— Наша горніца з Богам ня спорніца! — з дурным гонарам вясёла казаў ён пра сваю хаціну-развалюху, дзе адно на печы маглі сагрэцца ягоныя вечна галодныя дзеці.
Мамін брат дзядзька Язэп шмат разоў, выпіўшы дзеля сьмеласьці гарэлкі, браў уначы паляўнічую стрэльбу ды ішоў помсьціцца за бацьку. Бабуля Аўгіньня й мама зь сёстрамі, галосячы, як па нябожчыку, беглі за дзядзькам да Цыбулькавае развалюхі. Ейны гаспадар сьпярша выпускаў на падворак усіх сваіх васьмярых дзяцей, потым жонку, потым выходзіў у споднім сам, і дзядзька Язэп, заплакаўшы ад бясьсільля, паварочваў дахаты.
— Усё адно заб’ю! — крычаў ён.
— Няхай, сынок, яго Бог уваб’е, — хрысьцячыся, казала бабуля Аўгіньня.
Бог не сьпяшаўся, і Цыбулька пераваліў за дзевяць дзясяткаў. Аднойчы, калі я зь вясковаю блазнотаю тоўкся каля крамы, дзе вечна выпівалі й пра штосьці спрачаліся капысіцкія мужчыны, сівенькі падпіты дзядок з чырвонымі сьлязьлівымі вачыма паклікаў мяне пальцам, завёў у краму і купіў грамаў трыста зьліплых у суцэльны камяк ірысак. Зьмеціўшы такі манэўр, адзін з падкрамных апівудаў сурова сказаў мне:
— Выкінь цукеркі! Ён твайго дзеда прадаў!
У тым вяку «прадаць дзеда» значыла прыкладна тое самае, што й «прадаць мяне» — малодшая сястра штодня рабіла гэта, паведамляючы бабулі пра кожны мой вылаз у суседчыны вішні або трускаўкі. Адбегшыся ад крамы, я з смакам зьеў падораныя ірыскі, ня чуючы да сівога дзядка анічога, апрача ўдзячнасьці. Падумаеш, прадаў нейкага там ніколі ня бачанага дзеда!..
Трое капысічанаў, што, не паслухаўшыся дзеда Максіма, схаваліся ад роднае ўлады ў лесе, памарозіліся, але засталіся жывыя. Адзін потым не вярнуўся з вайны, другі ўжо даўно перасяліўся на пагост пад старыя бярэзіны, а з трэцім у апошнія пагасьціны на мамінай радзіме мы выпілі пляшку гарэлкі.
— Не паслухаўся нас, Воўка, твой дзед, — казаў ён, — а то б цяпер з намі чарачку ўзяць мог. Здаровы быў Дзянісавіч, як гэты, каб яго халера, рускі багатыр Ільля Мурамец. Неяк на станцыі рэйку да грудзей падняў...
Ад маці бабы Аўгіньні — маёй прабабкі Пёклы — засталося толькі гэтае імя, амаль зраўнаваны зь зямлёю грудок на кладах і згадка пра тое, што прабабка страшэнна не любіла жоўтых кветак. Затое, хоць і страціўшы ўжо сваё імя, трывала ўвайшла ў няпісаныя дагэтуль аналы нашага роду ейная маці — мая бабка зь дзьвюма прыстаўкамі «пра».
Паводле маіх падлікаў, тое лета, у якое пры лесе каля капысіцкіх могілак стаяў цыганскі табар, было яшчэ за першым, царскім, прыгонам.
Цыганяты займаліся экспрапрыяцыяй садавіны і яек. Цыганкі хадзілі па хатах, варажылі па руцэ і на картах, паказвалі розныя штукі: напрыклад, налівалі ў шклянку вады, перакульвалі яе на далонь, і вада ня толькі не вылівалася, але хутка пачынала кіпець — за гэта гледачы мусілі разьлічыцца кавалкам сала. Бывалі выпадкі, калі заварожаныя гаспадары выносілі смуглявым гасьцям цэлыя кублы, шасткі з кілбасамі або рэшаты яек. Цыганы ж мужчыны, удзень ня грэбуючы штукарствам, дачакаўшыся свайго цыганскага сонца, чынна скарачалі ў навакольлі конскае пагалоўе. Адзін зь іх сярод гэтых клопатаў і атрымаў ад прапрабабкі нешта больш істотнае, чым рэшата яек.
Кажуць, у такіх выпадках гены наймацней праяўляюцца празь некалькі пакаленьняў. Баюся, што гэта праўда. Калі сустракаю цыганоў, душа мая трывожна і ўадначас соладка сьціскаецца, і я нібыта чую ў ёй звон крышталёвых келіхаў. Раз-пораз кроў майго безыменнага чарнявага продка ўладна змушае мяне забыцца пра найпільнейшыя турботы і зьехаць на колькі дзён проста ў сьвет — начаваць у гатэлях і на вакзалах, ці, прынамсі, ад’ехацца на спадарожнай машыне на паўсотні кілямэтраў ад гораду і, закінуўшы рукі за галаву, да ночы ляжаць недзе пад стогам, сочачы аблокі.
У мяне нядобрае вока: варта мне пільна паглядзець на чалавека, як ён — асабліва, калі гэта жанчына, — спатыкаецца. Цыганкі ніколі не бяруць зь мяне грошай за варажбу. Што да іхніх прароцтваў, дык, апрача ўсяго іншага, яны, нібы змовіўшыся, абяцаюць мне нейкую «наглую» сьмерць.
Цыганкаю была й тая юная, кучаравая і ўмелая істота, якая зрабіла мяне мужчынам.
Калі я бачу сучасны табар: пасьцеленыя паміж вакзальных лавак коўдры, мурзатых дзяцей, маладзёнаў, што проста ў прыцемным кутку могуць адважна маркітавацца, мяне часам перасмыквае, але насуперак усяму вусны ўсё адно шэпчуць немаведама калі і як запалыя ў памяць словы «Лачо дывэс тумэн, гэ ромалэ! — Шчасьлівай дарогі вам, цыганы!..»
Читать дальше