Галоўны рэдактар з’явіўся толькі пад поўнач і запатрабаваў да сябе машыністку Бэлу. «Ну, цяпер да раніцы не бачыць нам падушкі». Брала злосць на такія парадкі і хацелася — ат, што будзе, тое будзе — кінуць-рынуць усё і бразнуць дзвярыма. Але ўзяў одум: калі пераходзіць на іншую працу, то з падачы галоўнага могуць напісаць такую характарыстыку, што пасля нікуды не ткнеш носа. Таму, змірыўшыся, ён зайшоў у пусты кабінет і пачаў абдумваць новае апавяданне, звязанае з яго начнымі паходамі ў гарсавет. І толькі ў тры ночы іх нарэшце адпусцілі дадому. Гэты раз не было машыны развезці людзей, і давялося доўга галасаваць на праспекце, каб злавіць таксі. Нарэшце пашанцавала, і ўжо праз дваццаць хвілін Вадзім быў у сваёй кватэры. Жонка і дзіця спалі, і ён на дыбачках пацёгся ў кухню, каб чаго перахапіць. Люся, аднак, прачнулася, глянула на гадзіннік і жахнулася: было каля чатырох раніцы.
— Бедненькі мой, харошы, — яна прыціснулася да яго і пацалавала. — Няўжо ж гэтулькі работы ў вас, каб усю ноч трымаць?
— Дурнота, а не праца, — Вадзім, жуючы кавалак каўбасы, расказаў, як хадзіў у радыёкамітэт і што там яму прапанавалі.
— Дык гэта ж было б здорава! — няголасна ўсклікнула, каб не разбудзіць малую, жонка. — Хоць бы, як усе добрыя людзі, своечасова прыходзіў дадому.
— Ну, пры нашай прафесіі могуць быць любыя затрымкі, — запярэчыў ён. — Гэта на заводзе скончылася змена, і ўсе валам хлынулі на прахадную, а там, куды надумаў, могуць быць камандзіроўкі, розныя іншыя мерапрыемствы.
— І ўсё ж гэта лепей, чым сённяшняе тваё становішча.
— Я вельмі рады, што ты адабраеш мой выбар. Ты ў мяне разумніца. Заўтра ж пайду, паспрабую свайго шчасця.
Начных змен не было, і Вадзім, аналізуючы пісьмы (а іх прыходзіла вельмі шмат, асабліва заявак на тую ці іншую песню альбо на радыёпастаноўку), ужо на першым часе зрабіў некалькі абагульняючых аглядаў, якія выклікалі добры водгук з боку начальства. Работа яму падабалася, і ён з галавою акунуўся ў яе. Многае з недаробленага браў дадому і вечарам, калі родныя яму людзі спалі, на кухні пісаў, крэсліў, шукаў розныя варыянты падачы матэрыялу.
Неяк яго зацікавіла адно пісьмо, у якім жанчына апісвала сваё жыццё без усялякіх упрыгожанняў, жыццё суровае і праўдзівае. У ім, тым пісьме, расказвала пра калектывізацыю, пра раскулачванне, як вясковая галота захапіла ўладу і зжывала са свету самых лепшых і працавітых. Пад гэты прэс трапіла і аўтарка пісьма. Яна прасіла карэспандэнта радыё прыехаць у іхнюю вёску, яна раскажа такія жахлівыя гісторыі са свайго нядаўняга мінулага, якія і ў страшным сне не сасніш. А яшчэ раскажа, чым абярнулася для сялян тая гвалтоўная калектывізацыя, якая і сёння бокам выходзіць.
Пісьмо Вадзім, папрасіўшыся на прыём, рашыў паказаць старшыні радыёкамітэта, параіцца, як быць, ці можна з яго зрабіць якую перадачу.
Пісьмо начальства таксама зацікавіла, старшыня без ваганняў сказаў:
— Выпісвай камандзіроўку, бяры магнітафон і запішы на плёнку ўсё, пра што раскажа жанчына. Асабліва ўедліва распытай пра сённяшнія парадкі ў іхнім калгасе. Цяпер, напярэдадні пленума партыі, якая заклікае да выяўлення і бічавання адмоўных момантаў у жыцці грамадства, такія матэрыялы будуць вельмі дарэчы. Толькі не забывай праверыць кожны адмоўны факт. Інакш лыжка дзёгцю можа сапсаваць бочку мёду. Дзейнічай.
Старшыня падняўся з-за стала і падаў руку.
Акрылены, Вадзім памчаўся ў прыёмную выпісваць камандзіроўку, а пасля ў бухгалтэрыю атрымаць аванс. Паездка, ведаў Вадзім, будзе з нялёгкіх. Па-першае, далёка, у адзін з куткоў Палесся, па-другое, там яшчэ не сышла вада пасля дружнага снегатаяння, і дарогі, пэўна ж, раскіслыя, па якіх не прайсці, не праехаць. Як апрануцца ў такім выпадку, што абуць на ногі, дзе знайсці начлег? Калі ў той жанчыны, аўтаркі пісьма, то калгаснае начальства зжыве яе пасля са свету. Прасіцца ж да каго чужога ці выпадзе, бо людзі вельмі насцярожана ставяцца да прыезджых. Давядзецца ісці да старшыні сельсавета і прасіць прытулку.
За камандзіровачныя Вадзім набыў заплечнік, на складзе ў камітэце пад распіску атрымаў апаратуру для запісу, якая важыла мо кіло з дзесяць, купіў на ўсякі выпадак гумовікі, такога-сякога правіянту, бо, ведаў ад бывалых людзей, у дарозе, ды ў такой глушэчы, можна і скарынкі хлеба не знайсці. Заставалася толькі набыць білет. Вырашыў, што паедзе начным поездам да Пінска, а там, ужо раніцай, аўтобусам ці спадарожнай машынай будзе дабірацца ў гэты балотны край.
Читать дальше