«Як жа так?. Як жа так?. От, праклятая шпокаўка! Адкуль яна ўзялася?» − праз горыч, боль і адчай стукала ў яго галаве неадчэпная думка ўвесь гэты час неспадзяваных ганебных уцёкаў ад вышыні ўніз, туды, у выратоўчыя рытвіны аўражыны, з якой гадзіну назад ён павёў людзей у атаку.
Ён ужо не спрабаваў падганяць байцоў, перастаў падаваць каманды − яго сарваны прастуджаны голас толькі сіпеў, без следу патанаючы ў грымотнай ліхаманцы бою. І Клімаў бег перад усімі, ведаючы, што толькі так можна не даць роце легчы, і раз за разам пазіраючы то ў адзін, то ў другі бок, дзе лупцавалі мерзлую, голую ад снегу зямлю злыя чорныя чэргі гэтай праклятай аўтаматычнай тарахцелкі.
Распырскаўшы абцасамі лёд у вымерзлай да дна лужыне, ён пераскочыў дарогу, пераскочыў канаву з пыльнай ссохлай травой.
Траншэя была ўжо зусім блізка, праз якіх дваццаць крокаў, калі агністыя калючыя клубкі разрываў падкаціліся амаль пад самыя ногі камандзіра роты. Асколкі ірванулі перапэцканыя полы паўшубка, бы дубцом сцебанулі па кірзавых халявах ягоных ботаў. Клімаў упаў ужо каторы раз за гэты сакавіцкі ранак − з усяго маху, як бег, і збітыя да крыві калені адразу апёк боль. Але ён адразу зразумеў[: ] гэта не рана, гэта аб зямлю. Лейтэнант ускінуў галаву − у траншэі, прыгнуўшыся, беглі кудысьці зялёныя каскі, на брустверы, калюча бліскаючы агеньчыкам, сек аўтамат, яго кулі пырскалі ў вочы лейтэнанта пяском[;] ротны ўскінуў пісталет і торапка стрэліў туды тры разы. Побач торапка ўдарыў з аўтамата Косця. Заскарузлым рукавом лейтэнант выцер потны, запырсканы зямлёй твар. Чарга тым часам з гулкім трэскатам па ўмерзлым у зямлю леташнім іржэўніку кацілася далей, можна было ўскочыць. Яшчэ дваццаць шалёных імпэтных крокаў-скачкоў па адхоне − і ён узляцеў на бруствер, стрэліў перад сабой у чорную шчыліну траншэі і кульнуўся туды. Адразу перад ім, здаецца, іншыя, хто мог, ужо ўсе паўбягалі ў гэтае глыбока і шырока разварочанае прыродай сховішча і туліліся да яго голага, падзёўбанага напярэдадні мінамі берага, хаваючы ад куль і асколкаў галовы. Тарахцелка збавіла імпэт і, нібы задумваючыся, з перапынкамі біла па самым краі, часам з пералётамі, і тады траскотныя яе дваццацімілімятровыя снарады ірваліся ззаду, на другім баку аўражыны, між глеістых прамоін і гразкіх шэрых плям апошняга снегу.
«Адкуль жа яна ўзялася за ноч? Няўжо свежыя сілы?» − думаў ротны, стуліўшы за абрывам галаву. Сэрца яго шалёна гоцала ў грудзях, гарката стомы распірала лёгкія, у скронях з натужным звонам таўклася кроў. Ён выцягся на цвёрдым гліністым касагоры, з хвіліну аддыхваўся, затым, павярнуўшыся на бок, запіхаў у кірзавы кабур свой з драўлянай рукаяткай «ТТ». Пасля выглянуў на схіл пад вышыню, якая трохі ўжо суняла свой кулямётны вэрхал. Мацней за іншыя тачыла трывога за ардынарца Віцю Прахарэнку: ад самай дарогі ён згубіў яго. Але на схіле нікога жывога ўжо не відаць было, толькі там-сям бугрыліся шэрыя суконныя камякі забітых аўтаматчыкаў ды ля дарогі, наўскасяк перарэзаўшай схіл, з абвіслымі парванымі правадамі стаялі пасечаныя асколкамі слупы тэлефоннай лініі.
«І Смірнова не відно. І Пашы. Колькі ж засталося?»
Ён павярнуўся на другі бок − амаль побач на аўражным схіле, уткнуўшы твар у рукавы, ніцма ляжаў баец. З яго ўшчэнт пасечанага кулямі рэчмяшка выцягнуўся брудны вафельны рушнік, канец якога матляўся ад ветру на нерухомай спіне. Клімаў падцягнуўся і разы два штурхнуў ботам у чорную заскарузлую падэшву валёнка.
− Эй ты! Жывы?
Баец сапраўды варухнуўся, падняў на камандзіра змораны, зашчацінены, ужо зусім не малады твар.
− Паранены?
− А хто яго… ведае. Не, здаецца. Замарыўся… От жа нарабіў гад… Каб на яго халера…
Баец заварушыўся, стомлена сеў, палез у кішэнь па курыва. Клімаў яго не ведаў (мабыць, ён быў з апошняга папаўнення, якое рота атрымала тры дні назад) і падумаў, што чалавеку для пачатку пашанціла нямала: куль з дзесяць, не меней, прайшло, не зачапіўшы, над самай яго патыліцай.
− Што ж гэта будзе цяпер, га, лейтэнант? Столькі пабіла! На фарміроўку адвядуць ці як?
− Ага, чакай.
− Няўжо ж пакінуць яшчэ?
Чуйна прыслухоўваючыся да таго, што рабілася наверсе, і раскручваючы чырвоную нямецкую маслёнку-партабак, ён з непрыкрытай трывогай глядзеў на камандзіра роты. Занепакоены сваім, Клімаў адной уцалелай рукавіцай збіў пыл з рассечанага асколкам бота.
− Тваё як прозвішча? − запытаў ён.
− Маё? Ды прозвішча такое… Дзеўкін.
− Доўга жыць будзеш, Дзеўкін. Азірніся.
Читать дальше