Удзельніца паўстання Марыя Цымэр тыя пошукі апісала гэтак: “Маскоўскія карнікі шныпарылі па вёсках і вышуквалі цнатлівае паненкі. Не знаючы іхных намераў, усе адказвалі адмоўна. Тады яны сталі папросту хапаць і пакрываць няславаю ўсіх дзяўчын ад 12 да 20 гадоў. У такі шатанскі спосаб задаволілі свой інтарэс. Шукаючы адну, зганьбілі колькідзясят сумленных паненак”. Пад пагрозаю смерці была ўзятая сямнаццатка Віялета Трэмбачэўская і заведзеная ў мясціну, дзе бачылі аднарога. “Рукі, ногі панны Віялеты былі крэпка звязаны, – піша Цымэр. – Яна, сплаканая, сядзела пад векавым дубам і чакала на немавед што, бо так загадалі карнікі”. “Польчонка всё время хныкала и пыталась убежать. Однако наши благостные пожелания возымели должный эффект, и она преспокойно села под противною кривою литовскою сосной”, – адзначана у Шырвіндта. Салдаты стаіліся ў схове. Звер не змусіў сябе чакаць: “Раптоўна з лесу паказаўся аднарог. Прыгожы і зіхатлівы белы звер крочыў цвёрда і годна, хоць адчувалася, што ён гатовы скарыцца лёсу і Віялеце. Аднарог наблізіўся да паненкі і стаў перад ёю на калені. Тут яго маскоўчыкі і злавілі”. “Признаться, нам было немного стыдно, – у сваёй манеры цвердзіць царскі афіцэр, – худая сивая кляча с рогом во лбу появилась из перелеска, еле двигая ногами, а перед самой сосной споткнулась и упала наземь, едва не покалечив своим рогом польчонку”.
У палоне аднарог пратрываў нядоўга, а паміраючы, гучна заспяваў чалавечым голасам. “Песня была на западнорусском диалекте и многие обстоятельства содержания оной оказались тяжкими к уразумению, но в общем кляча пела о двух типах музыки увеселительной и грустной, отдавая предпочтение последнему”, – пісаў Шырвіндт. Усе выдае на тое, што тая апошняя песня аднарога нам добра вядомая як “Мая дудка” Францішка Багушэвіча. Будучы паэт, паўстанец 1863-га, пераапрануты бязногім старцам, сачыў за перамяшчэннем расійскіх войскаў. Зацікаўлены рухам у лагеры Шырвіндта, ён папоўз туды і здолеў праціснуцца да самае загарадкі, у якой канаў на гнілой саломе апошні беларускі аднарог. Ягоны развітальны спеў яшчэ болей умацаваў нацыянальную свядомасць Багушэвіча. На адыход Францішак незаўважна падпаліў лагер з чатырох канцоў. Праз усе нягоды паўстання і доўгія гады выгнання пранёс Багушэвіч аднарогаву песню. Надрукаваўшы яе, ён выклікаў чарговую хвалю беларускага адраджэння з Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, “Нашай Нівай”, Максімам Багдановічам…
Сёння мы павінны належна ацаніць значнасць апошняга беларускага аднарога і назваць у ягоны гонар адну з цэнтральных вуліцаў, а лепш плошчаў сталіцы.
2002 г.
Усё цвіце і цвіце тая кветка
Тэма папараць-кветкі доўгі час была для даследнікаў закрытай. Санкцыю адпаведных органаў на вывучэнне гэтага феномену мелі толькі фалькларысты. Ні гісторыкі, ні біёлагі не маглі даступіцца як да гістарычна зафіксаваных выпадкаў цвіцення некаторых разнавіднасцяў папарацяў, так і да фактаў уздзеяння кветкі на чалавека (адкрыццё энергетычных каналаў і паўстанне экстрасэнсорных здольнасцяў).
У дагістарычныя часы на нашай планеце раслі бяскрайнія папарацевыя лясы. Толькі цягам доўгай эвалюцыі папараці набылі сучасны выгляд – штогадовай травяністай расліны даўжынёю 40–120 см. Аднак у народнай свядомасці памяць пра папараць-дрэва захавалася. Беларускае апакрыфічнае паданне пра Адама і Еву (“Дасюк ды Еўка”) апавядае, што першая жанчына “ўкусіла ягаду з дзерава папарацьняга”. Сёння папарацевыя на абшарах Беларусі рэпрэзентаваныя колькімі дзясяткамі разнавідаў, якія стасуюцца да групаў папараць жаноцкая (Athyrium) і папараць мужчынская (Driopteris). Абедзве групы спараносяць у ліпені-верасні і, зразумела, не цвітуць. Але ці заўсёды так было?
У новаадкрытых урыўках з пратографу “Аповесці мінулых гадоў” хрэстаматыйнае апісанне “жывёльных звычаяў” радзімічаў, вяцічаў, крывічоў мае пэўныя нюансы, цікавыя нам: “Схожахуся на игрища, на плясеньне… и ту умыкаху жены сабе… ходяху оу чащи мглисты, рваху цвет от папороти на чудесы влхвески”. Тое самае знаходзім і ў паасобных архаічных былінах (асабліва Невельскага і Веліжскага цыклаў) пра Іллю Мурамца. Так, у быліне “Ілля Мурамец і крывы змей” сустракаем такое:
Отправлялся Илья Муромец в дороженьку,
Отправлялся богатырь святрусский в дальнюю.
В лес кривой вдоль гроба Рогволодова.
В лес густой, где папороть волшебная.
Тое, што гэта не стэрэатып суседзяў, а рэалія беларускага сярэднявечча, пацвярджае прыпіска ў т. зв. “Гомельскім евангеллі” ХІІІ ст.: “Грешния вештия не бегаем, быстем бо доднесь радимици: жоны умыкаху, у лесех бываху, зелия чарадейски имать хощем и папаратцвет наигоре”.
Читать дальше