, нагінаючыся да зямлі, стаў скубці ў выбоінах сухую смычку: быў галодны. Боганчык успомніў, што жарабок не кормлены з начы. Вярнуўшыся раніцай з Карчаватак, ён кінуў яго пад асверам на двары нераспрэжанага. Не адпяў нават, забыўся. Адтуль яго і забраў, не даўшы дома піць: нідзе не знайшоў вядра — ні ў хаце, ні ў сенцах, ні ў варыўні — зняслі ўласаўцы. У рацэ ля маста жарабок і не нагнуўся да вады: з ракі рэдка піў.
Праз лес ужо было відаць белае на сонцы поле. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома: з жыта ў расцяроб падзьмуў вецер. Тады ў тым баку, дзе было Людвінова, нехта закрычаў нема, што меў сілы, і затрашчалі стрэлы: кораценька, суха, як хто знянацку павёў па драбіне ў калёсах пугаўём. Ззаду па лесе пайшлі водгаласкі...
Жарабок натапырыў вушы і замахаў галавой — рассыпалася па шыі грыва, забразджалі цуглі, б'ючы па хамуце па клешчах, — пасля таргануўся, як укушаны, і рвануў дарогай на поле.
Читать дальше