Дастаў з кішэні пачак махоркі, скруціў самакрутку з газеты, ахайна згорнутай, каб зручна было адрываць невялікія кавалкі паперы, прыкурыў, зацягнуўся і выпусціў пухнатае воблака дыму, якое засланіла ягоныя вочы, якія раптам зрабіліся сумныя.
20
Аўдзею далі хату на хутары, за пяць кіламетраў ад школы. Жытло гэтае было часовае, без даху, як некалі ў Каўбасюкоў, але да зімы абяцалі перасяліць у вёску. У хаце мелася толькі грубка, на якой уладкоўвалі спаць Лізу. З мэблі — нічога. Аўдзей раздабыў адзін ложак у калгаснай каморы, дзе змог размясціцца з жонкаю і малым сынам. Са скрынак з-пад памідораў змайстраваў нейкае падабенства стала і пару зэдлікаў.
Хутар ляжаў пасярод стэпу, перарэзанага ярамі ды доўгімі ўзгоркамі, якія тут называліся балкамі, магчыма таму, што нагадвалі тубыльцам бэлькі на столі, якія тут дорага цаніліся, бо лесу навокал не было. Ужо ў канцы красавіка трава ўшчэнт выгарала, рыжай калючай шчэццю пакрывала зямлю, толькі там-сям, вецер, гуляючы, гнаў ажурныя шары бур’яну, які ўсё ж умудраўся вырастаць на гэтай хоць і тлустай, але беднай на ваду глебе.
Хутар складаўся з дзясятка беленькіх саманных хат, накрытых саломаю. Толькі ў старога Мірона хата красавалася пад чырвонаю чарапіцаю. Меўся тут таксама зялёны куточак каля калодзежа. Там выбівалася на паверхню рэдкая ў стэпе крынічка. Таму і пасяліліся тут некалі людзі. Раніцай Ліза паехала ў школу на возе разам з людзьмі, якія працавалі ў калгасе. Днямі мама занесла яе паперы ў школу. Ліза ўжо ведала, што Надзю Смаленцаву ў школу не прынялі, яна не ўмела рашаць прыклады, а таму з верасня пойдзе зноў у першы клас. Баялася, што і ёй не дазволяць вучыцца. Спадарожніцаю яе была рослая чацвёртакласніца Наталка, з ёю разам яны збіраліся вяртацца са школы. Трэба было ісці пешкі пяць кіламетраў, тым больш што Ліза яшчэ добра дарогі не ведала, магла і заблудзіцца. Наталка ехала побач на возе і драмала, дабірала недаспаны час.
Немаладая ўжо настаўніца, худая і знерваваная, выкладала адразу ў двух класах, першым і трэцім, пасадзіла Лізу за пустую апошнюю парту, паказала ў задачніку, якія прыклады ёй трэба рашыць, а сама пайшла да дошкі і пачала нешта тлумачыць трэцякласнікам. Ліза старанна перапісала прыклады, падрахавала і выканала заданне. У канцы ўрока настаўніца падышла да яе, праверыла працу, і сказала:
— Добрэ. Будэш вучытыся...
Ліза была радая, што яе прынялі ва ўкраінскую школу. На наступным уроку ўважліва слухала настаўніцу, але мова была нязвыклая, не ўсё разумела, што казала настаўніца. Міжвольна задумалася, згадваючы, як добра апавядаў на занятках Вячаслаў Уладзіміравіч, як хораша граў на балалайцы і спяваў! Каб яго сюды, адразу ўсё было б зразумела...
— Дывысь на мэнэ! — прагучаў незадаволены жаночы голас. — Ліза зразумела, што гэтая заўвага датычыцца яе, і перавяла позірк на настаўніцу. Але праз некалькі хвілін яна зноў згубіла ўважлівасць, згадваючы дняпроўскі бераг, дзедаву хату, цёцю Полю, па якой яна вельмі засумавала. Яе вярнуў да рэчаіснасці рэзкі голас настаўніцы, якая зноў загадала:
— Дывысь на мэнэ!
Ліза старалася да канца заняткаў больш не зводзіць вачэй з настаўніцы, хоць слухаць яе не мела сэнсу, Ліза не разумела мову, яе вуха яшчэ не прывыкла да чужой гаворкі. Дамоў яна вярталася з Наталкаю. Прайшлі вёскі Мар’янаўку і Зялёны Кут. Майскі дзень выдаўся па-летняму гарачы. За зіму Ліза падрасла, чаравікі зрабіліся малыя, абуць не было чаго, таму ў школу выправілася ў гумавых ботах, ад якіх ступакі ажно гарэлі ад спякоты. Дзяўчынка разулася і пайшла басанож па гарачай зямлі. Наталка завярнула ў бок да зялёнай ясеневай паласы, якія тут садзяць, каб абараніць зямлю ад ветравею і для затрымкі снегу зімою. Пад дрэвамі панавала прыемная прахалода. Далей дзяўчынкам належала перайсці шашу. Яны пастаялі, прапускаючы прыгожую светлую легкавушку. Машына спынілася, з яе выглянуў малады мужчына і паклікаў Наталку:
— Паедзем, дзяўчынка, з намі!
Наталка нічога не адказала яму, толькі падхапіла Лізу за руку і хуценька пашыбавала праз дарогу.
«Дзіўная гэтая Наталка, — падумала Ліза. — Калі б мне прапанавалі праехаць на такой прыгожай машыне, я не адмовілася б».
— Чаму ты з імі не паехала? — спытала Ліза.
— Як бы я тэбэ покінула? Заблукаеш одна, — засмяялася Наталка.
Ліза зразумела, што яе спадарожніца — добрая дзяўчынка, якая дбае не толькі пра сябе, а таму з ёю варта сябраваць, хоць яна і старэйшая ажно на тры класы.
Читать дальше