За канюшняю пачыналася нізінка, зарослая кустоўем. Дзяўчынка рушыла туды, каб паглядзець, што ж там расце. Пакуль ехалі ў вёску, дык толькі і бачылі бяскрайняе голае поле. Хоць бы дзе якое дрэўца парадавала душу, не кажучы пра лес. Тут яго спрадвеку не было. Калючыя галінкі кустоў пакрыліся першаю дробнаю лістотаю, а ў прагале былі бачны прыгожыя вялікія кветкі жоўтага і чырвонага колеру. Яны мелі далікатныя кубачкі, як у званочкаў, толькі значна большыя. Дзяўчынка з захапленнем пазірала на іх і ўсё спрабавала дазнацца, дзікія яны ці пасаджаныя чалавечай рукой. Занадта былі прыгожыя для таго, каб быць дзікімі. Вырашыла, што, мусіць, тут была некалі чыясьці сядзіба, а потым людзі пакінулі гэтае месца. Увогуле, у вёсцы, дзе жыў Лізін дзед, было шмат рэшткаў хат, якія згарэлі ў час вайны. Каля іх там-сям засталіся асобныя дрэвы ці кусты бэзу, а кветак не было. Асцярожна рассунула калючыя галінкі, пры гэтым балюча ўкалола пальцы, што нават войкнула ад болю, але наблізілася да кветак, прысела каля іх, кранала тонкія пялёсткі, любавалася, але рваць не стала. Няма сэнсу насіць кветкі ў чужую хату. Калі жылі ў бабы Малашы, Ліза часта прыносіла букеты, а маці ставіла іх на стол у слоік, цяпер толькі нацешылася, налюбавалася кветкамі, выйшла з кустоўя, убачыла трыснёг, здагадалася, што недзе паблізу ёсць вада. Можа, там рэчка, радасна падумалася ёй. Сапраўды, у нізінцы бегла жвавая ручаінка, пераціснутая з двух бакоў вялізнымі камянямі. Дзяўчынка села на цёплую плоць каменя, апусціла руку ў ваду, адчуваючы даланёю пругкасць струменя, пачула куванне зязюлі, спытала: «Зязюлька, зязюлька, колькі мне жыць?» І пачыла лічыць: «Адзін, два, тры... Восем. Вой, шмат!»— усцешылася малая і падумчыла, што тады ёй будзе ажно пятнаццаць гадоў.
Раптам вялізная рыбіна, як татаў чаравік, торкнулася ў яе далоні, праплываючы паміж камянямі. Ліза схапіла яе абедзвюма рукамі, але не здолела ўтрымаць. Рыбіна плёхнулася ў ваду і знікла. Дзяўчынка расчаравана ўздыхнула. А потым суцешылася тым, што, можа, гэтая рыбіна паплыве ў яе Дняпро. Яна помніла, што на беразе любімай ракі цякло шмат ручаінак, быццам кожная з іх імкнулася падсілкаваць вялікую ваду, стаць хваляй, несціся ў агульным рэчышчы да нейкае агульнай мэты.
Яна сцішылася, слухаючы, як насцярожана шаргаціць трыснёг, як бруіцца ручаінка, узбуджана ціўкае нябачная птушка ў калючым кустоўі, аказваецца, і там можна жыць ды яшчэ спяваць. Нездарма вёска называецца Зялёны Кут, гэта такі прыемны астравок жыцця прыроды сярод голага стэпу. Пазірала ў блакітны паркаль неба, жмурылася ад яскравага сонца і думала, што, мабыць, днямі яна пойдзе ў тую цагляную школу, якую паказваў дзядзька Антось. Якія там будуць вучні? Які настаўнік? Яна згадала Вячаслава Уладзіміравіча, калі ён граў на балалайцы, і ўсміхнулася. У старой школе застаўся хлопчык Міша, які з пластыліну мог вылепіць што заўгодна: сабаку, ката, каня... Засталіся яе сяброўкі Маня Бузюмішына і Люба Партызанка, якую называлі так, бо яе бацька партызаніў у вайну. Цяпер яна пойдзе вучыцца не адна, а з Надзяю Смаленцаваю. Яны пасябравалі за тры дні, пакуль ехалі ў гэтую ўкраінскую вёску. А цяпер, нават няхай і часова, жывуць у адной хаце.
Дзяўчынка не заўважыла, колькі мінула часу, схамянулася недзе пад вечар і памалу патупала дамоў. Яшчэ раз пастаяла і паназірала за коньмі ля канавязі, як яны трасуць грывамі, прытупваюць капытамі, такія вялізныя і прыгожыя.
У хаце дзядзькі Антося было поўна людзей. Аказваецца, тут жылі яшчэ чатыры хлопцы з Лядаў, якія прыехалі на заробкі. Яны прынеслі вядро, напоўненае сукравіцаю і кавалкамі белага мяса, жартавалі.
— Хто гэтае ежы пакаштуе, будзе мужык вышэйшага гатунку, — сказаў адзін дзяцюк.
— Ад такой ежы наогул ашалець можна, — адказаў другі.
— Мусіць, на ўсіх жанчын кідацца пачнём, — падтакнуў першы.
— Мяса як мяса, — сказала Таіса, наварым і паямо. — Дзе вы ўзялі гэтае дабро?
— На ферме бычкоў лягчалі, нам прапанавалі забраць, мы адмаўляцца не сталі.
Ліза здагадалася, пра што ідзе гаворка, і падумала, што яна такую брыдоту есці не будзе. Пасля вячэры адзін з халасцякоў выйшаў на двор, сеў на прызбе і заспяваў:
Девушка в платье из ситца
Каждую ночь мне снится.
Не разрешает мама твоя
Мне на тебе жениться.
— Івана Банадысінага ўжо юр разабраў. — Каб тут зараз з'явілася Палая Сердзюкова, дык, мусіць, закіпеў бы, — сказаў нехта з хлопцаў, і ўсе зарагаталі.
— Каб ты яе лепш ведаў, дык мо сам згарэў бы ад захаплення, — адказаў Іван.
Читать дальше