Яна села побач на табурэтку, паклала прахалодную руку на ягоны лоб. Яму быццам адразу палепшала, таму ўсміхнуўся:
– Ваша рука, пані Ванда, лечыць лепш за ўсялякія лекі.
– Дрэнна лячу, тэмпература не спадае. Хутка трэба будзе зноў узвар піць.
– Ідзіце адпачываць, пані Ванда, я сам выпью ўзвар, – прапанаваў госць.
– Які ўжо тут адпачынак. Ноч на зыходзе. Пара брацца за справы.
– Прашу вас, паспіце хоць гадзінку. Усё лягчэй будзе. Калі мне пагоршае, я падам знак, – супакоіў жанчыну хлопец.
– Добра, добра, угаварыў. Пайду да Аліка на печ. Нешта ён там варочаецца…
Яна патушыла газавую лямпу. Было чутно, як распранулася і палезла на печ. Тадзік уяўляў яе рухі, і ў сэрцы запанаваў спакой. Ён не жадаў думаць ні пра рану, ні пра тое, што яму трэба хутчэй вяртацца да Руткоўскага, каб не палічылі здраднікам і перабежчыкам. Побач была каханая жанчына, і нічога большага ён у сваім жыцці не жадаў. Можа, трэба было сказаць дзякуй невядомаму чалавеку, які параніў яго, чым наблізіў да Вандачкі, да яе пяшчотных рук і ласкавых вачэй. Вунь яна дрэмле на печы і думае пра яго, як памагчы, што зварыць на сняданак і абед. Ён робіцца ёй патрэбны і неабходны, а ці не з гэтымі пачуццямі прыходзіць сапраўднае каханне? Гэта Руткоўскі хацеў заваяваць яе сэрца з наскоку, а Тадзік не такі, ён гатовы доўга і настойліва вырошчваць узаемныя пачуцці, каб пасля разам з любаю жанчынаю адсвяткаваць нараджэнне вялікага кахання. З гэтымі думкамі ён заснуў і прысніўся яму белы сад, увесь у квецені. Па гэтым садзе вёў ён Ванду, трымаючы за рукі, маўчалі, усміхаліся і любаваліся пяшчотнымі кветкамі.
– Гэта не наш сад, – раптам сказала Ванда.
– А чый? – спытаў ён.
– Не ведаю. Нейкі чужы. Нам ніколі не пасадзіць такі сад.
– Чаму?
– Таму што ўжо зіма…
– Якая зіма? Паглядзі, усё цвіце!
– Гэта снег, Тадзік! – ускрыкнула яна і раптам знікла.
Ён паглядзеў на кветкі і толькі цяпер заўважыў, што галіны абцяжарылі снежныя карункі. Ён крануў рукою яблыню. Яго абсыпала белым пылам. А потым снег паваліў з неба такі густы і непраглядны, што акрыў сабою ўвесь свет.
– Вандачка! Вандачка! Дзе ты? – закрычаў ён і раптам убачыў, што яблыня, якая толькі што была ўпрыгожаная снегам, запалала, апякаючы яму твар, рукі, усё цела, ад болю ён прастагнаў. – Вандачка! Вандачка!
І прачнуўся ад дотыку яе рук.
– Што здарылася? Што? – устрывожана спытала яна.
– Прабачце, прыснілася нешта.
– Я падумала, мо варта тваю маму паклікаць да нас?
– Ні ў якім разе! Калі яна дазнаецца, што я паранены, дык яшчэ больш будзе трывожыцца і сумаваць.
– Гарачка не сунімаецца, – гаспадыня прыклала халаднаватую далонь да ягонага лба. – Трэба выпіць узвар.
– З вашых рук я і атруту гатовы піць.
– Вось жа дастанецца некаму бабнік! – усміхнулася Ванда.
Тадзіку хацелася сказаць, што ён хоча быць толькі з ёю, ніхто яму больш не трэба, але стрымаўся, ведаючы, што каханне трэба вырошчваць асцярожна, каб выпадкова не параніць і не напалохаць.
62
Двойчы Варнак з казакамі ўдала выходзіў з аблавы. Чырвоныя забілі трох чалавек, якіх усё ж удалося вынесці і пахаваць на ўскраіне лесу. Але гэта было толькі першае папярэджанне. Калі яму здалося, што небяспека мінула, якраз у той самы час яны трапілі ў засаду, бой выдаўся кароткі. Чырвоных было шмат, а ў казакоў патронаў і тых вобмаль. Разбягаліся, хто куды, дамовіліся сабрацца на Воўчай выспе.
Само сабою атрымалася, што Варнак аказаўся адзін, тры ягоныя ахоўнікі палеглі, абараняючы камандзіра. Ён і сам пачуваўся, як воўк, загнаны ў пастку, кружляў па лесе, па балотах. Выратавала яго тое, што ведаў тут кожную гаць, грэблю і кладку, таму ўдалося выратавацца ад пагоні, хоць разы тры ўвальваўся ў твань і выглядаў як балотны дух, чорны ад густой тарфяной юшкі. Не ведаў, куды бегчы, дзе схавацца. Апоўначы ногі самі прынеслі да роднага жытла. Ён увайшоў у хлеў, зашыўся у сена і заснуў. Раніцай прыйшла братава жонка Ніна даіць карову, убачыла яго соннага і ўскрыкнула з пераляку. Ён расплюшчыў вочы, ліхаманкава агледзеўся, убачыў жанчыну, спытаў:
– Чужынцаў няма?
– Пакуль няма, але могуць з’явіцца ва ўсялякі момант! – зашыпела яна змяёй. – У вёску ўпаўважаныя прыехалі. Чаго цябе прынесла, Лёня? Ігнась хаваецца ад вайны ў склепе! За яго дрыжу дзень і ноч! А тут яшчэ ты!
– А я, можа, здавацца прыйшоў, – пасміхнуўся Варнак. – Кажуць, улады нейкую амністыю абяцаюць "лясным братам".
– Ідзі ды здавайся дзе-небудзь у іншым месцы, а нам тут і без цябе гора хапае.
Читать дальше