У Картагенскiм археалягiчным парку ты ўвачавiдкi пераканаесься, што вядомая пастанова рымскага сэнату аб разбурэньнi гораду-супернiка пасьпяхова выкананая. Але час адпомсьціў і пераможцам: сёньня сярод абломкаў пунiчнай i рымскай цывiлiзацыяў за сьнежна-белым мурам хаваецца прысадзiстая рэзыдэнцыя Бэн Алі, што ў перакладзе значыць проста сын Алі, а па-нашаму Саша.
Разьвеяцца ад аналёгіяў ты здолееш адвячоркам у гарадку мастакоў i рамесьнiкаў Сыдзi Бу Саiдзе, чый рэльеф адразу ўваскрашае ў памяцi «наш» Гурзуф. Тут, як амаль ва ўсiм Тунiсе, непадзельна пануюць два колеры: белы i блакiтны. Белы — сьцены, блакiтны — дзьверы, вокны, каваныя агароджы гаўбцоў i тэрасаў. Белы ў гэтых шыротах не патрабуе тлумачэньняў. Але выяўляецца, што i блакiтны — не данiна эстэтыцы, а жыцьцёвая неабходнасьць, бо празь сiнi колер, як сьцьвярджае твой праваднiк Самiр, не праляцiць нiводзiн камар. Гэты сакрэт быў вядомы яшчэ картагенцам, якiя мелi, трэба прызнаць, досыць спэцыфiчную культуру: пакінулi выдатныя агранамiчныя і астранамічныя трактаты, але нейкiм чынам «забылiся» пра мастацкую лiтаратуру, што, на твой погляд, прычынiлася i да паразы ў Пунiчных войнах, i да зьнiкненьня ў IV ст. нашае эры самой картагенскай, дакладней, пунiйскае мовы.
Белае i блакiтнае. Выключэньне — мусульманскiя гарады мёртвых. Тых, каго загортваюць у тканiну i кладуць у зямлю на правы бок тварам да Мэккi, камары даймаюць значна меней.
Пасьля вячэры ў бэрбэрыйскай вёсцы, дзе пажылы стомлены вярблюд цягае ў скураным мяху ваду з студнi, дзе жанчыны апранаюцца ў чырвонае i замест танца жывата выконваюць нацыянальны танец клубоў, а мужчыны здатныя танчыць з драбiнамi ў зубах альбо зь пiрамiдаю пiўных бутэлек на галаве (адзін зь іх у перапынку паміж танцамі прапаноўвае табе жанчыну за 50 даляраў), дзе ў неабмежаванай колькасьцi падаюць нядрэннае ружовае вiно «Бахус» i нясмачны тунiсiйскi «кус-кус» — кашу з чырвоным соўсам, у якую дадаюць рыбу, мяса, гароднiну i, вiдаць, усё, што заманецца, пасьля ўсёй гэтай экзотыкi дома, у Сусе, захочацца трошкi Эўропы, i ты выправiсься ў дыскатэку з падазронаю назваю «Самара» (зрэшты, гэтаксама завецца i твой гатэль) i там пазнаёмiсься з танклявай хімічнай бляндынкай, зь якой паспрабуеш гаварыць па-ангельску, але высьветлiш, што яе завуць не Элiзабэт i ня Мэрылiн, а — Іра, i пад мэлёдыю «Калiфорнii» ты расчаравана пяройдзеш на расейскую, але пад раніцу, тым ня менш, прысьнiш прыгожы сон пра цырк i бялявую канатаходку, што ідзе на страшэннай высачынi, трымаючы ў вуснах дзеля раўнавагi чырвоную ружу.
Параўнаўча з папярэднiм наступны дзень будзе выглядаць пустым, як перакуленая яшчэ да нараджэньня Хрыстовага амфара.
На пляжы ты падставiш зiмоваму тунiсiйскаму сонцу твар i, заплюшчыўшы вочы, лёгка ўявiш сябе на лiпеньскай Нарачы, куды панаехала раптам немцаў i палякаў. А рэшту дня будзеш бадзяцца па крамах i крамках, яшчэ не падазраючы, што твае гаспадары зусiм не выпадкова заплянавалi перад экспэдыцыяй у Сахару адзiн-адзiны пункт праграмы — турэцкую лазьню.
У яе ты і павiнен прыйсьцi якраз такi — пазбаўлены сьвежых уражаньняў i стамлёны цяглiва доўгiм днём. I тады там, у клубах густой i духмянай iмбiрна-гвазьдзiковае пары, уладкаваўшыся каля ружовага мармуровага фантанчыка на бледна-блакiтным лежаку, якi раз-пораз палiваюць гарачай вадою зь меднае балеi, ты пачуеш у сваёй крывi ўнiклiвы голас салодкае атруты Ўсходу. Атруты, якая калiсьцi спакваля трапiла ў жылы расейскiх маракоў iмпэратарскага флёту, што ў 1920-м засталiся на гэтым узьбярэжжы i пабудавалi ў Тунiсе i Бiзэрце праваслаўныя храмы. Каля аднаго зь iх ты сустрэў учора красуню ў шчыгульных белых джынсах, у аблiччы якой суладна зьлiлiся славянскiя i ўсходнiя рысы; яна вяла да царквы ярка-рудога хлопчыка ў матросцы i за штосьцi ўшчувала яго па-арабску.
Атрыманыя ад Самiра на самым пачатку сафары iнструкцыi табе будзе цяжкавата назваць натхняльнымi. У цябе наперадзе ноч у пастаўленым проста на пяску двухмясцовым намёце. На ўваходзе ў яго нiхто не зьбiраецца разглядваць твой пашпарт i змагацца за высокую маральнасьць, але — няма ў прыродзе дасканаласьцi — усе выгоды такога начлегу перакрэсьлiваюцца настойлiвай парадаю: пасьля заходу сонца трымацца як мага блiжэй не да каго-небудзь яшчэ, а да вярблюдаў, бо пах iхняе мачы дзейнiчае на сахарскiх зьмеяў i скарпiёнаў прыкладна так, як вянок часныку на тваiх родных эўрапейскiх вампiраў. Ты пякуча зайздросьцiш Самiру: ён у кашабii — белай сьвiтцы зь вярблюджае воўны, што напэўна як сьлед вымачылi ў згаданым вышэй сродку, а на табе ўсяго толькi небясьпечныя белыя штаны з бавоўны.
Читать дальше