− Хто, я?
Намацаўшы ззаду шкоду, баец пачаў бурчэць і лаяцца, а лейтэнант споўз ніжай, падняўся і пайшоў уздоўж ручая па аўражыне.
Аўражына была даволі глыбокая, але хадзілі ў ёй толькі па адным баку: другі быў пад агнём. Цяпер, аднак, тут папрыціхла, напэўна, ужо ўсе пахаваліся і страляць не стала па кім. У гэтай цішыні стала чуваць, як грахаталі выбухі пад вёскай, дзе вялі бой іншыя роты палка… Па аўражнаму схілу ўніз да ручая спусціўся баец у кароценькім пакамячаным шынялі, тупнуўшы разы два пяткай валёнка, праламаў тонкі лядок і пачаў кацялком зачэрпваць ваду. Ён таксама быў незнаёмы Клімаву. Незнаёмыя цяпер наогул трапляліся ў роце часта − полк шмат дзён у баях, і старых байцоў у ім засталося мала. Ды і сам ён у гэтай роце з’явіўся нядаўна, з тыдзень назад, да гэтага быў у іншым батальёне камандзірам узвода. Боты падварочваліся на касагорыне, ісці было нязручна. Клімаў спусціўся ніжай да ручая. У аўражным беразе дзе густа, а дзе радзей, накапаным жвірам жаўцелі выдзеўбаныя за мінулую ноч ямкі-акопчыкі. Цяпер некаторыя з іх туліліся ў зямлі пустыя. Над берагам сям-там тузаўся на ветры быльнёг, і ў небе плылі-кудлычыліся шэрыя хмары. Было сцюдзёна, дзень абяцаў непагоду. Клімаў пераскочыў ручай, следам зазвінелі тонкія ільдзінкі. Тут, ля завароткі, была самая адкрытая мясціна, лейтэнант, увагнуўшы галаву, кінуўся бягом, але ў канцы не ўтрымаўся і азірнуўся на вышыню − у якім кіламетры над шэрымі рытвінамі бруствераў сноўдалі, знікалі і зноў з’яўляліся галовы ў пляскатых касках.
«Сволачы! Не баяцца», − са злосцю падумаў ён, забегшы за паваротак. Хаця, чаго ім было баяцца: боепрыпасаў у роце не хапала, ашчаджалі кожную абойму з тых, што, атрымаўшы па норме, старшына прывозіў уначы ў роту. Лацно немцам. Але хай, да пары, суцешыў сябе лейтэнант, зноў пераскочыў ручаіну. Па нейкай палеглай і вельмі гразкай траве ён перайшоў крывуліну чарговага паваротка і ў задуменні аж схамянуўся ад нечаканай сустрэчы: перад ім стаяў конь. Конь, відаць, быў прыблудны, чужы, не падобны ні на аднаго з чатырох ротных вараных абознікаў, якія, дарэчы, цяпер былі са старшыной у тылах. Спачатку Клімаў махнуў рукой, спрабуючы сагнаць яго з свайго шляху, але конь нават не адрэагаваў на гэтую спробу, толькі трошачкі прыўзняў голаў і з такім анямелым дакорам зірнуў на чалавека сваімі бліскучымі бяздоннымі вачмі, што Клімаву стала няёмка. Ён дакрануўся да яго маршчыністай шыі, натапыраная поўсць з дробнымі белымі плямкамі − слядамі даўніх памулак − зябка здрыганулася на яго хрыбце, конь зрабіў спробу пераступіць, кульгануў і зараз жа падабраў пад сябе заднюю нагу. Пасля ён працяжна, трудна ўздыхнуў. Стараючыся болей не патрывожыць жывёліну, Клімаў праціснуўся па сцяжыне ля яе боку і, прайшоўшы яшчэ крыху, палез угору, дзе перад гэтай няўдалай атакай пакінуў свой КП з тэлефонам да камандзіра палка.
За ўвесь час адсутнасці камандзіра роты на яго імправізаваным КП у глыбачэзнай старой варонцы на краі рова гаспадарыў тэлефаніст Тарасікаў. Ні наступленне, ні абарона, ні паспяховыя ці няўдалыя атакі − нішто, здавалася, не датычыла гэтага хлопца, які ведаў адзіны свой на вайне клопат, − сувязь. Што б там ні адбывалася навакол, ён, кавалкам бінта прывязаўшы да вуха трубку, карпеў над старэнькім УНФ, слухаючы і баючыся толькі за свой даўжэзны, безліч разоў ірваны і вязаны-перавязаны провад. Крыху вышэй за яго на апарожненай жалезнай шпульцы сядзеў ягоны напарнік − маўклівы з рабым тварам сувязіст, перад наступленнем прысланы да аўтаматчыкаў з роты сувязі.
Абрушваючы з берагоў варонкі падмерзлую зямлю, Клімаў ссунуўся ў яе дно на тоўстую заследжаную льдзіну. Тарасікаў як рупны падначалены пры з’яўленні начальства неяк няўлоўна падабраўся нутром, прыўзняўся, прыўстаў на каленях і крануў ручку апарата.
− Як сувязь? − прывычна кінуў Клімаў, і Тарасікаў з бадзёрай гатоўнасцю, тонам, у якім чулася трошкі выхвальнае «а як жа іначай», падхапіў:
− Ёсць, таварыш лейтэнант, − і, стрэльнуўшы на камандзіра прыгожымі выразнымі вачмі выхаванага, чуйнага хлопца, дадаў: − Тут вас дваццаць першы пытаўся.
− Даўно?
− Хвілін дзесяць.
Клімаў даўлянуў на шчоках жаўлакі і, укленчыўшы на адно калена, пад адтапыранае вуха шапкі сунуў канец трубкі. Пакуль у трубцы шчоўкалі кантакты пераключэнняў, Клімава абдало духмяным араматам махоркі, ён ускінуў голаў і моўчкі працягнуў руку да сувязіста. Той паспешліва адкусіў канец недакурка, выплюнуў яго. Клімаў зручней сеў ля апарата: са дзве зацяжкі калі не зусім супакоілі яго, дык усё ж пасобілі сабрацца перад непрыемнай размовай.
Читать дальше