Вячэралі гэты раз па-царску. На часопісным століку, які вызваліла ад вазонаў гаспадыня, стаяла бутэлька піва, а ў талерках дымілася таўканіца, шчодра палітая грыбамі. На асобным сподачку былі нарэзаныя памідоры і салёныя агуркі.
— Ну, любая, каб гэтыя вуглы абмінала ўсялякае ліха, — Вадзім падняў шклянку і чокнуўся з Люсінай.
Яда аказалася найсмачнейшай.
— Будзем час ад часу наведвацца туды, — сказаў Вадзім, як не вылізваючы талерку. — Можам, акрамя рыжыкаў, і на апяты натрапіць. Тады і на зіму трохі насалілі б.
Гэты раз Вадзім рашыў усё-такі пагаварыць з рэдактарам. Пастукаўшыся, зайшоў у кабінет, пачакаў, пакуль ён скончыў гаварыць па тэлефоне.
— Ну, што, Гурко? — рэдактар быў у добрым настроі, і гэта Вадзіма ўзбадзёрыла. — Як асвойтваешся на новым месцы? Кватэру знайшоў?
Адказаўшы на ўсе пытанні, Вадзім папрасіў:
— Памажыце мне стаць на чаргу на жыллё. У мяне ж пакуль што няма прапіскі, а без яе ніхто і слухаць не хоча. Непаўнацэнны жыхар горада.
— Ну, ты гэта дарэмна — непаўнацэнны. Паўнацэнны, ды яшчэ які. Не кожны гэтак пісаць умее, як ты. Так што не прыбядняйся. А наконт прапіскі будзем нешта думаць. Г аспадары твае не могуць прапісаць? У прыватным жа доме лягчэй.
— Яно, можа, і лягчэй, але ж у іх метраў не хапае. Так кажа гаспадыня.
— Ладна, — сказаў рэдактар. — Запішы свой адрас, а мы пахадайнічаем перад гарсаветам, каб зрабілі якое выключэнне.
Рэдактару зноў пазванілі, і Вадзім, задаволены размовай, пайшоў да сябе і, сеўшы за стол, пачаў вычытваць гранкі наступнага нумара.
— З цябе бутэлька, — азваўся ад свайго стала Генадзь Каўко, супрацоўнік літаратурнага аддзела. — У гэты нумар думаем ставіць тваю гумарэску «Дыспрапорцыя». Рэч вартая ўвагі, але не шкодзіла б пару абзацаў скараціць, бо не ўмесціцца на старонку.
— Трэба дык трэба, — Вадзіма гэтая вестка парадавала, — бо канчаліся грошы, а ў перспектыве, апроч гэтай рэчы і яшчэ апавядання, якое заляжалася ў маладзёжным часопісе, нічога новага не было напісана. — Можам з’ездзіць да мяне, дзе я асталяваўся. Заадно з жонкай пазнаёмлю і салёных рыжыкаў пад чарку паспрабуем.
— Гэта ідэя! — усклікнуў Генадзь. — Даўно рыжыкаў не каштаваў.
Пасля работы яны пайшлі разам. Каўко аказаўся кампанейскім чалавекам, які, праўда, у адрозненне ад Вадзіма, любіў выпіць, нават і на рабоце тадысяды прыкладаўся да бутэлькі. Сам неблагі паэт, да яго пастаянна ішлі маладыя, якія спрабавалі сілы ў гэтым жанры, неслі сатырычныя вершы, заадно і выпіўку. Але Генадзь ні на якую халтуру не ішоў, выпіваў толькі з тымі, каго прымаў да друку.
— Дык, можа, таксі возьмем, — Генадзь пачаў галасаваць, але ніводная машына з шашачкамі не спынялася.
— Тут і паўгадзіны не будзе хады, — Вадзім прыкідваў, колькі ў яго грошай і ці хапіла б і на бутэльку, і на таксі, каб яно і падхапіла іх. Люсі, вядома, гэта будзе нечаканасцю і лішнімі клопатамі. Хоць бы дома быў хлеб. Па шляху, папрасіўшы Каўко пачакаць на вуліцы, ён усё ж заскочыў у гастраном, купіў бохан, ну і заадно бутэльку. На каўбасу не разлічваў, а прыхапіў дзве бляшанкі рыбных кансерваў.
— Проша пана ў мае апартаменты, — галантна раскланяўся, прапускаючы Генадзя перад сабой у расчыненыя сенечкі. Яшчэ адтуль пачуў пах смажанай цыбулі і сала, а ў пакойчыку галасы жонкі і яшчэ кагосьці. Не адчыняючы дзверы, пазнаў, што гэта цешча. Жанчыны абрадаваліся, убачыўшы Вадзіма з госцем.
— А я, зяцёк, чакала вас, чакала, ды сама кінулася ў росшук, — сказала Вольга Іванаўна, спадцішка разглядаючы незнаёмага чалавека. Вадзім прадставіў яго:
— Паэт, супрацоўнік часопіса Генадзь Каўко. Прашу любіць і жалаваць.
Выкладаючы на столік свае пакупкі, прадставіў Генадзю сваю жонку і цешчу.
— Як бачыш, — паказваючы пакойчык, казаў знарочыста бадзёра. — Жывём і хлеб жуём. А да хлеба смажаніны і рыжыкаў знойдзем.
Люся ахвотна выняла з-пад ложка трохлітровы слоік, шчыльна напоўнены рыжыкамі.
— Дзе ж гэта такое багацце ўзялі? — пацікавіўся Каўко. — Нябось, далёка куды ездзілі?
Калі яму сказалі, што ў ляску за паўкіламетра адсюль, ажно не паверыў.
— Дык і мяне іншым разам вазьміце, — папрасіў ён. — Усё аддам за рыжыкі.
Люся, калі хлопец адыходзіў, наклала яму невялікі слоічак гэтага смакоцця. Цешча, трошкі яшчэ пабыўшы і расказаўшы такія-сякія навіны, таксама засабіралася дамоў.
— Вы, мама, можа пераначавалі б. У гаспадыні я папрашу раскладушку. Яшчэ пасядзім, пап’ём чаю. А заўтра я вас правяду.
— Не, дачушка, не. Там падсвінак будзе енчыць ад голаду. На вечар я яму замяшала цэлае карытца, але ж ён ужо, мусіць, усё злопаў. Так што паспею на апошні поезд.
Читать дальше