— Памаўчы! — абарваў яе Ласіца, мацаючы мяхі, раздумваючы, загадаць ёй скінуць іх або не губляць на гэта часу. Ён ведаў Тэйкава, маленькую вёсачку пры шашы, прыкладна пасярэдзіне паміж горадам і месцам, дзе яны цяпер стаялі.
— Так, — сказаў ён. — Паедзеш, як і ехала, лесам. Гоніш як мага, — і, не чакаючы адказу, са стогнам уваліўся ў задок, пачаў зручней уладкоўвацца сярод мяхоў.
— Ды ты чё, салдат? — жанчына ўсё не магла дапяць, што ж адбываецца.
— Ясна табе?! — крыкнуў Ласіца і раптам ускінуў аўтамат і націснуў на курок.:
Куля весела ціўкнула ў вершаліне блізкай хвоі, зразаючы лапкі, збіваючы ігліцу. Ахнула жанчына, ірвануў з месца спалоханы конь. Сыры, густы лес прыглушыў стрэл, адразу растварыў яго сярод іншых сваіх гукаў. Жанчына не азіралася. Воз трэсла, калывала з боку ў бок. Ласіца ўсё ніяк не мог уладкаваць нагу, яна балела і не давала думаць. Праклятая нага! Ён расшпіліў на два верхнія гузікі шынель, пацёр мокрую, гарачую шыю пад гімнасцёркаю. Хацелася піць, аж язык зашэрх. Яго, канечне, спахапіліся ўжо, шукаюць каля складоў… Нічога, шукайце. Вось дабярэцца да Тэйкава, там будзе ў каго-небудзь матацыкл ці машына… А можа, гэтай падводай дабірацца да горада? Можа, так яшчэ лепш?..
— У цябе дзеці малыя ёсць? — спытаў ён.
Не азіраючыся, жанчына ўсхліпнула:
— Няма ў мяне! Ні мужа, ні дзяцей, адна!
— Баішся смерці?
— Баюся, сынок!
— Чаго ж баішся, калі няма нікога?
— Таму і баюся! Бо і не жыла яшчэ! Адпусці!.. — узмалілася яна.
— А ты хоць здагадваешся, хто я?
— Ох, здагадваюся, сынок!..
— Прыедзем у горад — адпушчу. Не бойся.
— Як… у горад?! — аж ускінулася яна. — Сынок, салдацік, паглядзі, конь мокры ўвесь, авёс жа…
— Памаўчы! — прыкрыкнуў ён. Потым дадаў: — Мне ўсё адно канец.
Яны ехалі доўга. Было відаць, як па шашы зрэдчас то ў горад, то з горада праносяцца светлыя плямы машын. Вакол быў усё той жа хваёвы густы лес; Ласіца ведаў, што ён не скончыцца да самага горада. Хоць гэта крыху супакойвала. Ехалі моўчкі. Ласіца хацеў паглядзець, каторая цяпер гадзіна, але паленаваўся. Якая розніца… Гімнасцёрка на шыі і на грудзях па-ранейшаму была мокрая ад поту; шыі і грудзям было горача, а спіне — холадна. Час ад часу яго праціналі дрыжыкі. Ён ляжаў бокам на мяккім мяху, воз гайдала, ледзь чутна скрыпелі колы, конь аднастайна чвякаў капытамі. Пахла мукою, аўсом, лесам, вёскаю… Ласіца ледзь не задрамаў.
Ён пачаў варушыць нагою, каб балела і не давала драмаць. Не, кепска так… Ён хацеў загадаць: «Падгані каня!» — і зноў паленаваўся. Жанчына сядзіць, не варушыцца, не азіраецца… Баіцца. Правільна, яго трэба баяцца. Маці нагнулася над ім… Якая маці?!
Ён уздрыгнуў, агледзеўся — усё тое ж вакол: лес, рып колаў, спіна ўперадзе… Бацька едзе на луг касіць, новенькая каса ляжыць упоперак воза, ён, малы Алёша, сядзіць разам з маткаю ззаду… Адкляпанае вострае лязо блішчыць зусім блізка, адбівае сонца, і ён усё баіцца парэзацца, баіцца касы, прыціскаецца да маці… Вось бацька паварочваецца да іх, смяецца радасна, і яму, Лёшу, таксама робіцца спакойна і радасна, толькі хочацца, каб бацька здагадаўся і прыбраў далей касу… А той ніяк не здагадваецца, толькі ўсё смяецца, падсоўваецца бліжэй і ўсё гаворыць, гаворыць штось доўга, і так, што не разабраць ніводнага слова…
Ласіца ачомаўся ад цішыні — колы больш не рыпелі — і адразу схапіўся за аўтамат. Воз стаяў каля нейкай цёмнай хаты, воддаль сям-там свяціліся агні іншых хат. Жанчына сядзела ў перадку, не варушачыся, і глядзела на яго. Ён зразумеў, што яны ў вёсцы; пакуль ён спаў, жанчына пад’ехала да сваёй хаты, непадалёк ад шашы, і стаяла, чакала… Забыўшы пра нагу, Лісіцкі, каб саскочыць з воза, зрабіў на яе ўпор — і ўскрыкнуў; нага аж хруснула, аж пачуў, як церануліся адна аб адну абломкі костачак там, усярэдзіне… Зноў зрабілася млосна, як тады, на дарозе. Ён са стогнам пераваліўся цераз драбіны, паспрабаваў стаць і тут жа, каля воза, лёг на зямлю.
Жанчына моўчкі глядзела на яго. Ён ледзь не сказаў, ці можна ўрача, і схамянуўся. Урача!.. І раптам увесь план яго падаўся яму кашмарам, вар’яцтвам. На што ён спадзявася?! Ну, а калі б нават не нага?! Ах, як бязглузда, непатрэбна ўсё!.. Праклятая хвароба!.. Жанчына злезла з воза і асцярожна наблізілася да яго.
— Я зламаў нагу, — сказаў ён, выціраючы рукавом шыняля нос і шчокі.
У цёплай каравулцы тры «духі» мылі падлогу: двое намыльвалі шчоткамі, трэці сцягваў анучай ваду. Яшчэ двое сядзелі побач за сталом, унурыўшыся ў кніжкі статута. За суседнім сталом сяржант Болтус з разводным старой змены гулялі ў шашкі. Праз нізенькае акенца ў дзвярах насупраць было відаць, як спіць начальнік каравула, — проста за сталом, у фуражцы, паклаўшы галаву на рукі. На адным з тапчаноў ляжаў, укруціўшыся з галавою ў шынель, адвярнуўшыся да сцяны, салдат старой змены. На другім сядзеў «дзед» Дзямідаў і не даваў маладым вучыць статут.
Читать дальше