– Не бойся, дзядзька, мы цябе ў крыўду не дамо, – азваўся Варнак.
– Дзякую, на добрым слове.
У хаце засталася адна дзяўчына, яна залезла на печ і схавалася за фіранкаю.
– Гэта, дзядзька, твая дачка? – спытаў Варнак. – Мо прасватаць яе за каго з маіх хлопцаў.
– Маладая яна яшчэ, ды і не да сватання па ваенным часе. Заб’юць хлопца, а яна застанецца ні дзеўка, ні ўдава.
– Так раптам ужо і заб’юць! Нікога ў нас не забіваюць, – пасміхнуўся Варнак, – гэта гульня такая ў вайну. Мы з лесу пастрэльваем, а нас ніхто дастаць не можа, бо лес надта вялікі.
Астатнія хлопцы ў гаворкі не кідаліся, а спрытна і хутка варочалі сківіцамі, жуючы сала з храбусткімі гуркамі. Адчувалі, што ва ўсялякі момант у выпадку небяспекі вартавыя маглі спыніць вячэру. І тады давядзецца ўцякаць і зноў шукаць прытулку ў халодным лесе ці на якім закінутым хутары.
– Замяніце вартавых, – загадаў Варнак.
Два хлопцы, прыхапіўшы па скібцы хлеба, падаліся з хаты. Грукнулі дзверы – і ўсталявалася гнятлівая цішыня. Гаспадары і госці напружана нечага чакалі, існавалі ў прадчуванні нечаканага зла ці кары. За час вайны развучыліся людзі пачувацца спакойна і годна, гаспадарамі на сваёй зямлі. Нават ва ўласнай хаце не мелі надзейнай абароны і ўпэўненасці.
60
Маёр Руткоўскі з атрадам без асаблівых цяжкасцей перажыў зіму ў лясной вёсцы Заброддзе. Жаўнеры па вечарах хадзілі на вячоркі да дзяўчат, той-сёй паспеў нават на зіму прыжаніцца. Зрэдку выпраўляліся на дыверсіі ці сядзелі ў засадах на вялікіх дарогах, абстрэльвалі і забівалі савецкіх вайскоўцаў, спальвалі грузавікі. Тым і абмяжоўваліся. Аднак вясною дзейнасць Арміі Краёвай актывізавалася найперш у сувязі з тым, што пачалося перасяленне беларусаў з Беласточчыны, далучанай да Польшчы, у Савецкі Саюз. Шмат хто з праваслаўных абарыгенаў не жадаў пакідаць роднае котлішча. Між тым акаўцы абвясцілі нацыяналістычны лозунг: "Польшча – для палякаў". Руткоўскі таксама атрымаў адпаведную іструкцыю па запалохванні мясцовых беларусаў і выгнанні іх за межы Польскай дзяржавы. Вясною ён абсталяваў новую базу ў лесе, часткова выкарыстаўшы зямлянкі, пакінутыя партызанамі. Паколькі гатовага жытла ўсім не хапіла, паставілі з дзясятак палатак, так што не давялося губляць шмат часу на вырашэнне бытавых праблем. Аднак менавіта цяпер акаўцы па-сапраўднаму адчулі найвялікшае супраціўленне з боку польскіх органаў бяспекі, якім дапамагалі спецыялісты НКУС, накіраваныя на дапамогу палякам. Для правядзення аблаў выкарыстоўваліся рэгулярныя вайсковыя падраздзяленні, так што замест запланавага шырокага дзеяння супраць новай улады ў акаўцаў атрымліваліся ўцёкі і перабежкі з аднаго месца на другое. У дадатак да ўсяго давялося разбіць "абвод" на дробныя мабільныя гурты, якія пачалі распадацца, жаўнеры паціху разыходзіліся па дамоўках. Ад’ютант Руткоўскага Тадэвуш Сапранецкі таксама папрасіў даць яму адпачынак, каб наведаць маці, чым канчаткова вывеў з раўнавагі камандзіра. І той напусціўся на хлопца з абвінавачваннямі ў здрадзе, маладушшы і іншых заганах, уласцівых мамчыным сынкам, у якіх яшчэ малако на вуснах не абсохла. Аднак ад’ютант віны сваёй не адчуваў і адказаў, што ён пяты год у падполлі верна служыць Польшчы і мае поўнае права на кароткі адпачынак, таму што хата без мужчынскіх рук хутка прыходзіць у заняпад. А маці без ягонай дапамогі наўрад ці здолее справіцца з рознымі гаспадарчымі праблемамі.
Руткоўскі кінуў на Тадэвуша падазроны позірк і сказаў:
– Дзіўна, што ты столькі гадоў трываў і не прасіўся дамоў, а тут раптам табе закарцела. Ці не збіраешся ты часам прадаць мяне?
– Пан Руткоўскі, майце сумленне. Ці за ўсе гэтыя гады службы былі ў вас падставы недавяраць мне? – абурана спытаў Тадзік.
– Жаўнер можа атрымаць адпачынак толькі тады, калі ён забіты або цяжка паранены.
– Жаўнерам часам даюць адпачынак і ў тым выпадку, калі яны добра служаць.
– Дык ты лічыш, што служыш выдатна, што здзейсніў вялікі подзвіг! Паглядзіце! Новы герой Польшчы вырас пад крылом уласнага камандзіра! – здзекліва засмяяўся маёр.
– Безумоўна, я нічога яшчэ не здзейсніў, але ж вы трымалі мяне, як сабаку на ланцугу, пры сабе, не ведаю для чаго. Каб я актыўна браў удзел у аперацыях, дык мне таксама было б што ўспомніць.
– Шкадаваў я цябе, дурня малога, але больш не буду! Як гэта твая вёска называецца?
– Лазнякі…
– Дык вось табе заданне: ідзі ў свае Лазнякі, разведай, што да чаго, падрыхтуй колькі чалавек для працы сувязнымі. Пажадана, каб гэта былі дзяўчаты. Сустракацца з імі нашы жаўнеры будуць у касцёле, каб браць у іх свежую інфармацыю пра перамяшчэнне вайскоўцаў і сіл бяспекі, пра паводзіны вяскоўцаў і гэтак далей, сам ведаеш, што нас цікавіць. Дарэчы, якія людзі там у вас жывуць?
Читать дальше