– Да вайны былі каталікі, праваслаўныя ды іўдзеі. Габрэяў, мабыць, немцы вынішчылі, як скрозь…
– Наша задача – выціснуць праваслаўных з польскай зямлі, няхай едуць у расійскі рай і не смуродзяць нашу зямлю.
Тадзік хацеў запярэчыць, што ў яго ёсць сябар-беларус Яська. Навошта яго выціскаць, калі ў Лазняках спрадвеку жылі ягоныя продкі, але не стаў пярэчыць камандзіру, ведаючы яго гняўлівы характар, толькі спытаў:
– Калі я магу пайсці?
– Проста зараз збірайся і ідзі з маіх вачэй, бо набрыд мне, як вашывы кажух.
– Дзякую, пан маёр, – адказаў ад’ютант і задаволены выскачыў з зямлянкі, баючыся, каб камандзір не перадумаў, хаця мо і трэба было затрымацца, узяць хоць самыя неабходныя рэчы, але даўно вядома: вяртацца дрэнная прыкмета.
Тадзік вырашыў ісці напрасткі па сонцы. Лес яшчэ быў празрысты, толькі-толькі пачалі вылузвацца з пупышак першыя лісточкі, на доле прабілася зялёная шчэць травы, але і гэтая сціплая зеляніна вылучала востра адчувальны пах вясны. Ім поўнілася паветра. Пад бадзёры перасвіст птушак, жыццё прыроды аднаўлялася імкліва і натхнёна. Юнаку здавалася, што і ён распачне новае жыццё, варта толькі сустрэцца з Вандай Палубінскай, Вандачкай, як ён употай сам сабе яе называў. Захоплены ўласнымі думкамі і вясновым узбуджаным настроем ён страціў пільнасць і ледзь не выбег на шашу. Але схамянуўся, залёг у кустоўі, агледзеўся. Міма праехаў грузавік, у якім сядзела чалавек дваццаць чырвонаармейцаў, следам цягачы працягнулі тры невялікія гарматы – і дарога апусцела. Толькі тады хлопец адважыўся высунуцца са свайго спрата, зірнуў у два бакі, а калі пераканаўся, што больш ніхто не едзе, перабег дарогу. І зноў рушыў на паўднёвы захад. Ён увесь час думаў пра Ванду, што скажа ёй пры сустрэчы, як пацалуе руку. Усё залежала ад першага моманту. Па ім Тадзік меркаваў зразумець, ці помніла яго Ванда, ці хацела з ім сустрэцца. Чамусьці пра маму ён зусім не згадваў, хоць і прасіўся праведаць яе. Менавіта юная ўдава займала ягоныя думкі і пачуцці настолькі, што сэрца білася паскорана, як у марафонца. Хоць, зрэшты, ён не ішоў, а таксама рухаўся амаль подбегам, калі не заміналі зараснікі. Дарогу яму перагарадзіла імклівая ручаіна, якую ён паспрабаваў пераскочыць, але не разлічыў і намачыў ногі.
"Халера яго бяры, – сказаў ён сам сабе, – дайду да Вандачкі, там і прасушуся, будзе прычына застацца нанач. Хоць, калі занатурыцца, дык можа прагнаць да маці. І што тады?.." Пра гэта думаць не хацелася.
Ён прайшоў за клунямі міма Лазнякоў ужо прыцемкам, кінуў позірк на свой пусты двор, нікога не ўбачыў, нават куры не грэбліся. Узнікла вярэдлівая думка, што, можа, мама ляжыць хворая, ёй патрэбная дапамога, а ён шыбуе да чужой маладзіцы. Аднак супакоіў сябе, што знойдзе магчымасць пабачыцца з родным чалавекам, а пакуль трэба тэрмінова выконваць заданне маёра Руткоўскага – шукаць сувязных. Спадзяваўся, што менавіта Ванда дапаможа яму знайсці якую дзяўчыну на гэтую ролю.
Жыгімонтаў хутар, названы ў гонар Вандзінага прадзеда, адкрыўся раптам за невялікім узгоркам. Тадзік убачыў асветленае акенца і пабег насустрач гэтаму жаданаму святлу. Хата стаяла, акружаная садочкам, абгароджаная невысокім плотам з лазы. Весніцы былі завязаныя вяроўкай, таму Тадзік пераскочыў плот і ў момант апынуўся ля акна, прыпаў да шыбы, але акно было завешанае, ён нічога не ўбачыў. Асцярожна пастукаў у шкло, якое звонка азвалася на дотык ягоных пальцаў.
– Хто там? – пачуўся з-за акна ўстрывожаны голас гаспадыні.
– Вандачка, гэта я, Тадэвуш, – сказаў хлопец усхвалявана.
– Які Тадэвуш?
Сэрца някліканага госця абарвалася і паляцела некуды ў прадонне. У галаве замітусіліся думкі: "Яна не помніць! І голас не пазнала! Не радая!"
– Той, які з панам маёрам Руткоўскім кватараваў на іншым хутары, – адказаў Тадзік.
– А-а-а! Успомніла! Зараз адчыню…
Юнак, абнадзеены, што нарэшце Ванда згадала пра яго, падаўся да дзвярэй. Счакаў хвіліну – і любая жанчына ўзнікла на парозе.
– Тадзік! Скуль ты? Чаму адзін? Нешта здарылася?.. – засыпала яна яго пытаннямі.
– Добры вечар, пані Ванда, – ледзьве стрымліваючы радасць, павітаўся госць, хацеў пацалаваць яе руку, але яна сама абхапіла ягоную галаву і цмокнула ў шчаку.
Ён разгубіўся і стаяў, не ведаючы, што належыць рабіць далей, толькі ўзіраўся ў яе твар, які ў прыцемку здаваўся неверагодна прыгожым. Яна схамянулася, сказала:
– Чаго ж мы тут стаім? Заходзь, Тадзік. Я вельмі радая, што хоць нехта наведаў мяне. Вусцішна мне адной…
Читать дальше