А я хацеў бы так:
маральны закон нада мной
і зорнае неба ўва мне.
Выразна, нібы ціхі меладычны гук, ён пачуў нечы позірк і, перавёўшы вочы ўніз, знерухомеў. У зырка асветленым і вялікім, на палову сцяны, вакне дома насупроць, раскрыліўшы рукі для абдымкаў, стаяла Эма. Яна была абсалютна голая і нават праз вулічную прастору свяцілася і апякала жаданнем. Марцін адчуў, як жаданне ахоплівае і напаўняе гарачынёй яго самога, і, быццам загіпнатызаваны, рушыў насустрач вакну.
Ужо на тым баку вуліцы, прамінуўшы зазелянелую яблыню і амаль усутыч наблізіўшыся да вакна, ён убачыў Эму ва ўсёй суладнасці яе налітага спеласцю цела. Марцін разгледзеў, што яна не зусім аголеная: на ёй былі празрыстыя, цялеснага колеру майточкі. Крыху ніжэй за іх доўгія і стройныя, у меру поўныя ногі сціскалі чырвоную ружу, ад якой па параненым спічаком сцягне бег, сціхотна перагукаючыся з ярка падведзенымі вуснамі, пунсовы струмок.
Паводле шведскай завядзёнкі, вакно жылога дома не мела ні штор, ні фіранак. Эма стаяла на нізкім шырокім падвоканні на адлегласці далоні. Праз Марціна пракацілася новая гарачая хваля: левая Эміна смочка ўдвая пераўзыходзіла памерам правую і — падфарбаваная нечым бардовым — больш за ўсё іншае нагадвала спелую вішню.
Эма прытулілася да шкла. Марцін паволі падняў руку, дакрануўся да шкляной паверхні ў тым месцы, дзе пачынаўся струменных крыві, і здзівіўся, сустрэўшы холад.
На другім баку вуліцы, відаць, ужо даўно сігналіў таксіст. Марцін імкнуўся зазірнуць Эме ў вочы, але яна стаяла з апушчанымі павекамі. Нешта прымусіла ягоны пагляд слізгануць долу і на імгненне затрымацца на падваконні.
Нільс двойчы нецярпліва паклікаў яго, і Марцін, рэзка павярнуўшыся і ўціснуўшы голаў у плечы, пабег да таксоўкі. Ужо калі ён нырцануў на задняе сядзенне, на экране ўнутранага зроку ўспыхнула ўбачанае на драўляным падваконні. Каля Эміных ног ішла чарада белых сланоў. Белых, ды адзін… адзін з іх нечым нібыта вылучаўся сярод іншых. Марцін не адразу, але зразумеў: чорнымі біўнямі.
42
У вагон яны ўскочылі перад самым адыходам. Нільс збянтэжана або проста ад стомы маўчаў. Марцін пачуваўся дарэшты выважаным і спустошаным. Апрача ўсяго, ён дакараў сябе, што зашмат выпіў.
Забіце мяне, — закрычаў гаспадар заезнага двара, — калі гэты чортаў Ідальга не прапароў адзін з бурдзюкоў з чырвоным віном, якія вісяць у яго над ложкам…
Марцін цыкнуў на занадта дагодлівую памяць і, каб адолець ніякаватасць, прымружыў вочы ды зрабіў выгляд, што спіць.
Зусім нядаўна яшчэ такое чыстае зорнае неба зацягнула хмарамі. Праз колькі хвілінаў за вокнамі цягніка ўжо шалела навальніца. Пад яе акампанемент Марціну сапраўды ўдалося заснуць неспакойным і, як яму ўяўлялася, неглыбокім чуйным сном, хоць насамрэч яго аднесла надзвычай далёка.
43
Марціну сніліся чорныя хвалі, за якімі знікаў бераг, і незлічоныя белыя чэраўцы мёртвых вужоў. Праз гэтыя хвалі, цяжка зыбаючыся і раз-пораз чэрпаючы ваду, ішла вялізная лайба, на якой ён прэзентаваў сваю кнігу. Усе месцы займалі маўклівыя жыхары браціслаўскага тэатральнага гатэльчыка, якія выправілі наперад курдупеля Любаміра. Той знячэўку падскочыў да Марціна, выхапіў у яго з рук кнігу і пад ухвальнымі позіркамі астатніх шпурнуў яе далёка ў хвалі, увачавідкі збіраючыся скінуць з лайбы і яго самога.
Марцін прахапіўся і прагна выпіў цэлую пляшачку вады. Мусіць, ён крычаў ува сне, бо Нільс кідаў на яго дзіўнаватыя позіркі. Марцін сабраўся выбачыцца, але не сказаў і двух словаў, як выдавец бесцырымонна абарваў: І don’t understand you. [6] Не разумею (англ.)
У Нільсавых вачах жыло штосьці чужое, халоднае і жорсткае.
Выдаўца нібы кімсьці падмянілі. На вакзале ён кіўком галавы паказаў Марціну цераз пляц на гатэль і моўчкі сеў у таксі, за стырном якога сядзеў чалавек, які выдаваў у профіль на шкіпера. Марцін злавіў сябе на тым, што не хоча ў гатэль і з радасцю пераначаваў бы на вакзале, але ўрэшце ўзяў сябе ў рукі.
44
Дзяжурная, зірнуўшы ў камп’ютэр, перапрасіла за нядаўнюю пажарную трывогу і дала яму ключ-картку ў той самы нумар. На стале чакала яшчэ адно прабачэнне — зялёная ваза з чорным вінаградам — такім, які пасля «пажару» стаяў пад гатэльнымі люстэркамі. Сёння Марцін ужо дзесьці бачыў дакладна такія ж гронкі. Але дзе? Думка не пакідала ў спакоі і пакуль ён, канчаткова цверазеючы, пераступаў з нагі на нагу пад халодным душам, і потым, калі ўключыў і выключыў, натрапіўшы на фільм жахаў, тэлевізар.
Читать дальше