Рой памарудзіў з адказам, затым усміхнуўся. Здавалася, што зараз ён зарагоча. Зел Сен-Клэр глядзеў на роя гарачымі вачамі кельта, ён асуджаў гэтую нямую сцэну, у якой вытрымка задушыла ў гэтых англасаксаў і гумар і запал. Як паляўнічы, хоць зараз і пазбаўлены права паляваць, Зел дастаткова выразна разумеў сітуацыю, каб не ўмешвацца ў гульню Роя, але гэта каштавала яму шмат намаганняў. Пра сетку Рой больш нічога не сказаў: ні прабачэння, ні жарту. Відаць, ён зразумеў нарэшце, што гэта за людзі, і хутка пачуўся яго гучны смех, а затым зарагатаў і бландзін Ласон. Нават Бэрк усміхнуўся, распраўляючыся з бабром, і вочы ягоныя заблішчалі ад вострага адчування задавальнення.
— А чым вы, уласна, займаецеся? — спытаў Рой.
Ён назіраў, як Бэрк, седзячы на парозе, абдзіраў і абскрэбваў бабра, быццам сапраўдны паляўнічы. Ласон усё яшчэ не ўставаў з падлогі: седзячы ля печы, ён моцнымі ўдарамі рассякаў акуня, мерыў яго асобныя часткі, пасля выпатрашыў, страўнік паклаў у слоік. Гэтыя людзі ведалі сваю справу, і гэта падкупляла Роя.
— Мы проста блукаем па розных мясцінах і глядзім, як жывецца дзічыне і рыбе, — сказаў Бэрк. — Ласон іхтыёлаг. — Бэрк паказаў цераз плячо сточаным паляўнічым нажом. Адначасна ён зірнуў на Роя, каб пераканацца, ці спадабалася яму гэтае слова, і Рой зразумеў, што яно якраз яму і прызначана.
— Ён спецыяліст па рыбе, — патлумачыў Бэрк.
— А вы? — спытаў Рой.
— А я заолаг, — сказаў Бэрк.
— Значыць, спецыяліст па дзічыне?
— Вы маеце рацыю.
— А што вы робіце тут у Муск-о-гі? — спытаў Зел Сен-Клэр.
— Глядзім, як тут жывецца рыбе і дзічыне, — паўтарыў Бэрк.
Ласон зірнуў на Сен-Клэра і зразумеў, што трэба супакоіць і француза.
— Вам, сябры, няма чаго баяцца, — сказаў ён. — Мы на самай справе не маем нічога агульнага з інспектарам.
— Вы ангелец? — спытаў Рой у Ласона.
— Нібыта напаўангелец, — адказаў бладзін.
Яго гаворка толькі часткова нагадвала ангельскую, і, як мог зразумець Рой, у астатнім ён размаўляў як канадзец. Ён значна адрозніваўся ад свайго старэйшага спадарожніка. Ва ўсім, што Бэрк назіраў збоку, Ласон прымаў актыўны ўдзел. Бэрк усё ведаў, але Рой здагадваўся, што Ласон здольны ўсё адчуваць. І знешнасцю, і ўчынкамі Ласон паказваў, што яму падабаецца жыць, і за гэта Рой прымаў яго, як прымаў яго адкрыты хлапчуковы смех. У нечым гэты смех быў нават празмерны. Бэрк быў не надта схільны смяяцца, ён хутчэй смяшыў іншых, нечаму ўсміхаўся цішком. Гэта быў чалавек, які выклікаў захапленне, і Рой бачыў, што малодшы спадарожнік аддаваў яму належнае.
— Ну вось, з гэтым усё, — сказаў Бэрк і кінуў кавалкі бабровага філе ў рондаль. — Зараз возьмемся за пацука.
У справу пайшло ўсё: андатра, заяц, курапатка, акунь і апошняй — маленькая чырвоная вавёрка. Ён выбіраў толькі лепшыя кавалкі, але і так рондаль быў поўны мяса і прыправы з цэлых бульбін, цыбулін, морквы і жменькі пахучай травы.
— А смажаніна будзе тлустая, — сказаў Рой.
— Трэба ж нагульваць тлушч на зіму, — сказаў Бэрк, ляскаючы сабе па жываце.
Гэтак сказаць мог бы і сам Рой, і гэта яшчэ павялічыла яго давер. Але ўсё адно ён не мог даўмецца, чаго яны ад яго хочуць? Дзесьці ўнутры ўсё яшчэ жыло сумненне, хоць яны яму і падабаліся, і ён шукаў адгадку: чаго яны хочуць.
Ён так і не знайшоў адказу аж да таго часу, калі дзверы хаціны адчыніліся і з цемры ў яе зайшоў Джэк Бэртан. Ён быў зацярушаны свежым снегам, яго худыя шчокі палалі чырванню і распухлі, ён аж згінаўся пад цяжарам сваіх рэчаў і рэчаў Роя.
— Фермер Джэк усё ж прабіў сцежку.
— Гэта твой цюк прабіў мне спіну, — сказаў Джэк.
— Узяў таго лася? — спытаў Рой.
— Не. — Джэк зірнуў на незнаёмцаў, але прамое пытанне Роя адразу ўнесла атмасферу даверу. Уласна, Бэртану не было чаго хавацца, у яго быў дазвол на адстрэл лася і аленяў. — Заўтра я яго абавязкова вазьму, — сказаў Джэк Рою. — Лось адбіўся ад чарады на верхняй пашы. Там я заўважыў і аленя.
Госці слухалі, але маўчалі.
Рой сказаў:
— Гэта спецыялісты па дзічыне і рыбе, Джэк.
Ён прамовіў гэта, каб падвесяліць Бэрка. Гэта тлумачыла іхняе з'яўленне для Джэка, але, замест таго, каб увязацца ў далейшую гульню з Бэркам, Рой раптам замаркоціўся. Джэк адчуў гэтую раптоўную перамену настрою Роя і здзівіўся. Ён не здагадваўся, што глыбока ў душы Рой па-ранейшаму турбаваўся пра Эндзі і Сэма, пра Сент-Элен і пра Джыні. Зараз гэтая турбота стала прыкметнай. Быццам гэта Джэк прынёс яе з сабой і быццам сам Эндзі з'явіўся разам з Джэкам. Прыход незнаёмых людзей часова адагнаў гэтую турботу, але Джэк спалохаў яго дыханнем Сент-Элена.
Читать дальше