— Хіба цяпер так галосяць (галасуюць), як колісь? — казала, разаўспамінаўшыся, матка. — От тады, пры Сталіне! Зіма, мяце, свету белага не відно, Сцяпаніха ляжыць памірае, а яны падляцелі на санях, закруцілі ў кажух, кінулі яе ў санкі, як даўбешку, і паперлі на ўчастак!
Казала гэта маці з павагай, адабрэннем. «І ні пры чым тут Сталін, — думаў Васкевіч, — а тое пры тым, што жыла гэтая бедная затурканая Сцяпаніха, нікому не патрэбная, — і раптам спатрэбілася некаму! Ды так, што сані па яе прысылаюць, у кажух кутаюць... А людзі ўсё бачаць...»
— А ты за што будзеш галасіць? — спытала маці.
— А ты?
— За саюз савецкіх рэспублікоў! — урачыста адказала маці, нават інтанацыяй падстройваючыся пад кагосьці, ад каго магла пачуць гэта. — Бо інакш прападзём, как рудыя мышы!
— А я — ніяк не буду, — больш каб падражніць яе, сказаў Антон.
— Ну-ну! — засмяялася, ківаючы галавою, маці. Відаць, для яе не пайсці галасаваць здавалася большай крамолай, большым святатацтвам за любы грэх. — У цюрму ўміг забяруць!
Антону раптам прыйшла ў галаву цікавая думка, і яму расхацелася спрачацца з маткаю і даказваць ёй нешта. Да апошняга часу ён усё ніяк не мог вызначыцца — як усё ж быць на гэтым рэферэндуме, чый бок прыняць? Месяцы два назад для яго не было б тут ніякіх праблем — вядома, удзельнічаць у рэферэндуме, хоць і здагадваючыся, што гэта чарговы падман людзей; вядома, прагаласаваць за незалежнасць Беларусі ад каго б там ні было...
Але цяпер, будучы столькі часу ў адзіноце, калі проста вымушаны пра многае добра падумаць (як упрошваў некалі зампаліт), забыты сябрамі, начытаўшыся «сур’ёзных» кніг, героі якіх так з’едліва-саркастычна ставіліся да ўсіх задумаў людскіх, так пагарджалі «мітуснёй побытавай», — цяпер Васкевічу карцела зрабіць нешта адваротнае таму, што робяць усе.
Думка, якая прыйшла яму ў галаву пасля славутай матчынай «цюрмы», была вось якая (прыйшоўшы ў бібліятэку, ён нават занёс яе ў сшытачак, каб яшчэ лепш для сябе праясніць):
«Ты верыш, што калі закрэсліш «ДА», гэта нешта дасць Беларусі? Нават не адзін ты, а калі ўся Беларусь гэтае «ДА» закрэсліць?
Магу зразумець кліч «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» — і праўда, узяць, урэшце, аўтамат ці абрэз і пайсці ў гэты вунь лес заслужваць, заваёўваць Незалежнасць.
Магу зразумець, калі ўсе як ёсць беларусы — ад Езярышчаў на Віцебшчыне да Славечны на Гомельшчыне — возьмуцца за рукі і праз усю Беларусь зробяць «жывую нітку», як прыбалты нядаўна рабілі.
Але верыць, што Незалежнасць можна здабыць простым «росчерком пера», і з гэтым пагодзяцца, і паднясуць гэтую Незалежнасць на ручніку, з хлебам-соллю?! Калі хоць адзін разумны чалавек у гэтае верыць, дык можна толькі павіншаваць яго.
З другога боку — верыш, што калі выкасуеш «НЕТ», настане «мир и согласие»? Ды нічарта і ў гэта не веру!
Урны насіць па хатах буду, галасы падлічваць буду, плакаты клеіць — бо мне за гэта як бібліятэкару грошы плоцяць і я павінен іх адрабіць; але бюлетэня нават у рукі не вазьму!»
Быў светлы яшчэ вечар. Антон вяртаўся з бібліятэкі, мясіў чаравікамі, якіх цяпер ані не шкадаваў, разбітую машынамі сакавіцкую гразь, быў п’янаваты, за пазухай пад курткай нёс непачатую «бомбу» шампанскага, — і сэрца яго спявала, душа рвалася ў гэтае светла-шэрае, як вочы ў сямікласніцы Наташы, неба; хацелася раскінуць рукі і абняць, прыгарнуць да грудзей усё наваколле: і гэты ўжо ледзь зазелянелы луг, разрэзаны чорнай дарогаю, і голае мокрае кустоўе за лугам, і далёкую-далёкую шэра-чорную палоску поля, і гэты зялёны хваёвы лес, што ўжо недалёка наперадзе...
Антон ішоў, востра заўважаючы і ўсю вакольнасць, і кожную драбніцу, — бачыў луг, лес, высозную хвою на ўзлеску, і разам з тым адначасова ўмудраўся ўбачыцы старую пажухлую траву пад гэтай хвояй, і, здавалася, кожную шышку, кожную іглічку на лапцы гэтаи хвоі... Ён адначасова бачыў і любіў усё гэта. Але ён заўважаў усё гэта падсвядома, неасэнсавана, вачыма, але не сэрцам, не думкамі. Сэрцам і думкамі ён усё яшчэ быў за два кіламетры адсюль, у чатырох сценах сярод стэлажоў, стракатых ад кніжак...
Ён захацеў успомніць нешта самае важнае — і не змог. Каб успомніць, трэба было храналагічна ўзнавіць у памяці ўвесь сённяшні дзень. У лесе Васкевіч пайшоў яшчэ цішэй, па купіністым цупкім выступе пасярод дарогі, між слядоў ад машын. Трохі яму ўдалося сканцэнтравацца. «Было так: я чакаў яе. І баяўся. Каб гэтая другая сустрэча не парушыла нешта... Што? Потым дадумаю, а цяпер — храналогія. Я сумаваў. Глядзеў на гадзіннік — калі дзённы аўтобус? Ведаў, што не павінна яна вось цяпер прыехаць, і яшчэ больш цвёрда ведаў, што прыедзе. І яна прыехала. Выйшла з аўтобуса адна. Боязь апраўдалася — на ёй была не школьная форма, а нейкая сіняя сукеначка, белая кофтачка... Ах, не трэба было б! Пераапранулася для мяне, а, галоўнае, магчыма ў сястрынскае... Але калі ўвайшла і ўбачыў гэтыя вочы шэрыя, і вусны, шчочкі — падумаў: дурань, ды свежую кветку стаў хоць у кітайскую парцаляну, хоць у шчарбаты слоік — яна ўсё адно астанецца прыгожай свежай кветкаю... Яшчэ — важна! — сонца з дальняга акна прабілася, асвятліла яе ўсю — і я ўбачыў, што яна не русая, а рыжа-русая... Рыжаватая. Усе армейскія і інстытуцкія гісторыі разам кінуліся ў галаву — што рыжыя самыя сексуальныя... Пахне таннымі духамі. Таксама — для мяне, і таксама — не трэба было б!.. Але добра з ёю. І сорамна. Бабка зайшла, глянула. Іван зазірнуў, выйшаў.
Читать дальше