Ведаў бы ён, чым абернецца для яго тая паездка, нізавошта не паехаў бы. Да Пінска цягніком усё было нармальна. Прыехаў, у вакзале ў буфеце выпіў кавы з бутэрбродам і пайшоў шукаць аўтобусную станцыю. Глянуў на расклад руху аўтобусаў у напрамку да патрэбнай вёскі і засмуціўся: транспарт у тым накірунку меўся быць толькі пасля абеду. А куды дзецца цяпер, як змарнаваць вольны час? Пацёршыся між людзей, дазнаўся, што на малаказавод зранку прывозяць поўныя бідоны малака. Можа, і з гэтага калгаса хто будзе. Трэба толькі папытацца.
На малаказавод сапраўды пад’язджала нямала машын, да кабінкі запырсканых гразюкаю. Шафёры ў чарзе да сепаратараў стаялі групкамі, на чым свет клялі дарогу, курылі і брыдка мацюгаліся. Вадзім падышоў да адной з такіх групак і папытаўся, як даехаць да Ракаўшчыны.
— А ты хто такі будзеш? — змераў яго з ног да галавы блатнога выгляду дзяцюк у залатаных керзавых ботах, з адвіслай губой, на якой, як прыклееная, тырчала самакрутка.
Вадзім сказаў, што едзе па справе, што сам з Мінска і яму да абеду абавязкова трэба быць у Ракаўшчыне.
— З самой Ракаўшчыны машыны сёння не будзе, а вось блізка, за кіламетры тры ад яе, магу падкінуць. Толькі трэба пачакаць, — дзяцюк сплюнуў самакрутку і паклікаў паказаць сваю машыну.
Нейкая інтуіцыя падказвала Вадзіму не садзіцца да гэтага чалавека, ад якога да таго ж патыхала самагонным перагарам. Аднак не паслухаўся голасу свайго сэрца, аб чым пасля вельмі шкадаваў. Спачатку ехалі неблагой пясчанай дарогай, праўда, у частых выбоінах, пасля з гравійкі звярнулі яшчэ на адну, вузейшую, якая неўзабаве перайшла ў лясную. Шафёр, клюючы носам, не зважаў, куды і як едзе, трапляў у велізарнейшыя лужыны па самае днішча машыны. Яна натужна раўла, але ўсё ж неяк выцягвала на сушэйшае. Нарэшце лес скончыўся, пайшоў маладняк — бярозы, асіны, ядлоўцавыя кусты. Стала больш святла і прастору. Паказаліся першыя хаты якойсьці вёскі пад саламянымі стрэхамі. Вадзім глянуў на ўсё яшчэ асалавелага вадзілу, папытаўся, як называецца гэта селішча. Той штось буркнуў і працягваў руліць далей. Праехалі з кіламетр, а п’яны шафёр зацята маўчаў.
— Нарэшце ты скажаш, дзе мы і калі спынімся? — у Вадзіма ўжо лопнула цярпенне гуляць у гэтую маўчанку.
— Дазнаешся, пачакай, — нешта злавеснае прагучала ў голасе дзецюка.
Праз некалькі хат спыніліся. Вадзім памкнуўся ступіць на зямлю, размяць ногі, але дзяцюк, ухмыляючыся, загадаў пасядзець, бо зараз паедуць далей. Ён шуснуў у двор прыземістай, урослай у зямлю хаціны, пастукаў у шыбку маленькага акенца. На ганак, як згледзеў Вадзім, ледзьве не на карачках вылез лахматы мужык магутнага росту і целаскладу. Абодва, пашаптаўшыся, падышлі да кабіны і, нічога не кажучы, груба вывалаклі Вадзіма з машыны. Адабралі заплечнік і, піхаючы ў спіну, павялі ў двор.
— Вы што сабе дазваляеце?! — уз’юшыўся Вадзім. — Я буду скардзіцца. Вось дабяруся да Ракаўшчыны, адтуль пазваню ў міліцыю. Вы хоць ведаеце, хто я?
— Ведаем, ведаем, — ухмыльнуўся вадзіла. — На рыле ўсё напісана. За цябе, гад, шпік амерыканскі, будзь здароў якую прэмію адбахаюць. Зараз праверым, што ты там за плячыма носіш. Ага, вось яна, апаратура нейкая. Панятненька. Прохар, давай яго ў склеп. І на замок, каб сядзеў як мыш пад венікам.
Звязаўшы Вадзіму рукі моцнай вяроўкай, піхнулі яго ў халоднае і сырое скляпенне, скрозь прапахлае гніллю, мышыным памётам, дзесьці разлітым дзёгцем. Знадворку, чутно было, замкнулі. Седзячы ў смуродзе, у поўным змроку, Вадзім усё яшчэ ніяк не верыў таму, што адбылося. Думалася, што гэта жарты, зараз выпусцяць, пасмяюцца разам і паедуць далей. Аднак час ішоў, а руху знадворку ні было ніякага. Яго пачалі прабіраць дрыжыкі, а звязаныя ззаду рукі аддавалі ныючым болем. Злаўчыўшыся, на ледзяных цэментных прыступках і павярнуўшыся задам, ён спрабаваў нагой выбіць дзверы, але, колькі ні грукаў, яны ані не паддаваліся. Тады ён пачаў крычаць, каб кінулі гэтую гульню ў шпіёнаманію і хутчэй клікалі каго з начальства.
Яго пачулі з вуліцы, і хутка ля склепа стоўпіліся цікаўныя. Хлапечы голас казаў некаму:
— Гля, Барыс наш хоць і п’янчужка, а шпіёна сцапаў голымі рукамі. Ну, цяперака пра яго напішуць. Можа, нават і грошай адваляць нямала. Гэта ж трэба. А дзе ён сам? Машына стаіць з расчыненымі насцеж дзвярыма. І ключы тырчаць.
— Дзе, дзе, — гэта ўжо другі голас, падобны на дзявочы, — жлукцяць у хаце. Абое рабое.
Вадзім, чуючы гэта, хацеў папрасіць каго з дзяцей збегаць, паклікаць дарослых, каб тыя ўмяшаліся і спынілі гвалт над чужым чалавекам. Аднак на ганак выйшаў, відаць, гаспадар хаты, накрычаў на малых, і тыя пырснулі хто куды.
Читать дальше