Дама была ва ўсім зялёным, і строі яе ўражвалі такім багаццем і вытанчанасцю, што здавалася, гэта сама зграбнасць. На левай руцэ ў яе сядзеў сокал…
Марцін спыніў памяць у яе паслужлівым цытаванні трыццатага раздзела другой кнігі «Дон Кіхота» і зручней уладкаваўся за сталом. Даму ў зялёным ён абраў для вядомага прыёму выступоўцаў, калі звяртаюцца да ўсёй аўдыторыі і ў той жа час да аднаго чалавека.
Ён адчуваў, што выбар бездакорны: жанчына ў зялёным швэдры заахвочвальна ківала і пасылала яму прыязныя ўсмешкі. Марціну раптам прымроілася, што яна падобная і да жанчын з гатэльнай карціны з трыма дзвярыма, і да яго настаўніцы інглішу ды іншых навук Тамары, якой — мільганула непамысная думка — цяпер за семдзесят. Гэтыя два падабенствы пачалі чаргавацца, і ён, адганяючы насланнё, энергічна страсянуў галавой.
Калі Марціну бракавала яго англійскай, ён паварочваўся да Нільса, і той прамаўляў колькі фразаў па-шведску. У такіх выпадках Марцін атрымліваў з другога шэрагу крэслаў дадатковыя позіркі разумення і падтрымкі.
37
Два разы Марцін заслужыў воплескі. Першы — калі заўважыў, што іх краіны насамрэч блізкія суседкі, бо ад ягонай сталіцы да іхняй бліжэй, чым ад Стакгольма да самай паўночнай кропкі Швецыі. Другі — калі паведаміў, што ў яго родным горадзе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, што пацвярджалі здымкі ў кнізе і на экране праектара, але адразу агаварыўся, што яму, Марціну, даводзілася бываць у такіх цэнтрах яшчэ ў пяці краінах.
Некалькі разоў ён абмяняўся са сваёй абранніцай у зале хуткімі ўсмешкамі. Шкада, што сёння пасля прэзентацыі яны з Нільсам ад’язджалі ў Стакгольм.
Пакуль тое, прысутных нечакана паболела: упусціўшы халодны скавыш, з’явілася і, ступаючы на дыбачках, прайшла ў канец залы пара Марцінавых ужо, можна сказаць, даўніх стакгольмскіх знаёмых. Ён мог бы прысягнуць, што жанчына з радзімкай значна памаладзела, нібы час для яе ішоў па-свойму — пятляючы і вяртаючыся назад, каб збіць кагосьці са следу. Аднак сапраўднай прычынаю гэтых метамарфозаў служыла, вядома, штучнае асвятленне. Прыбышы ўладкаваліся ў прыемным кутку поруч з чалавекам, на якога раней ён чамусьці не звярнуў увагі, што было дзіўна, бо чалавек той моцна выдаваў на браціслаўца Любаміра.
Марціна наведала пачуццё лёгкай ірэальнасці таго, што адбываецца. Яму спадабалася, што на стале па-ранейшаму роўна гарыць свечка, агеньчык якой толькі што затрымцеў пад скавышом, ды не згас. Але лішне разглядацца Марціну не выпадала, бо ягоны выступ-маналог скончыўся і распачыналіся пытанні. Цяпер ён мусіў весці дыялог найперш з іх аўтарамі, і таму зялёны швэдар на нейкі час выпаў з поля зроку.
38
Нільс вырашыў павесці ў пытаннях рэй і пацікавіўся, якой госць бачыць ролю класічнай літаратуры. Мой сябар, літаратар і мысляр, — загаварыў Марцін, — называе класіку машынай часу і, паволе ягоных слоў, знаходзіцца цяпер недзе ў эпосе Плутарха. — А вы? — Мне здаецца, я ў адным часе з вамі, хоць, здараецца, трапляю ў стагоддзе Сервантэса і Шэкспіра. Нільс тонка ўсміхнуўся. Але для мяне, — працягваў Марцін, — класіка ўсё ж нешта іншае. Бывае, што яна нагадвае, перапрашаю, захапляльны паноптыкум, і тады я з пачуццём вінаватасці думаю, што гэта, вядома, не так. Класіка — перадусім сістэма каардынат. Прычым не толькі ў літаратуры, але таксама ў прасторы і часе. І тут я ў нечым згодны са сваім сябрам…
Хтосьці нясмела паапладзіраваў. Марцін адчуў, што ўжо засумаваў па абмене паглядамі з жанчынай у зялёным швэдры.
Наступны запыт прагучаў якраз з другога шэрагу.
Пружыніста падняўшыся і паправіўшы пышныя каштанавыя валасы, красуня, што сышла з фатаграфіі, спыталася, ці вядуцца ў Марцінавай краіне эльфы, гномы, ундзіны ды іншыя істоты падобнага кшталту. Напэўна, праз складанасць назваў гэтых суседзяў чалавека пытанне прагучала па-шведску, і, пакуль Нільс перакладаў, а Марцін смакаваў яе грудны голас з уніклівымі ласкавымі ноткамі, у зале — а мо яму адно мірсцілася — запала напятае, з адценнем трывогі маўчанне.
На тэму нацыянальнага пантэона добрых, злых ці абыякавых да чалавека стварэнняў Марцін здатны быў прачытаць грунтоўную лекцыю і пабуджаны пасярод ночы. Ён абмежаваўся тым, што коратка адзначыў: яго народ тут не абдзелены, згадаў колькі імёнаў паганскіх бажкоў і з усёй магчымай сур’ёзнасцю паведаміў, што найбольш жывучымі і трывушчымі выявіліся якраз найбліжэйшыя да людзей дамавікі, лазнікі, лесавікі ды вадзянікі з русалкамі-ўндзінамі. Свой лаканічны адказ Марцін расквеціў аповедам пра родную бабулю, у якой дамавік, па яе словах, почасту прысаджваўся за стол на вячэру, лесавік жа, бывала, зладзеявата даіў казу, а ў калядныя халады без дазволу залазіў начаваць у падпечча. На такі адказ ягонай англійскай не хапіла, але, мяркуючы па смеху ў зале, Нільс справіўся з перакладам няблага.
Читать дальше