Тады ён згледзеў, як Наста стала спопаразку, павярнуўшыся да яго, ішла наперадзе, і падняла вочы, вялікія, шэрыя, што спелы лубін.
— Нешта ты, Іван, дорага ацаніў сваю галаву перад усімі... — сказала без злосці, як бы яму, Боганчыку, нічога благога не думала. — Другія, вунь, не вярнуліся, не прыбеглі адразу дамоў... Там, можа, — паказала яна рукой уперад на дарогу, — свае галовы паклалі, не прыняслі ў вёску пакантужаныя... — Яна памаўчала, выцерла са шчок пот і аддыхалася: — Нешта я ніколі не відзіла, каб цябе твая кантузія трасла, як ты ў вёсцы ачуўся, вярнуўшыся... І ніхто не скажа, не відзіў... І ад партызанаў выкруціўся... Кантузіяй... Бараду адпусціў. Пайшоў на хітрыкі... Ты ж маладзей за мяне. Штаны б злупіць...
— Злупі з яго, Настуля, злупі... — засмяяўся цяпер Панок і закашляўся. Панку цяжка было дыхаць у пыле, у яго аж хрыпела ў грудзях. — А так ён распышэў... У аднаго яго галава... А ў дзяцей нашых — не галовы?.. — Панок зноў закашляўся і сціх. Ішоў ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў.
Боганчык яго не слухаў: Панок яшчэ... Трухля... Кашляе, харкае — дохля ніяк не возьме... Ён падумаў, што Наста гаворыць тое, пра што гавораць у вёсцы. Наста не баіцца, скажа ў вочы. Уся вёска тады пра яго языкамі меле, што ён такі-гэтакі... А што ім усім да таго, які ён? Канту-узія... С...кі ў іх ва ўсіх пакантужаны... Калі ў чалавека галава цэлая на плячах, калі ён яе на карку дамоў прынёс, дык усім не ўгадзіў, зарохкалі, што свінні. Трэба было прынясці галаву пад пахай, тады б усе супакоіліся...
Боганчык пачуў, як яго зноў усяго трасе. «Згараць да аднаго ў агні, — падумаў ён пра вёску, — а свайго не кінуць... Не-е...»
— А ты, Наста... — Боганчык ужо не мог змоўчаць, чаго пражэшся? Законная такая... Не помніш, як банку прынясла ад патронаў? Вёску маглі праз цябе спячы... Праз тваю разумную галаву. Ну, хай я ўцёк тады... Збег! А ты што знаеш? Га?! — ён не ўтрываў, закрычаў са злосці. Пачуў, што душыць кашуля, не дае дыхаць. Хапянуў рукой за каўнер — гузікі былі моцна ўшыты, не адскочыў ніводзін, тады пачаў іх адшпіляць усімі пальцамі. Чуў, што пальцы паслізлі, сашмыкваюцца і дрыжаць.
Ззаду, за грэбляй ля маста, затахкаў кулямёт, рэдка і глуха: здалёку.
Усе былі адвярнуліся назад, і Махорка загарадзіў цяпер яму, Боганчыку, дарогу.
— Ты Насты не чапай, брат... — сказаў ціха, працадзіўшы праз зубы. — Знайшоў на кім злосць спаганяць. Багамазіць на ўсё поле... Голас падняў... Ды яно, каб заціш... Чорт бы які з табой... — ён не дагаварыў і махнуў рукой, той, на якой не было двух пальцаў.
Яны спяшылі сцежкай, адно за адным, даганялі коней, каб павярнуць іх з Кур'янаўшчыны на Людвіноўскую дарогу.
Коней яны дагналі ў вілах, дзе дарогі сыходзіліся ў адну: з балота ад саду і з Кур'янаўшчыны ад Крыжа.
Боганчык, сеўшы на калёсы на мяхі, глядзеў цяпер на свежы пясок ля акопаў, якія парылі кутузаўцы ў самых вілах. Пясок быў накіданы ад могілак, адкуль ішлі немцы, ляжаў нават не зацярушаны, не схаваны ад вока. Відаць, не стрэлілі адгэтуль ні разу; капалі, бо была каманда капаць; пасля далі другую каманду, і акопы рылі ў другім месцы, можа, ужо ля самай Дзвінасы...
Ён бачыў, што ніхто не сеў ехаць, усе ішлі ззаду ля Януковай падводы, і чуў, як яны гаварылі між сабой, бы яго, Боганчыка, і не было на калёсах.
— ...Дык што будзем рабіць, мужчыны?
— Ага... Наста. І ты кажаш, каб астацца ў Людвінове?
— Праўда. У Людвінове ціха...
— А раптам немцы?
Ляскаталі калёсы, і Боганчык павярнуў галаву, але ззаду пачалі гаварыць цішэй.
— А Іван?.. — гэта папыталася Наста ў Махоркі.
— Жарабка не кіне... Я яго знаю... — Махорка гаварыў ціха, нічога не было чуваць.
— Ды ён кашулі сваёй баіцца.
— Кінь, Наста... — Махорка загаварыў мацней, зноў як сумысля. — Ён-то настойны і крычыць без сціханага пра сваю галаву... Але ж... Ды і совісь...
— ...збег...
Боганчык не пачуў, што яшчэ сказала Наста.
— Мала, Наста, што... — забубніў Махорка. — Дамоў прыбег... А з дому куды?
— Можа, Мірон, ён тады і кантужаны, калі так? У партызаны ж не ўзялі?
— У партызаны сілай не бяруць. А ўцячы — уцёк... З дотаў. З Дзвінасы. Зямля дыша. Людзі відзілі, як яшчэ шклункі на плячах валок. Нагроб недзе рыззя... На ўловы хадзіў, а ты думала — на фронт? Людзі, Наста, відзяць, не ўтоіш. Носіць жа чужыя латы. Адкуль? У Ваўкаўні, калі нямецкая «рама» над вёскай лётала, у зямлі поркаўся. Схоў рабіў, каб багацце схінуць... А яшчэ... мабілізавалі... Напінаецца. Хацеў бы, каб яго і не мабілізавалі. Хай ідзе немец...
— О-хо-хо... Што там у вёсцы? Знябудуцца, пакуль вернемся... Што гэта будзе?.. Мірон? Ты ж, можа, ведаеш? На свеце быў...
Читать дальше