Гарэлка так прыйшлася даспадобы, што Вадзім пачаў перажываць, хаця б хапіла. Праўда, у выніку няхваткі блізка магазін і яму нядоўга падскочыць і купіць яшчэ колькі бутэлек. Пра закусь ні ён, ні Люся не турбаваліся — у талеркі было яшчэ што пакласці.
Калі зрабілі перапынак на перакур і ўсе выйшлі на пляцоўку, Люся шапнула Вадзіму:
— Ну і выпівохі там у вас. Добра, што Юзік яшчэ адну грэлку прывёз, але пакуль што не паказваў. Трэба ў пустыя бутэлькі разліць. Хай п’юць, думаю, усе будуць давольныя.
Гулі да позняга вечара. Юзік, праўда, паехаў рана. Вадзім праводзіў яго да аўтобуса, падзякаваў за ўсё. Яшчэ да гэтага пайшлі Рыгор з Палінай, бо Паліне штось не здаровілася. Вольга Іванаўна таксама была засабіралася ехаць дадому, але Люся напрамілы бог угаварыла яе застацца нанач.
— Во, новую канапу асвоіце, — казала яна маці. Рэдакцыйныя ўсё яшчэ пілі, спявалі песні, расказвалі анекдоты. Вадзім, акрамя як праводзіць Юзіка, не адлучаўся ад іх ні на хвіліну. Трэба ж было падтрымліваць кампанію, сачыць, каму чаго не стае. Маленькая Ірынка нікому не перашкаджала. Надвячоркам Люся як пакарміла яе, то і спала на кухні, не прачынаючыся.
Нарэшце, добра пабаляваўшы, усталі з-за стала і астатнія, пачалі збірацца дадому. Калі кватэра апусцела, Люся села на канапу, не ў сілах больш пашавяліцца.
— Пасядзі, дачушка, а то і падрамі, — паспачувала ёй цешча. — А мы з Вадзімам прымем посуд, памыем. Не, я адна памыю, а ён хай разбірае сталы, выносіць на сметнік дошкі.
Кешкаліся яшчэ гадзіны дзве, покуль прывялі ўсё ў парадак. Гэту ноч спалі як забітыя.
5
Хоць жыццё ўвайшло ў нейкую норму, аднак яно ані не задавальняла Вадзіма. Трэба было пісаць, а часу на творчасць не хапала. Пасля другой змены, якая часам зацягвалася да раніцы, было ўжо не да свайго. Прымасціўшыся на ложку побач з жонкай, ён адразу засынаў, не чуў нават, як плакала дзіця, калі Люся ўставала да малой, калі рыхтавала для абаіх сняданак і абед. Толькі пасля дванаццаці ўставаў вялы і разбіты, акурат цягаў мяшкі з пяском. Еў таксама з неахвотай. Усё больш шкадаваў, што пакінуў часопіс, дзе часу вольнага было хоць адбаўляй. Каб жа ведаў ён тады, як будзе з кватэрай, то нізавошта не звольніўся б. Яно можна і тут, у газеце, працаваць, але рэдактар, горкі п’яніца і бабнік, якіх свет не бачыў, трымаў увесь сакратарыят без справы, пакуль сам не паедзе. Да яго позна ўвечары заходзілі нейкія людзі, замыкаўся ў кабінеце, і што яны там рабілі, аднаму чорту вядома. Не саромеўся ён і сваіх машыністак выклікаць да сябе. Гэта было ненармальна, выклікала ціхае абурэнне. Паспрабаваў быў пагаварыць з шэфам Віктар Максімавіч. Усё ж адказны сакратар, і настрой сваіх падначаленых быў для яго не абыякавы. Аднак праз тыдзень загадам галоўнага ён быў пераведзены ў радавыя літсупрацоўнікі. Вось тады і надумаў Вадзім шукаць іншую працу.
Акурат падвярнуўся выпадак. Аднойчы яму сказалі, што па радыё чыталі гумарэску як дзве кропелькі вады падобную на тую, што летась ён друкаваў у сатырычным часопісе. Вадзім, выбраўшы вольную хвіліну, паехаў у радыёкамітэт на Рэвалюцыйную. Узяў свой экзэмпляр часопіса і зайшоў у літрэдакцыю. Сустрэў там свайго аднакашніка па ўніверсітэце Вацлава Занько. Той пагартаў матэрыялы «сатырычнага акна» (так называлася рубрыка сатыры і гумару) і сапраўды знайшоў Вадзімаву гумарэску пад чужым прозвішчам.
— Н-да, дзялы, — пачухаў патыліцу Вацлаў. — Выходзіць, і ў нас завяліся плагіятары. Ну, і што зараз будзем рабіць? А ты, аднак, папулярны. Цябе чытаюць і перапісваюць. Не кожны гэтым можа пахваліцца. Так што віншую. Карацей, я схаджу, а то, можа, і разам да старшыні камітэта. Хай парадзіць, як у такім выпадку быць. У суд жа не падасі, а вось прапясочыць нягодніка нейкім чынам варта. Прамаўчы, то ён яшчэ куды пашле не сваё, падставіць рэдакцыю.
Ісці да начальства Вадзім адмовіўся, і хлопец сам узяўся разблытаць гэты вузел. Праз колькі хвілін вярнуўся і сказаў, што да старшыні пакуль не прабіцца, зойдзе пасля.
— Добра, я патэлефаную, — Вадзім запісаў нумар Занько. Той раптам ні з таго ні з сяго прапанаваў:
— У нас тут у рэдакцыі пісьмаў ёсць вакантнае месца. Работа адказная, але вартая таго. Будуць камандзіроўкі па рэспубліцы, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Так што падумай, але нядоўга. Такія вакансіі доўга не пустуюць.
Вадзім сказаў, што прыйдзе заўтра, а ён, Вацлаў, няхай, калі зможа, закіне перад начальствам патрэбнае слова. Гэты раз матэрыялаў у газету было мала, і яны ўжо з дзевяці білі лынды, не ведаючы, куды сябе дзець. Вадзім дык перачытаў, узяўшы з сакратарыята, усе свежыя газеты і цяпер, бліжэй к дзесяці, чакаў каманды разысціся па дамах. Але такой каманды не было і не было. Яшчэ не з’явіўся шэф, а без яго ніхто не асмеліўся б адпусціць дадому патрэбных людзей. У «Правде» Вадзім вычытаў, што рыхтуецца пленум ЦК КПСС па ўздыме сельскай гаспадаркі, і на ім з дакладам выступіць першы сакратар Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. «Во тады ўжо будуць начныя «бдения», — падумаў з жахам. — Добра было б да гэтага часу перайсці на новае месца».
Читать дальше